Вёску Беніца, што ў Маладзечанскім раёне, экскурсіі абмінаюць бокам. Яны едуць далей: у Залессе, Смаргонь, Крэва... Затое гэтае месца карыстаецца асаблівай папулярнасцю сярод прыхільнікаў так званага альтэрнатыўнага турызму — аматараў “незапатрабаваных” адметнасцей, што, зрэшты, вытлумачальна.
Звычайна закінутыя храмы — гэта зарослыя хмызом руіны. Тыповы прыклад — рэшткі касцёла пачатку ХІХ стагоддзя ў вёсцы Дубрава таго самага Маладзечанскага раёна, якія на сёння, дарэчы, нават не маюць статуса помніка спадчыны. Ёсць куды больш велічныя руіны касцёлаў у Вялікай Бераставіцы, Лыскаве, Смальянах, Княжыцах, Селішчы, Зембіне... Спалучэнне выбітных узораў еўрапейскага дойлідства ды атмасферы заняпаду і сапраўды выклікае недаўменне.
Але прыехаўшы ў Беніцу, цікаўны падарожнік ніякавее ад здзіўлення. Перад ім — шыкоўны касцёл эпохі сталага барока, сапраўдны архітэктурны шэдэўр самага пачатку XVIІI стагоддзя, створаны італьянскімі дойлідамі. Ён цалкам ацалеў, дах пакуль на месцы і нават мае керамічнае пакрыццё. І пры гэтым храм поўнасцю кінуты на волю лёсу! У такое нават цяжка паверыць…
Прыкасцельная тэрыторыя падзарасла травой, але вышыня той невялікая, і гэта ўскосна сведчыць пра тое, што суботнікі тут зрэдчас усё ж праводзяцца. Шыбы сям-там яшчэ засталіся, а вось вадасцёкавыя трубы яўна спатрэбіліся камусьці ў гаспадарцы, і іх адсутнасць выразна адбіваецца на мурах з 300-гадовай гісторыяй…
Галоўныя дзверы касцёла Святой Тройцы зачынены на навясны замок. На іх вісіць і ахоўная дошка, якая ў дадзеным выпадку мае перадусім “метафізічную” сілу. Тым больш, абышоўшы вакол касцёла, можна лёгка патрапіць унутр з боку сакрыстыі.
— Так, я ведаю, што гэтыя дзверы ўжо выламалі, — сумна канстатуе метадыст Маладзечанскага РМЦ Настасся Марчанка, якая адказвае за ахову гісторыка-культурнай спадчыны ў раёне. — Літаральна сёлета мы іх устаўлялі наноў, але... Пратрывалі яны зноў нядоўга…
Унутры здзіўляешся бялюткай тынкоўцы на барочным купале ды сценах. Нават адразу і не верыцца, што ў гэтым велічным храме апошняя імша прайшла многія дзесяцігоддзі таму. Ды неўзабаве ўсё ж хоцькі-няхоцькі разумееш, што сёння яго паўнапраўнымі "ўласнікамі" з’яўляюцца адны галубы: пра гэта сведчыць пакінутае імі пер’е... і не толькі яно.
Адважны турыст можа беспраблемна ўзняцца на хоры, а потым і на адну з вежаў, адкуль адкрываюцца шыкоўныя краявіды. Лесвіца цалкам памысная, хіба некалькі прыступак ужо прагнілі. Адмыслоўцы ведаюць і лаз у крыпту, дзе па-ранейшаму знаходзяцца астанкі фундатараў касцёла з роду Коцелаў. Яшчэ за савецкім часам іх труны былі ўскрыты нейкімі “скарбашукальнікамі”.
— Мы паскладалі косткі назад у дамавіны і ўставілі краты на вокны ў крыпту, каб спыніць туды доступ, — распавядае пробашч парафіі Святога Роха ў Палачанах Сяргей Бараўнёў, які апякуе таксама і невялічкую каталіцкую супольнасць у Беніцы.
Але нядаўнія падзеі засведчылі, што гэтых захадаў аказалася замала.
Косткі “ў вольным доступе”
Безумоўна, альтэрнатыўны турызм — гэта цалкам пахвальнае хобі. Яно садзіночвае збольшага людзей культурных ды зацікаўленых і не абы-як спрыяе папулярызацыі “прызабытых” помнікаў спадчыны. Але ў сям’і, як кажуць...
