Каляндар са зводам

№ 42 (1064) 20.10.2012 - 27.10.2012 г

З друку выйшаў “Беларускі праваслаўны каляндар 2013”. Выданне ажыццёўлена пры падтрымцы Міністэрства культуры нашай краіны ў рамках святкавання Дня беларускага пісьменства.

Гэта ўжо 20-ы выпуск, падрыхтаваны супрацоўнікамі Брацтва ў гонар Віленскіх пакутнікаў Антонія, Іаана і Яўстафія, што дзейнічае пры Свята-Петрапаўлаўскім саборы. Матэрыялы, змешчаныя ў ім, надрукаваны па-беларуску і прысвечаны асвятленню розных аспектаў нашай духоўна-рэлігійнай традыцыі. А гэта гісторыя Царквы на Беларусі, ушанаванне айчынных святых і святыняў, біблейскія ды літургічныя пераклады, рэгігійныя матывы ў мастацтве…

/i/content/pi/cult/396/7987/1-3.jpeg

Настаяцелі храмаў, царкоўнаслужыцелі і прыхаджане знойдуць у кнізе ўсе неабходныя ім звесткі пра штодзённыя богаслужэнні цягам 2013 года, а таксама звод імёнаў святых, што шануюцца праваслаўнай Царквой. Адметна і тое, што беларускім святым у кнізе прыведзены трапары і кандакі на царкоўнаславянскай і роднай мовах.

Сёлетні, юбілейны, выпуск прымеркаваны да 220-годдзя заснавання Мінскай епархіі, якая на сённяшні дзень з’яўляецца самай вялікай па колькасці прыходаў, храмаў і манастыроў у краіне. Ранняму перыяду храмабудавання ў сталіцы Беларусі прысвечаны нарыс, змешчаны ў дадатку да календара. Там жа змешчаны і два даследчыя артыкулы “Духоўныя матывы ў беларускай літаратуры” ды “Беларускі абрад “Свяча”.

Ю.Ч.