Магілёўцы ганарацца сваім славутым земляком і дбаюць пра тое, каб традыцыйная “Тураўская восень” збірала як мага больш прыхільнікаў ягонай творчасці.
Сёлетні фэст адкрыўся паказам фільма “Праз могілкі”, які рашэннем UNESCO ўнесены ў Спіс ста лепшых фільмаў свету пра вайну. Завершыць жа кінатыдзень вечар “Віктар Тураў. Выявіць сябе і час”, у якім маюць удзельнічаць народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук, аператар, кіназнаўца Канстанцін Рэмішэўскі, акцёр, старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў Віктар Васільеў, дачка майстра — кінарэжысёр Алена Турава, ягоны сын Арцём і тыя, хто ведаў класіка экрана ў дзяцінстве ды юнацтве.
З нагоды “Тураўскай восені” Віктар Васільеў дзеліцца сваімі меркаваннямі пра класіка нашага кінематографа.
— Гэта не рэгіянальная падзея, — кажа ён. — Віктар Тураў — вялікі рэжысёр, якому належыць шэраг кінашэдэўраў. Ягоная творчасць запатрабаваная і сёння, яго фільмы збіраюць гледачоў. Віктар Цімафеевіч пакінуў пасля сябе не толькі творчую спадчыну, але і вучняў, якія доўжаць ягоную працу…