Сёлета ў студзені адзін з такіх “турыстаў” змясціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы зробленае ў крыпце фота, на якім ён з усмешкай трымае па чэрапе ў кожнай руцэ. А потым выхваляўся перад “фрэндамі”: маўляў, прыхапіў сабе сувеніры на памяць... Убачыўшы гэты здымак, неабыякавы жыхар Маладзечна звярнуўся ў праваахоўныя органы з хадайніцтвам аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце апаганьвання месца пахавання. Але міліцыя палічыла, што, паколькі косткі знаходзяцца “ў вольным доступе”, у пазіраванні з імі на фота складу злачынства няма.
Літаральна праз які месяц храм ізноў апынуўся ў цэнтры ўвагі праваахоўных органаў. Гэтым разам прычына была нават больш сур’ёзная.
Ні для каго не сакрэт, што закінутыя помнікі спадчыны карыстаюцца шалёнай папулярнасцю і сярод іншай катэгорыі “турыстаў” — мясцовых люмпенаў. Беніцкі касцёл Святой Тройцы — не выключэнне. На яго сценах можна ўбачыць не толькі рэшткі фрэсак, але і тыя надпісы, якія ў газеце не працытуеш, на падлозе трапляюцца “бычкі” ды парожнія пляшкі… Пэўна, тутэйшых выпівакаў таксама вабяць прыгажосць і экстрым — альбо проста цеплыня і дах над галавой?
Пакаранне за падобныя свавольствы прадугледжваюць не толькі духоўныя законы, але і банальная тэорыя верагоднасці. Амаль усе такія помнікі спадчыны знаходзяцца ў аварыйным стане, і кожнае баляванне ў іх можа лагічна скончыцца бядой. Мала хто сумняваўся ў тым, што рана ці позна яна здарыцца. І такі здарылася — па волі лёсу, менавіта ў Беніцы.
У сакавіку гэтага года двое мужчынаў выпівалі непасрэдна ў касцёле, забраўшыся на хоры. Адзін ударыў другога, той паваліўся долу з чатырохметровай вышыні... “Хуткая” ўжо не спатрэбілася.
— Па шчырасці, мяне нават здзіўляе, што жыхары Беніцы робяць такія прыкрыя рэчы, — кажа Настасся Марчанка, — бо вёска ж маленькая, усе адно аднаго ведаюць... Там жа і парафія каталіцкая існуе, прычым зарэгістравана яна менавіта па адрасе касцёла...
Ды, як адзначыў ксёндз Сяргей Бараўнёў, парафія тая складаецца хіба з некалькіх чалавек, і “ўправіць мазгі” сваім аднавяскоўцам яны не ў стане. Не кажучы ўжо пра тое, каб сваімі сіламі прывесці касцёл да ладу ды яго ўтрымліваць…
Па вялікім рахунку, у гэтым палягае асноўная праблема адраджэння ці не ўсіх занядбаных помнікаў сакральнага дойлідства. Менавіта таму ніякага імпэту ў справе вяртання касцёла каталікі Беніцы і не праяўляюць. Зрэшты, прычына тут таксама і ў іншым.
Без пашпарту і прапіскі
Без сумневу, абодва згаданыя вышэй выпадкі цяжка было б сабе ўявіць, калі б дадзены помнік спадчыны проста меў гаспадара (мы не кажам тут пра выкарыстанне, бо гэта ўсё ж розныя рэчы). Любы гаспадар знойдзе спосаб абараніць сваю ўласнасць ад “вольнага доступу”— нават тую, якая яму пакуль не надта патрэбна. І калі нейкія прайдзісветы сунуцца на “чыйную” тэрырыторыю (няхай сабе самае лядашчае лецішча), яе ўласнік гэта так проста не пакіне.
Прыкладам, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мсціславе пакуль таксама не выкарыстоўваецца для набажэнстваў: маленькая парафія, якой ён прыналежыць, не мае дастаткова сродкаў, каб завяршыць маштабную рэстаўрацыю. Але ж дзверы там — на замку, і для “турыстаў” з пляшкай у кішэні яны заўсёды зачынены. Затое сапраўдным турыстам ахвотна пакажуць унікальныя фрэскі на гістарычную тэматыку. У таго касцёла ёсць гаспадар — і гэтым усё сказана.
