Кардыяграма “Панарамы”

№ 45 (811) 10.11.2007 - 16.11.2007 г

Яшчэ ў дзевяностыя гады мінулага ўжо стагоддзя, калі фестывальны рух ахапіў літаральна ўсе беларускія гарады, “раптам” высветлілася, што адзіным буйным горадам, дзе свайго тэатральнага фестывалю няма, з’яўляецца Мінск. У той час як усе перадумовы для гэтага — відавочныя: пачынаючы ад тэатраў, што працуюць у беларускай сталіцы, і заканчваючы сучаснай, развітай сацыяльнай інфраструктурай горада, здольнай не проста прыняць тэатральныя калектывы з розных краін свету, але і годна прэзентаваць іх мастацтва на беларускіх падмостках. А таму сказаць, што трэцяй “Панарамы” сталічныя тэатралы чакалі даўно і аддана, значыць не сказаць нічога.

Спробы “пасяліць” у Мінску тэатральны фестываль рабіліся неаднойчы, але штораз ідэя гэтая трансфармавалася і прымала самыя розныя формы.
Апошні раз — форму своеасаблівай “выязной базы” для расійскіх фестывальных прадзюсераў: у 2005 годзе ў Мінск завітаў “Залаты Віцязь” Мікалая Бурляева, у 2006 — “Фестываль фестываляў” Дзмітрыя Уласава. На жаль, уласна беларускія калектывы ў конкурснай праграме гэтых фэстаў былі прадстаўлены надзвычай сціпла, а на “Фестывалі фестываляў” большасць айчынных спектакляў і ўвогуле была вынесена за афіцыйныя рамкі і паказана загадзя, яшчэ да прыезду асноўнай масы фестывальных гасцей і журы. Менавіта таму ўдзячныя расійскім калектывам за прэзентацыю іх майстэрства беларускія тэатральныя дзеячы з нецярпеннем чакалі таго часу, калі і самі яны на айчыннай сталічнай сцэне таксама змогуць пахваліцца творчымі набыткамі і дасягненнямі. Тым больш, што праграма сёлетняй “Панарамы” прадугледжвала зусім не намінальную прысутнасць у ёй айчынных тэатраў: поруч з дзесяццю замежнымі ў праграме фестывалю сваё майстэрства гледачам прадставілі сем беларускіх тэатральных калектываў. У пераважнай большасці — сталічныя, рэгіёны абазначыліся толькі Гомельскім абласным драмтэатрам.

Умовы дыктуе рынак...
Арганізатары фестывалю свядома адмовіліся ад конкурснай праграмы — маўляў, нельга ж усур’ёз ставіць пад адну “планку” айчынныя тэатры і той жа МХТ імя Чэхава, які сёлета прывёз у Мінск два спектаклі. Сваёй задачай яны абралі стварэнне той самай, акрэсленай ужо ў назве, панарамы сучаснага тэатральнага мастацтва — па аналогіі са знакамітым маскоўскім Чэхаўскім фестывалем, які раз на два гады праводзіцца ў расійскай сталіцы.
 /i/content/pi/cult/136/799/Panarama3.jpg
 Сцэна са спектакля “Апошняя ахвяра”.
Аднак ідэя “ўсё самае лепшае ў межах каштарысу” адразу ж выявіла і свае негатыўныя бакі.
У прыватнасці, мастацкі кіраўнік фестывалю Валерый Раеўскі вымушаны быў зазначыць, што фарміраванне фестывальнай афішы аказалася справай няпростай: нельга сказаць, што замежныя тэатры навыперадкі кінуліся ўзяць у “Панараме” ўдзел. Так, сёння пераважная большасць насамрэч цікавых і “гучных” калектываў, якія “робяць надвор’е” на еўрапейскай альбо расійскай тэатральнай прасторы, бяруць удзел у фестывалях альбо пры ўмове атрымання істотных ганарараў за сваё выступленне, альбо — пры ўсведамленні магчымасці атрымаць па выніках фестывальнага конкурсу прэстыжную тэатральную ўзнагароду, важкую ў прафесійных колах. Не сакрэт, што і адны з сёлетніх “фаварытаў” фестывалю — МХТ імя Чэхава і Студыя тэатральнага мастацтва Сяргея Жэнавача — наўрад ці завіталі б на “Панараму”, калі б не варты ўдзячнасці клопат Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, які ўзяў на сябе ўсе выдаткі па арганізацыі і фінансаванні прыезду гэтых калектываў у Мінск.
Той факт, што тэатральныя калектывы свету ўсё актыўней імкнуцца зарабляць сваім мастацтвам, вымушае і арганізатараў “Панарамы” больш удумліва пралічыць, чым жа малады беларускі фестываль можа быць карысным тэатральнай супольнасці? Адказ напрошваецца сам сабой: калі мы не збіраемся “здзіўляць свет” ні баснаслоўнымі ганарарамі, ні адмысловай прафесійна-творчай канкурэнцыяй, дык варта, відаць, падумаць пра пэўную “профільнасць” “Панарамы”, яе своеасаблівае заглыбленне ў абраную тэму (будуць гэта трансфармацыі нацыянальных традыцый у тэатральных рэаліях ХХІ стагоддзя ці якая-небудзь іншая “звышзадача” — вырашаць арганізатарам). Тым больш, што ахапіць неабдымнае ў наш час тэатральнае мастацтва з усёй разнастайнай палітрай сучасных пошукаў наўрад ці падаецца магчымым нават у двухтыднёвым тэатральным марафоне (маскоўскаму Чэхаўскаму фестывалю для гэткіх спроб мала і двух месяцаў).
Пад знакам Караткевіча і Макаёнка
Беларускі ўдзел у сёлетняй “Панараме” праходзіць “пад зоркай” Уладзіміра Караткевіча. Два спектаклі паводле яго твораў — “Сны аб Беларусі” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і “Легенда пра беднага д’ябла” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага — уключаны ў фестывальную афішу. Пры ўсёй сваёй рознасці п’есы “Калыска чатырох чараўніц”, прысвечанай Янку Купале, і празаічнай аповесці “Легенда пра беднага д’ябла”, што лягла ў аснову інсцэніроўкі да
 /i/content/pi/cult/136/799/Panarama5.jpg

