Мастак мае вучня

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

Выкладчыкі Віцебскай дзіцячай мастацкай школы № 1 зладзілі выстаўку работ сваіх калег і іх вучняў са Слуцкай дзіцячай мастацкай школы.

Мэта праекта: прадставіць вынік працы педагогаў — выпускнікоў мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Машэрава — ды абмяняцца досведам.

На выстаўцы экпануюцца работы Гунефы Мацюшэнкавай і яе вучняў, чацвёра з якіх — Ілья Падалка, Алена Левановіч, Зухра Міхайленка і Міхась Дайлідаў — у розныя гады сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Усяго ў гэтага педагога навучалася і навучаецца 16 стыпендыятаў спецфонду. Сама Гунефа Мацюшэнкава ўзнагароджана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2000 г.) за вялікі ўклад у выхаванне творчай моладзі, а таксама медалём Міжнароднай акадэміі культуры і мастацтваў “У імя жыцця на зямлі” (Масква, 2011-ы).

Праца мастакоў, якія прысвяцілі сябе педагагічнай дзейнасці, як правіла, застаецца ў ценю, хоць клопат гэты — вельмі карпатлівы, патрабуе вялікай цярплівасці, дабрыні і тактоўнасці.

У экспазіцыю ўвайшлі, галоўным чынам, асацыятыўны жывапіс і графіка, а таксама ілюстрацыі да кніг і вершаў. Выстаўку можна пабачыць у галерэі ДМШ № 1 Віцебска.