Яшчэ напрыканцы 1980-х даследаванні замка праводзіў археолаг Ігар Чарняўскі, які цяпер з’яўляецца начальнікам упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Паводле яго слоў, сёлетнія знаходкі пацвярджаюць многія гіпотэзы больш як 20-гадовай даўніны.
— Фрагменты насценных роспісаў былі выяўлены намі яшчэ пад час першага этапа раскопак, — распавёў Ігар Чарняўскі. — А вынікі сёлетніх даследаванняў яшчэ больш упэўніваюць у тым, што Княжацкая вежа ў свой час выконвала функцыі жытла. Гэта — папраўдзе важная выснова: яна дае падставы сцвярджаць, што вежа з’яўляецца не толькі першым на Беларусі данжонам, але і найстарэйшым вядомым нам мураваным жылым збудаваннем…
Асаблівую ўвагу даследчыкаў прыцягнуў хімічны склад фарбаў, выкарыстаных пры нанясенні роспісаў. У іх ліку — і “егіпецкая сіняя”, рэцэптура якой лічыцца страчанай з эпохі Сярэднявечча.
Ігар Чарняўскі перакананы ў тым, што ў Крэўскім замку будзе зроблена яшчэ нямала адкрыццяў. І няма сумневаў у тым, што найцікавейшыя з іх будуць прадстаўлены ў той самай Княжацкай вежы, дзе пасля рэстаўрацыі плануецца стварэнне музейнай экспазіцыі.