 Сцэна са спектакля “Сны аб Беларусі”.
Янка Купала — Аляксандр Падабед.

спектакля Уладзіміра Арлова, пры іх жанравай і стылёвай рознасці, абодва гэтыя спектаклі выявілі прыкметную тэндэнцыю, характэрную для сучаснага беларускага тэатра. Айчынныя тэатральныя рэжысёры інтарэс і перспектыўнасць звароту ў сваіх спектаклях да нацыянальнай літаратурнай спадчыны бачаць менавіта праз інсцэнізацыю “эпічнай” класікі; галоўнай “разыначкай”, якая мусіць прывабліваць гледача, вызначаецца кірунак на стварэнне адмысловай тэатральнай атмасферы, насычанай асацыяцыямі, метафарамі ды іншай “метафізікай”. Тэатры імкнуцца завабіць гледачоў у свой свет, знарочыста нерэальны, але такі зманлівы і цікавы!
У выніку “атмасферная стылізацыя” становіцца галоўнай дзейнай асобай гэтых спектакляў. Не меншай стылізацыяй пазначаны спектакль “Не пакідай мяне” Драматычнага тэатра Беларускай арміі паводле п’есы Аляксея Дударава. На гэты раз — “пад вайну”, што праяўляецца і ў фантазійнай уніформе гераінь, і ў пэўнай умоўнасці вырашэння іх спецпадрыхтоўкі да сакрэтнага задання, ды і ў шэрагу іншых акалічнасцей, закліканых “абазначыць” для нас, гледачоў, ваенныя абставіны, у якіх развіваецца сцэнічнае дзеянне.
Зразумела, што сталічныя тэатры мелі ў “Панараме” своеасаблівую “квоту” — кожны з іх на ўласны густ прадставіў у фестывальнай афішы свае пастаноўкі. Аднак на паверку аказалася, што, нават не зважаючы на “расцягнутыя” тэрміны правядзення “Панарамы”, некаторыя з гэтых спектакляў (прычым не толькі беларускія, але і замежныя таксама) у фестывальнай праграме выглядалі як прыкрая недарэчнасць, што закралася ў яе немаведама як, — наўрад ці можна гаварыць пра сур’ёзную мастацкую вартасць такіх спектакляў, як “Калі б я меў златыя горы” Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра (як, зрэшты, і “Маёй кашэрнай лэдзі” Маскоўскага яўрэйскага тэатра “Шалом”)... Ды спектакль “Жанчыны Бергмана” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, які ідзе ў рэпертуары тэатра ўжо не адзін сезон, наўрад ці адлюстроўвае найноўшыя пошукі РТБД.Бадай, найбольш ярка “паразуменне” тэатра з сучасным гледачом прадэманстраваў спектакль “Зацюканы апостал” А.Макаёнка Гомельскага абласнога драматычнага тэатра. Нягледзячы на відавочную “ненавамоднасць” і сцэнаграфічнага вырашэння спектакля (сцэнаграфія Барыса Герлавана), і адсутнасць пастановачных “штучак” з боку рэжысёра Валерыя Раеўскага, спектакль знайшоў жывы водгук у глядзельнай зале. Найперш, дзякуючы Сяргею Юрэвічу — выканаўцу ролі Сына. Ён не іграе хлапчука-вундэркінда, выпісанага ў Макаёнка, яго герой, хутчэй, наадварот — тыповы прадстаўнік пакалення маладых людзей, якія насамрэч шмат ведаюць пра гэтае жыццё, але якія пакуль што не “адваявалі” права мець у сучаснай, акаляючай іх прасторы сваё месца і сваю “вагу”. Менавіта таму ўсе яго доследы на родных і барацьба з бацькамі ўспрымаюцца, хутчэй, не як прыход новага пакалення, а як заканамерная змена стыляў мыслення. Нездарма сцэнічная прастора спектакля, сканструяваная з рознамаштабных кніг, выяўляе іранічнасць гэткага свету “інтэлігенцыі” — кнігі гэтыя ніхто не чытае, а выкарыстоўваюцца яны выключна для... маскіроўкі ўласных інтарэсаў і патрэб. І вось гэтая двухаблічнасць грамадства становіцца галоўнай мішэнню, у якую скіроўвае свае стрэлы герой Юрэвіча.
