Развагі пра (раз)мову

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

“Беларускі Шастаковіч”, — так сказалі пра Дзмітрыя Смольскага, калі вылучалі яго на адну з прэстыжных міжнародных прэмій. І хаця правільней было б казаць “спадкаемец Шастаковіча”, гэтае азначэнне найлепшым чынам вызначае не столькі стыль кампазітара, народнага артыста Беларусі, колькі маштабы ягонага ўнёску ў нацыянальную музычную спадчыну. 15-я сімфонія, прэм’ера якой адкрыла 38-ы Міжнародны фестываль мастацтваў “Беларуская музычная восень”, — чарговае таму пацвярджэнне.

Гэты твор чакалі ўсе. Хтосьці — літаральна “са слязьмі на вачах”, хтосьці — з непрыхаванай іроніяй і нават сарказмам: маўляў, колькі можна? Усё піша ды піша, а мы яшчэ 14-ю, са зваротамі да Чайкоўскага, не паспелі як след асэнсаваць. І чаго гэта Смольскага ўсё граюць ды граюць, а іншых — не?

Што ж, так яно і ёсць: граюць, таму што ён піша. Сапраўдны прафесіяналізм — рыса, якой, прабачце, пазбавіцца немагчыма. Хіба змяніць сапраўдны — на ўяўны, што майстра ніколі сабе не дазволіць. Але ж многія і сапраўды чакалі гэты твор з непакоем і асцярогай. Бо ледзь толькі музыканты пазнаёміліся з нотамі, як заўважылі ў іх наўмысна ўжытыя абрысы песень савецкай эпохі. І сярод іх — інтанацыі гімна СССР. А што, калі публіка не так зразумее? І будучая прэм’ера пайшла абрастаць чуткамі ды плёткамі… Калі ж сімфонія, нарэшце, прагучала, той, хто ішоў у філармонію стаць сведкай скандалу, застаўся разгублены: маўляў, дзе ж “абяцанае”? А яго і не было. Бо ў Смольскага на першым плане заўсёды застаецца менавіта музычная ідэя, выказаная на музычнай мове, якая і ўзнімае безліч трактовак, нададзеных ёй выканаўцамі і слухачамі. І чарговая 15-я сімфонія, колькі ні гаварылі б пра асэнсаванне ў ёй кампазітарам савецкай эпохі, сталася, найперш, своеасаблівым даследаваннем этымалогіі тагачаснай музычнай лексікі, імкненнем выявіць у ёй агульначалавечыя, “вечныя”, пазачасавыя элементы і — часовыя, выкліканыя пэўнай ідэалогіяй.

Ці ж не пра гэта — усе сімфоніі майстра? Калі ў сучасным мастацтве постмадэрна ідзе пераасэнсаванне тэкстаў, дык Смольскі наноў асэнсоўвае ўнутраны змест саміх інтанацый. Таму ягоныя сімфоніі — заўсёды размова: салістаў з аркестрам, кампазітара са слухачамі. Размова — самае ёмістае для яго творчасці слова яшчэ і таму, што ў ім схавана патаемная канструкцыя: раз — мова. Два — мова. І тры — таксама.

Вось чаму ён так любіць выкарыстоўваць цытаты, “гуляючы” з іх напаўненнем: у іх — ключык не толькі да кідкіх знешніх зместавых пластоў, але і да ўнутраных асацыятыўных шэрагаў, у кожнага — сваіх. Такі прыём у яго творчасці можа ўспрымацца як працяг традыцый не адно Альфрэда Шнітке, але і… беларускай сімфанічнай музыкі даваенных часоў, пабудаванай па прынцыпе: пра што ў згаданай песні спяваецца, пра тое і ў сімфоніі распавядаецца. Але ж — якая вялізная розніца! У той жа 15-й сімфоніі ніводная з цытат не пададзена “ў поўны рост” — хіба асобнымі штрыхамі, што складаюцца ў знаёмыя абрысы. Абсалютна класічная схема чатырохчасткавага сімфанічнага цыкла, дзе пасля гераічнай першай часткі ідзе павольная другая, потым — скерца, а ў фінале з’яўляюцца рэмінісцэнцыі першай, напаўняецца новым сэнсам: монстры нашкталт сталінізму нараджаюцца са змроку, калі розум спачывае. А хуткаплыннасць частак — сведчанне не толькі імклівасці нашага часу, але і недасказанасці, калі кожны са слухачоў можа дадумваць сваё развіццё музычных падзей.

У выкананні твора Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі, за пульт якога ўстаў мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага камернага аркестра Яўген Бушкоў, адчувалася грандыёзная папярэдняя праца. Музыканты вельмі сур’ёзна паставіліся да прэм’еры і творчага вечара кампазітара цалкам. Новай сімфоніі папярэднічала Арыя Любкі з “Сівой легенды”, праспяваная Крыскенціяй Стасенка, і Фартэпіянны канцэрт — гэтым разам у выкананні Юрыя Блінова. Дадзены твор, напісаны ў 1996 годзе, гучаў ужо двойчы, але з іншымі салістамі. Цяперашняя інтэрпрэтацыя на чале з Аляксандрам Анісімавым, які і ўзначальвае наш сімфанічны аркестр, атрымалася найбольш цэласнай: усе часткі “мазаікі”, уключаючы “спасылкі” на Бетховена, Гершвіна, Джопліна, Ліста, Расіні, Чайкоўскага, Шапэна, Шастаковіча, пуантылізм і элементы інструментальнага тэатра, склаліся ў цэласнае палатно, аб’яднанае аўтарскай тэмай, што пабудавана на мінімалістычным “разрастанні” гукараду. Наш знакаміты піяніст, які ўжо некалькі гадоў жыў і працаваў у Амерыцы, граў на памяць, што дапамагала яму цалкам засяродзіцца на філасофскіх глыбінях гэтай шмат у чым аўтабіяграфічнай партытуры.

Адзінае — надта хутка скончыўся вечар. Дык калі можна будзе пачуць тую ж 15-ю сімфонію зноў?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"