Знайсці скарбы Ані

№ 42 (1064) 20.10.2012 - 27.10.2012 г

У айчынных рэстаўратараў з’явілася магчымасць пазнаёміцца з вопытам іх армянскіх калег, а ў аматараў старажытнасцей — супаставіць гістарычныя помнікі Беларусі і Арменіі. Усё гэта стала магчымым дзякуючы фотапраекту “Ані. Блаславёны вобраз армянскай сталіцы”, які прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

Фатаграфіі, што экспануюцца ў музеі, зроблены мастаком і архітэктарам, доктарам мастацтвазнаўства Арменам Казаранам, які цягам апошніх дваццаці гадоў плённа працуе над захаваннем і рэстаўрацыяй архітэктурнага цуду Сярэднявечча — старажытнай сталіцы Арменіі, горада Ані.

/i/content/pi/cult/396/7988/1-4.jpeg

Мастак, вандроўнік і пісьменнік Портэр Роберт Кер, які наведаў горад у далёкія 1817 — 1820 гады, прыгадваў: “…Віртуознае майстэрства капітэляў слупоў, прыгожая разьба мудрагелістых арнаментаў і арабескавыя фрызы пераўзышлі ўсё калі-небудзь убачанае, ці то за мяжой, ці ў самых знакамітых саборах Англіі…”. А вось што кажа сам Армен Казаран: “Ані, вядома ж, выклікаў самае моцнае ўражанне як сярэднявечны горад Закаўказзя і быў адным з найбольш яркіх творчых цэнтраў усяго Бліжняга Усходу і Міжземнамор’я. Цудоўная тэхніка каменных муроў і майстэрства анійскіх дойлідаў забяспечылі захаванасць шматлікіх збудаванняў, і гэта рэдкі выпадак, які дае нам магчымасць пазнаёміцца з забудовай сярэднявечнага горада ды адчуць зачараванне творамі мастацтва ў найвышэйшай ступені…”.

Фотаработы, што прадстаўлены на выстаўцы, адразу ўражваюць зафіксаванай на іх узнёслай прыгажосцю, крохкасцю ажурнай разьбы, як у рабоце “Хачкар у сцяне царквы Збавіцеля, першая палова XI стагоддзя” (фота 2012 года), нейкай надзвычайнай метафізічнасцю і сімвалізмам, як “Палацавая царква X стагоддзя: паўночная палова зальнай пабудовы, якая захавалася” (здымкі 2011 года). Здымкі сведчаць і пра грунтоўныя навуковыя даследаванні, што зараз вядуцца на тэрыторыі горада Ані.

Варта адзначыць, выстаўка “Ані. Блаславёны вобраз армянскай сталіцы” арганізавана ў рамках Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Мастацкая культура армянскіх абшчын на землях Рэчы Паспалітай”, якая праходзіла ў НММ 9 — 11 кастрычніка.

Паліна ЯНІЦКАЯ, куратар выстаўкі, мастацтвазнаўца