Героі нашага часу
Маскоўскі мастацкі тэатр імя Антона Чэхава не быў у Мінску ажно дваццаць апошніх гадоў! Прытым, што беларуская сталіца не намінальна ўпісана ў гісторыю гэтага тэатральнага флагмана, — пачатак Вялікай Айчыннай вайны маскоўскі тэатр сустрэў менавіта ў Мінску. Глядзельныя залы падчас спектакляў літаральна трашчэлі ад наплыву гледачоў, што прыйшлі спрычыніцца да традыцый тэатра, закладзеных Станіслаўскім і Неміровічам-Данчанкам. І МХТ не расчараваў мінчукоў, прэзентаваўшы два спектаклі: “Апошнюю ахвяру” Астроўскага і “Паляванне на качак” Вампілава. У першым з іх, створаным у традыцыйнай, удумлівай і ў той жа час ненавязлівай манеры спакойнага аповеду, выйшаў на сцэну сам кіраўнік МХТ Алег Табакоў — у ролі Прыбыткова, скарыўшы ўсіх сваім надзвычайным сцэнічным абаяннем. Ды і выканаўцы іншых роляў у спектаклі склалі годны “букет”: Тугіну сыграла Марына Зудзіна, Дульчына — Сяргей Калеснікаў, вядомы тэлегледачам па праграме “Фазэнда”, Дзергачова — Авангард Лявонцьеў...
Але яшчэ большым фестывальным узрушэннем сталася “Паляванне на качак” Вампілава, дзе “культавую” ў свой час ролю Зілава бліскуча сыграў Канстанцін Хабенскі. І ў гэтым спектаклі акцёр працягвае “сваю” тэму людзей, незадаволеных жыццём, людзей, якія “ідуць туды, не ведаюць куды, і шукаюць тое, няведама што” (варта ўзгадаць яго папярэднія работы: Калігулу ў аднайменным спектаклі, альбо кінаролі ў “Начным дазоры” і “У руху”...). Высокі ўзровень акцёрскага асваення драматургічнага матэрыялу, дакладнасць і глыбіня пражывання кожнай хвіліны сцэнічнага часу робяць Зілава такім пазнавальным, сучасным і... прымушаюць гледачоў цалкам забыцца на яго знакамітага кінематаграфічнага “брата-блізнюка” ў выкананні Алега Даля.
Як было заўважана ў кулуарах фестывалю, “Панарама” вяртае мінскаму гледачу магчымасць атрымаць свежыя ўражанні ад калектываў, якія ўжо істотна падзабыты айчыннымі тэатраламі. “Круглую” лічбу МХТ пераўзышлі акцёры з Эстонскага тэатра драмы — яны апошні раз выступалі ў беларускай сталіцы яшчэ ў 1986-ым годзе. А шкада, таму што сёлета іх “Месяц у вёсцы” І.Тургенева скарыў літаральна ўсіх сваёй высокай сцэнічнай культурай і дакладнасцю акцёрскага існавання на сцэне. Традыцыі псіхалагічнага тэатра, якія сёння зазнаюць незаслужаныя “трансфармацыі” — ці то з-за залішняй пагоні за так званым “еўрапейскім тэатрам”, ці то з прычыны недастатковага прафесійнага ведання іх новым пакаленнем рэжысёраў,— выявілі ў спектаклі не толькі сваю жыццяздольнасць, але і глыбінныя рэзервы, якія літаральна “прыкоўваюць” гледачоў да гэтай тургенеўскай гісторыі, прыгожай і драматычнай адначасова.
 /i/content/pi/cult/136/799/Panarama1.jpg

Сцэна са спектакля “Майстар і Маргарыта”.