Але... Як выявілася, касцёл у Беніцы — гісторыка-культурная каштоўнасць рэспубліканскага значэння! — сёння з’яўляецца безгаспадарным. І дэ-факта, і нават дэ-юрэ.
— Касцёл на дадзены момант не прыналежыць нікому, — распавяла Настасся Марчанка. — І ўжо даўно мы спрабуем вызначыць яго ўласніка…
Лёс гэтага храма ў савецкую пару на пачатку быў досыць тыповым: доўгі час храм выкарыстоўваўся як калгасны склад, паступова прыходзячы ў заняпад. Але недзе ў гады “перабудовы” пачалася яго рэстаўрацыя — праўдападобна, менавіта дзякуючы ёй дах будынка і па сёння амаль не працякае, хаця дахоўка ўжо месцамі і абвалілася.
Далей — усё заглухла, рыштаванні пайшлі на дровы. А касцёл па-ранейшаму боўтаўся на балансе мясцовай гаспадаркі. Яе “захады” па ўтрыманні архітэктурнага помніка (ці, дакладней, іх адсутнасць) яўна не адпавядалі патрабаванням айчыннага заканадаўства, і таму спецыялісты ў сферы аховы спадчыны сталі даймаць з той нагоды кіраўніцтва СВК. У 2007 годзе яно прыняло “мудрае” і простае рашэнне: адмовіцца ад гэтага свайго “кепскага актыву”, які гаспадарцы ніякай карысці ўсё адно не прыносіць...
З таго часу храм Божы і не мае “прапіскі” на гэтай зямлі. Ён стаў своеасаблівым “бамжом” у цяперашняй рэчаіснасці — з усімі характэрнымі для такога статуса наступствамі.
Ахоўныя абавязацельствы на помнік спадчыны, зразумела ж, не падпісаны: няма з кім. Сёлета райаддзел культуры прапанаваў гэта зрабіць Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, але атрымаў лагічную адмову: падпісваць такі дакумент можа толькі ўласнік аб’екта, а касцёл ім на сённяшні дзень не з’яўляецца.
Натуральна, вызначыць (або “прызначыць”) фармальнага ўласніка не так і складана: можна, прыкладам, “падарыць” касцёл тамтэйшаму сельсавету, як нярэдка рабілася ў падобных выпадках. Але айчынная практыка пераканаўча сведчыць за тое, што праблему самога помніка такі крок не вырашыць ні на каліва. Бо якія ў таго сельсавета магчымасці?
І таму раённыя ўлады бачаць толькі адзін варыянт развіцця падзей: перадачу храма Рыма-Каталіцкаму касцёлу на Беларусі. Але тут паўстае яшчэ адна перашкода — адсутнасць праваўсталёўчых дакументаў на будынак. Касцёл, як бачыце, аказаўся і без прапіскі, і без пашпарту.
На жаль, гэта далёка не адзіны такі аб’ект у нашай краіне: падобная праблема досыць распаўсюджаная. Вядома, тут можна зрабіць акцэнт на пытанне: як сталася, што аб’ект дзяржаўнай уласнасці, які, да таго ж, ужо даўно мае статус помніка спадчыны, аказаўся без дакументаў? Хто ў тым вінаваты?
Ды куды важней згадаць пра другое пытанне з гэтага асацыятыўнага шэрагу, трохі яго перафармуляваўшы: што рабіць і — каму?
Адказ на першую частку — відавочны: пакуль не будзе падрыхтаваны належны пакет праваўсталёўчых дакументаў, лёс касцёла прынцыпова не вырашыцца. Але хто мусіць дапамагчы “бамжу” аднавіць “паперы”, выдаткаваўшы на гэтую мэту патрэбныя сродкі? Як падаецца, адказ тут — адзін: толькі раённыя ўлады. Варта прывесці хаця б такі аргумент: касцёл у Беніцы з’яўляецца найстарэйшым і адным з найкаштоўнейшых помнікаў Маладзенчанскага раёна!
Як паведаміла Настасся Марчанка, ужо рыхтуецца рашэнне райвыканкама, згодна з якім Лебедзеўскі сельсавет, на чыёй тэрыторыі знаходзіцца Беніца, возьме на сябе функцыю падрыхтоўкі праваўсталёўчых дакументаў на касцёл. Хочацца верыць, што і патрэбнае фінансаванне на гэтыя мэты знойдзецца.
