Мы з задавальненнем чытаем вашу газету, якая распавядае пра заўважныя падзеі ў культурным жыцці Беларусі, у тым ліку і пра самадзейную мастацкую творчасць у студэнцкім асяродку.
Так, у кастрычніку мінулага года на старонках “Культуры” быў апублікаваны матэрыял з нагоды святкавання 25-гадовага юбілею народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Неруш” Белдзяржуніверсітэта. Хацелася б, каб па-за ўвагай “Культуры” не засталася яшчэ адна знамянальная падзея — 60 гадавіна з дня ўтварэння народнага ансамбля танца “Крыжачок”. Калектыў гэты быў створаны пры нашым БДУ ў такія ж восеньскія дні. Матэрыялы пра яго занялі годнае месца ў музеі гісторыі Белдзяржуніверсітэта, а сам калектыў існуе і па сёння.
Першымі ўдзельнікамі танцавальнага гуртка БДУ імя У.І. Леніна была студэнцкая моладзь з ліку дэмабілізаваных воінаў, былых партызан, якія прыйшлі ў студэнцкія аўдыторыі адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны. У розныя гады на чале танцавальнага калектыву былі вядомыя харэографы, якія напаўнялі ягоны рэпертуар беларускім фальклорам з розных рэгіёнаў рэспублікі.
Больш моцна заявіў пра сябе гэты калектыў, калі ў 1967 годзе ансамбль узначаліў заслужаны работнік культуры БССР Мікалай Лапша, у мінулым артыст Дзяржаўнага хору БССР, франтавік, чалавек, улюбёны ў народнае мастацтва. Яго гутаркі пра народную творчасць, вытокі беларускага нацыянальнага танца ў тыя гады літаральна захаплялі студэнцкую моладзь. Юнакі і дзяўчаты да самазабыцця трэніраваліся, адпрацоўвалі характэрныя народныя танцавальныя рухі. Патрабаванні і да поспехаў на сцэне, і да поспехаў у вучобе ў танцавальным калектыве былі аднолькава строгія. Вытрымлівалі іх толькі тыя, хто быў па-сапраўднаму захоплены народным мастацтвам і нават пасля заканчэння універсітэта яшчэ доўга не развітваўся з ансамблем.
У 1969 годзе за вялікі ўклад у эстэтычнае выхаванне студэнцкай моладзі калектыў атрымаў ганаровае
“Местачковы валец”. |
У рэпертуары самадзейнага студэнцкага калектыву было каля 50 нумароў — як беларускіх танцаў, так і танцаў народаў СССР. У тым ліку — і шырока вядомая жартаўлівая харэаграфічная замалёўка “Паўлінка”.
Ансамбль меў асноўную, падрыхтоўчую і аркестравую групы. На яго базе працавала аддзяленне харэаграфіі факультэта грамадскіх прафесій, якое рыхтавала кіраўнікоў самадзейных танцавальных калектываў. Удзельнікі “Крыжачка”, якія раз’язджаліся працаваць пасля універсітэта, самі стваралі на месцах танцавальныя калектывы. Сярод тых, хто ў розныя гады ўдзельнічаў у ансамблі, такія супрацоўнікі Белдзяржуніверсітэта, як прарэктар Уладзімір Рагавіцкі, прафесар Ядвіга Яловічава, дацэнты Уладзімір Сідзянкоў, Алена Давыдзенка, прафесар акадэміі МУС Васіль Голубеў. У ролі Паўлінкі танцавала, зараз загадчыца аддзялення Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, вядомы харэограф Валянціна Навасёлава.З 1964-га да 1990 года “Крыжачок” быў удзельнікам многіх святаў песні і танца вышэйшых навучальных устаноў СССР, якія праводзіліся ў рэспубліках Прыбалтыкі, Маскве, Ленінградзе, Кіеве, Харкаве, Кішынёве, Ерэване, Ташэкенце, Петразаводску. Нашы самадзейныя артысты дэманстравалі сваё мастацтва на ўдарных камсамольскіх будоўлях у Сібіры, Казахстане, Карэліі, выступалі перад маракамі Балтыйскага флоту, перад вінаградарамі Крыма і Дагестана, спартсменамі і гасцямі “Алімпіяды-80”, удзельнікамі ХІІ Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве.
“Верыцкая маталіха”. |
Пасля таго, як у 1985 годзе заўчасна пайшоў з жыцця Мікалай Лапша, “Крыжачком” кіравалі вядомыя балетмайстры Канстанцін Гарадко, Мікалай Харламаў, Сяргей Клімовіч, Канстанцін Зубік, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Наталля Янушкевіч. На жаль, апошнім часам у працы калектыву былі збоі з-за непрадуманай кадравай палітыкі. Але ўсе мы спадзяёмся, што з прыходам у “Крыжачок” у якасці кіраўніка Юрыя Музалеўскага — чалавека творчага, у добрым сэнсе гэтага слова амбіцыйнага, якога мы ведаем па ягонай працы ў Дзяржаўным ансамблі танца Рэспублікі Беларусь, — усімі намі любімы ансамбль танца запрацуе на поўную сілу і працягне зберажэнне мастацкіх традыцый продкаў.
Вячаслаў СЫСОЕЎ,
начальнік гаспадарчага аддзела Белдзяржуніверсітэта,
былы ўдзельнік народнагаансамбля танца “Крыжачок”