Сшыткі бабулі Ганны

№ 45 (811) 10.11.2007 - 16.11.2007 г

Радасную падзею — выданне першай і, верым, не апошняй кнігі самабытнай паэткі Ганны Рубацкай адзначалі не так даўно ў Валожынскім раённым цэнтры культуры. Відаць, сам Бог пацалаваў аднойчы гэтую простую вясковую жанчыну, запаліўшы ў яе душы тую яркую іскрынку, што называецца талентам, — талентам бачыць не так, як іншыя, і збіраць убачанае, уплятаючы яго ў свае такія прыгожыя вянкі-вершы.

Усё жыццё Ганна Міхайлаўна займалася сялянскай працай, хатняй гаспадаркай, дзецьмі і ўнукамі. Нейкі час працавала нарыхтоўшчыцай сыравіны для мясцовага кансервавага завода.
Але была яшчэ адна грань яе “я” — жанчына адчувала сябе паэткай.
Па родных прасторах, бывала,
Цудоўныя кветкі я рвала
І ціха, ад года да года
Вяночкі віла для народа…
Так пісала Г.Рубацкая пра сваю творчасць. І пісала з надзеяй:
Сплывуць гады,
шмат зменіцца ў свеце,
І золата, і камень час кране.
А слова будзе жыць тысячалецце
І некаму напомніць пра мяне…
Г.Рубацкая нарадзілася ў 1900 годзе ў вёсцы Жураўцы Валожынскага раёна, а пасля жыла ў Валожыне. У школе ёй давялося вучыцца польскамоўнай, доўгі час Ганна Міхайлаўна не ведала нарматываў беларускай граматыкі. І гэта, мусіць, не давала раскрыцца ў поўнай меры яе таленту. Г.Рубацкая заявіла пра сябе як аўтарка таленавітых вершаў, баек, расказаў у даволі ўжо сталым узросце, пасля таго, як — у 50 гадоў — вывучыла беларускую граматыку. Пісала яна да апошніх сваіх дзён, а развіталася з жыццём у 93 гады.
З вершаў самабытнай паэткі можна пра многае даведацца, многаму павучыцца, яны абуджаюць у сэрцах пачуцці дабрыні і спагады, вучаць не мірыцца са злом і несправядлівасцю, змагацца за сваё шчасце. Пра ўсё, што хвалявала і балела, яна ў вершах, як магла, шчыра расказала. Усё гэта стала і лейтматывам прэзентацыі кнігі таленавітай зямлячкі, якую ладзіла народнае літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Рунь” Валожынскага РЦК.
З творчасцю Г.Рубацкай многія жыхары Валожына і наваколля ўжо былі знаёмы. Пра яе пісала мясцовая прэса, ладзіліся і юбілейныя вечарыны да 95-ці і 100-годдзя з дня нараджэння Ганны Міхайлаўны ў СШ № 1 г. Валожына, раённым Цэнтры культуры, да 105-годдзя — у Маладзечанскім музычным вучылішчы.
Але ў гэты дзень валожынцы і госці РЦК адкрылі і нешта новае, пазнаёміліся з невядомымі яшчэ творамі паэткі, з успамінамі яе родных. На чарговую сустрэчу (няхай сабе і завочную) з бабуляй Ганнай прыехала не толькі яе ўнучка, выкладчыца Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага Людміла Камінская, але і праўнукі Міхаіл і Вольга Рубацкія. З цікавасцю слухалі мы і расповед-успамін унука роднага брата Ганны Міхайлаўны — доктара філалагічных навук, прафесара, дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Я.Коласа НАН Беларусі Аляксандра Лукашанца.
Краналі сэрца ўспаміны родных, суседзяў, знаёмых. Гучалі вершы паэткі, якія чыталі юныя ўдзельнікі клуба паэтычнага майстэрства “Летуценнік”, песні кампазітараў Алены Атрашкевіч, Іосіфа Сушко на яе словы ў выкананні хору работнікаў культуры, трыо Валожынскай ДМШ, а таксама ў запісе. Г.Рубацкая была тым самародкам, грані якога, шліфуючыся жыццём, ззяюць усё ярчэй.
З’яўленне кнігі яе твораў — кніга выдадзена ў выдавецтве “Каўчэг” пад назвай “Вяночкі для Радзімы” — стала магчымай дзякуючы Людміле Камінскай, якая свята шануе памяць пра сваю бабулю і зберагла яе творчую рукапісную спадчыну, а таксама дырэктару Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Раісе Вайцяхоўскай, іншым добрым людзям, зацікаўленым узбагачэннем беларускай літаратуры і культуры новымі, вартымі таго імёнамі і творамі, якія вучаць дабрыні, любові, пашане, адданасці роднай зямельцы, людзям, мове.
Самой жа Г.Рубацкай, адоранай паэтычным талентам жанчыне з такой прыгожай, распетай душой, прысвячаюць свае вершы сённяшнія валожынскія творцы. Адзін з іх — метадыст нашага аб’яднання, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Курыла:
Душа спявала, поўная любові,
Да родных ніў, да родных сенажацяў.
Яна любіла — як цвіце бульбоўнік,
Як пахне хлебам у сялянскай хаце…
Душа спявала — чыста і пяшчотна,
Жыла святлом калісьці перажытым.
Таму заўжды, як на душы маркотна,
Гартаю зноў бабулі Ганны сшытак.
А сшыткі — творчая спадчына Ганны Рубацкай — яшчэ засталіся, як і яе дзённік, які таксама можа стаць цікавай і павучальнай кнігай. Так што нам, усім зацікаўленым у выхадзе гэтых кніг, ёсць над чым працаваць, каб яны знайшлі свайго чытача, занялі дастойнае месца ў бібліятэках, у нашай нацыянальнай літаратуры, культуры.

Валянціна ГІРУЦЬ-РУСАКЕВІЧ,
кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”
Валожынскага РЦК,член Саюза пісьменнікаў Беларусі