Міхаіл Андрэевіч Савіцкі пахаваны на сталічных Усходніх могілках. Скульптары і архітэктары, якія ўдзельнічаюць ў конкурсе, павінны ўлічваць планіровачную сітуацыю, што гістарычна склалася на прасторы цвінтара. Аднафігурная, паводле папярэдняй умовы, кампазіцыя надмагілля мае ў лаканічнай форме адлюстраваць маштабнасць асобы мастака і пры гэтым не ствараць выразнага дысанансу з пластыкай навакольных помнікаў. Да таго ж, помнік павінен уключаць у сябе інфармацыю, што ў дадзеным месцы пахавана жонка Савіцкага — Маргарыта Захараўна.
Работы на конкурс прымаліся да 19 кастрычніка на Мінскім скульптурным камбінаце. Яго дырэктар Таццяна Іванова паведаміла нашаму карэспандэнту, што іх каля дзесяці: усе — у запакаваным выглядзе і пад шасцізначным “кодам”. Такім жа нумарам пазначаны і запячатаны канверт, дзе знаходзіцца інфармацыя пра аўтара або аўтарскі калектыў.
У складзе журы — чатырнаццаць чалавек. Гэта архітэктары, мастакі, дызайнеры, прадстаўнікі гарадской улады і Міністэрства культуры краіны. Узначальвае журы намеснік старшыні Мігарвыканкама Ігар Карпенка.
Тое, што надмагільны помнік Міхаілу Савіцкаму ствараецца праз конкурс, сведчыць пра ўсведамленне грамадствам вялікай ролі гэтага творцы ў гісторыі нацыянальнай культуры. Пераможца конкурсу атрымае права на далейшы ўдзел у стварэнні надмагілля. Чакаць вынікаў засталося нядоўга.
П.В.
На здымку: цэх Мінскага скульптурнага камбіната, дзе адбудзецца прагляд праектаў.