Дзверы да паланэза
Безумоўна, адзін гэты крок усіх праблем не вырашыць. Ды і спадзявацца на тое, што некалькі вернікаў з Беніцы самі адужаюць рэвіталізацыю вялізнага храма, таксама не выпадае. Хаця, як кажа ксёндз-пробашч, патрэба ў месцы для малітвы там ёсць.
Айцец Сяргей Бараўнёў ужо мае досвед аднаўлення святыні ў гэтым краі: не так даўно шмат у чым яго стараннямі ў вёсцы Палачаны з’явіўся маленькі касцёльчык. Святар рупіцца і аб захоўванні памяці пра тыя храмы Маладзечаншчыны, ад якіх засталіся хіба падмуркі.
На думку Настассі Марчанка, аднаўленне касцёла магло б стаць сумесным пачынам каталіцкіх і муніцыпальных улад, з разлікам таксама і на пэўную падтрымку з рэспубліканскага бюджэту (балазе сродкі ў сукупнасці патрэбны не такія і вялікія). Ды і сам храм пасля рэстаўрацыі мог бы паралельна выконваць і культурныя функцыі — прыкладам, канцэртнай залы для камернай (а можа, у перспектыве, і арганнай) музыкі.
Такі сінтэз досыць распаўсюджаны ва ўсім свеце. Тым больш, як адзначаюць навукоўцы, Беніцкі касцёл валодае папраўдзе ўнікальнымі акустычнымі ўласцівасцямі.
Вядома, пакуль такая ідэя можа выклікаць хіба іранічную ўсмешку: маўляў, а дзе ж у Беніцы ўзяць слухачоў для аншлагавых камерных канцэртаў? Але літаральна за пятнаццаць кіламетраў ад яе мы заўважым знакамітае Залессе, і каб патрапіць у Беніцу па дарозе “да Агінскага”, мінчанам нават не давядзецца накручваць кола. Пакуль, зрэшты, турыстаў бракуе і ў Паўночных Афінах: там сёння паўнапраўна валадараць будаўнікі. Здача аб’екта плануецца ўжо на наступны год, і, значыць, неўзабаве наведвальніка будзе чакаць не змрочны палац з пазабіванымі вокнамі пасярод здзічэлага парку, а прывабны культурна-турыстычны цэнтр, “асвечаны” знакамітым імем. Каб ужо сёння прагназаваць яго запатрабаванасць, можна проста з’ездзіць у Нясвіж. Верагодна ж, асаблівы акцэнт у Залессі будзе зроблены менавіта на музыку. Адпаведна, яшчэ адна добрая канцэртная зала ў гэтым рэгіёне акажацца не лішняй.
Паабапал ад добрай асфальтавай дарогі, што вядзе да Беніцы, таксама трапляюцца цікавосткі. Асабліва ўражвае гатычная каплічка на могілках у Лебедзеве — не раўнуючы, вільнюская святая Ганна ў мініяцюры! І хаця кожны абазнаны чалавек адразу вызначыць, што веку ёй — усяго гадоў сто, на ўражанні гэта асабліва не ўплывае. Непадалёк адсюль, у Маліноўшчыне, можна ўбачыць і яшчэ адну капліцу-пахавальню — гэтым разам у выглядзе піраміды! Аб’ект не ўнікальны, але — вельмі рэдкі, і не толькі па беларускіх мерках. Дадамо яшчэ праваслаўныя цэрквы ў Лебедзеве, Маркаве ды самой Беніцы... Паглядзець у тых мясцінах папраўдзе ёсць што.
...Некаторыя кажуць, што марыць — шкодна. Можа, яно і так. Але ж усведамляць рэальны турыстычны патэнцыял звышпраблемных сёння аб’ектаў — наадварот неабходна. Бо бачанне далёкіх перспектыў надае патрэбны імпэт і жаданне пераадольваць усе надзённыя цяжкасці.
Зрэшты, і пад ногі глядзець не лішне. Многія апісаныя вышэй праблемы Беніцкага касцёла можна лёгка вырашыць, увёўшы пасаду вартаўніка (нават не важна, у чыім штаце). Альбо і яшчэ прасцей ды “бюджэтней”: паставіўшы добрыя дзверы, якія “з нагі” не адкрыеш. Думаецца, супольных намаганняў і добрых намераў усё ж хопіць для гэтага канкрэтнага кроку…
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Маладзечанскі раён — Мінск
Фота аўтара