Фатаграфіі, што экспануюцца ў музеі, зроблены мастаком і архітэктарам, доктарам мастацтвазнаўства Арменам Казаранам, які цягам апошніх дваццаці гадоў плённа працуе над захаваннем і рэстаўрацыяй архітэктурнага цуду Сярэднявечча — старажытнай сталіцы Арменіі, горада Ані.
Мастак, вандроўнік і пісьменнік Портэр Роберт Кер, які наведаў горад у далёкія 1817 — 1820 гады, прыгадваў: “…Віртуознае майстэрства капітэляў слупоў, прыгожая разьба мудрагелістых арнаментаў і арабескавыя фрызы пераўзышлі ўсё калі-небудзь убачанае, ці то за мяжой, ці ў самых знакамітых саборах Англіі…”. А вось што кажа сам Армен Казаран: “Ані, вядома ж, выклікаў самае моцнае ўражанне як сярэднявечны горад Закаўказзя і быў адным з найбольш яркіх творчых цэнтраў усяго Бліжняга Усходу і Міжземнамор’я. Цудоўная тэхніка каменных муроў і майстэрства анійскіх дойлідаў забяспечылі захаванасць шматлікіх збудаванняў, і гэта рэдкі выпадак, які дае нам магчымасць пазнаёміцца з забудовай сярэднявечнага горада ды адчуць зачараванне творамі мастацтва ў найвышэйшай ступені…”.
Фотаработы, што прадстаўлены на выстаўцы, адразу ўражваюць зафіксаванай на іх узнёслай прыгажосцю, крохкасцю ажурнай разьбы, як у рабоце “Хачкар у сцяне царквы Збавіцеля, першая палова XI стагоддзя” (фота 2012 года), нейкай надзвычайнай метафізічнасцю і сімвалізмам, як “Палацавая царква X стагоддзя: паўночная палова зальнай пабудовы, якая захавалася” (здымкі 2011 года). Здымкі сведчаць і пра грунтоўныя навуковыя даследаванні, што зараз вядуцца на тэрыторыі горада Ані.
Варта адзначыць, выстаўка “Ані. Блаславёны вобраз армянскай сталіцы” арганізавана ў рамках Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Мастацкая культура армянскіх абшчын на землях Рэчы Паспалітай”, якая праходзіла ў НММ 9 — 11 кастрычніка.
Паліна ЯНІЦКАЯ, куратар выстаўкі, мастацтвазнаўца