У адрозненне ад эстонскага калектыву, літоўскі Тэатр Оскара Каршуноваса, які прывёз спектакль “Майстар і Маргарыта”, прадэманстраваў нам узор сучаснай еўрапейскай “геаметрычнай” рэжысуры. Знакаміты булгакаўскі твор рэжысёр канцэнтруе вакол гісторыі хваробы Івана Бяздомнага: менавіта яго шызафрэнія і спараджае не толькі з’яўленне Воланда са сваёй світай, але і фігур Майстра з Маргарытай, любоўная гісторыя якіх выступае своеасаблівай “парафразай” душэўных перажыванняў Івана. Усе тэатральныя жарсці Каршуновас вырашае з матэматычнай халоднасцю, нібыта перад намі паказальнае... паталагаанатамічнае ўскрыццё булгакаўскай гісторыі.
Але адначасова — і нашай сучаснасці, у якой да гэтага часу мастак не мае права на творчасць без “ацэнкі” яе іншымі...
Шэраг фестывальных спектакляў прадставіў нам розныя аспекты стылістычных пошукаў тых ці іншых тэатральных калектываў. Так, нямецкія акцёры з Das Euro Theater Central з Бона паказалі спектакль “Шкаляр у раі” Г.Сакса, у якім яны асвойваюць традыцыі сярэднявечнага фарсу; Драматычны тэатр Вільяма Хожыцы з польскага Торуня свой спектакль “Пляж” П.Асмусена будуе па прынцыпе актыўнага кінамантажу, дзе “сцэны жыцця” могуць мяняцца ў якой заўгодна паслядоўнасці, пакідаючы нам адчуванне, што ў сучасным свеце жыццё складаецца толькі з... працэсу апранання-распранання людзей, якім, аказваецца, так хочацца яшчэ і нармальных, шчырых чалавечых стасункаў.
Нацыянальны акадэмічны драматычны таэтр імя Івана Франка прывёз на фестываль
 /i/content/pi/cult/136/799/Panarama4.jpg

 Сцэна са спектакля “Саламія”.

пластычны спектакль “Саламія”, дзе драматычную біяграфію знакамітай украінскай спявачкі Саламіі Крушэльніцкай нам распавядаюць мовай “опернасці” і пластыкі. Шведскі праект Ёна Ёнсана і N-STUDIO са Стакгольма ўяўляе сабой монаспектакль паводле ўласнага жыццяпісу акцёра і выканаўцы галоўнай ролі, яго досведу тэатральнай працы з вязнямі шведскіх і амерыканскіх калоній, дзе асноўным прыёмам становіцца тэатральны дакументалізм, “скрыжаваны” са своеасаблівай пастарскай місіяй, якую ўскладае на сябе акцёр...
Напрыканцы гледачоў чакаюць яшчэ дзве буйныя падзеі: праект “Тэатр On-line”, а таксама спектакль “Гульцы” М.Гогаля Студыі тэатральнага мастацтва Сяргея Жэнавача. Але ўжо сёння відавочна — падобны міжнародны фэст запатрабаваны не толькі сталічнымі прафесіяналамі,  але і самымі шырокімі глядацкімі коламі. Сведчаннем гэтаму — поўныя залы і добра-такі падзабыты ўжо “ланцужок” з жадаючых патрапіць на фестывальныя спектаклі. Іншая справа, што на дадзеным этапе свайго існавання “Панарама” ўжо не можа задавольвацца адно толькі фактам свайго існавання. Перад арганізатарамі фестывалю паўстае няпростая, але абавязковая для вырашэння задача: з чым жа “Панарама” ўпішацца ў тэатральна-фестывальную прастору? І як зрабіць так, каб і гледачы, што прыходзяць на фестывальныя спектаклі, і самі ўдзельнікі “Панарамы” разумелі і адчувалі, што яны знаходзяцца ў эпіцэнтры буйнога міжнароднага тэатральнага фэсту, а не на “зацяжных” выязных гастрольных паказах?

Таццяна КОМАНАВА
Фота Дзмітрыя ЕЛІСЕЕВА