Дзе "ток" у ток-шоу?

№ 42 (1064) 20.10.2012 - 27.10.2012 г

Пра ціхае ТБ, кінаролю брэндаў краіны і не толькі

Гутарка з тэлевядучымі Тамарай ЛІСІЦКАЙ і Глебам МАРОЗАВЫМ выйшла за абсягі абмеркаванняў прынцыпаў поспеху сучаснага ток-шоу. “Культура — найважнейшы з рухавікоў і камертонаў жыцця. Калі замест культурнага кантэксту ўсё сыйдзе ў бізнес ды забавы, то колькі мы яшчэ працягнем?” — сказала пасля інтэрв’ю Тамара. А паколькі наша размова адбылася напярэдадні Дня маці, то вядучая, маці траіх дзетак, дадала: “Унутраную і знешнюю культуру патрэбна настройваць у чалавеку з нараджэння”.

/i/content/pi/cult/396/7985/2-2.jpeg

Хто вырашае поспех ток-шоу?

— Наколькі істотна для сужэнцаў — пары вядучых ток-шоу пражываць у эфіры канфлікт, закладзены сцэнарыем?

Т.Л.: — Добрае ток-шоу будуецца на канфлікце. Іншая справа, што кожную дэталь выпускаў “Не толькі жанчына ведае” мы з Глебам загадзя прагаворваем. Уплыў на эмацыйны фон мае склад гасцей, тое, ці “паддаюць” яны пары, а таксама — наша стаўленне да тэмы. Часам меркаванні аказваліся процілеглымі, і тады сварыліся так, што мірыліся ў “жывым эфіры”. Бывала, пасля праграмы крыўдзіліся адно на аднаго…

— Адносна нашых забаўляльных ток-шоу існуе глядацкі стэрэатып: маўляў, нецікавыя, статычныя, ды і госці — негаваркія…

Т.Л.: — Мы ацэньваем усё ж такі з пункта погляду вытворчасці…

Г.М.: — Тым не менш, мінус айчынных забаўляльных ток-шоу бачу ў тым, што большасць вядучых не з’яўляецца аўтарамі. Атрымліваецца, чужыя думкі даходзяць да гледача ў скажонай версіі. Адсюль — і ўспрыняцце з таго боку экрана…

Т.Л.: — Не пагаджуся: практыка супрацы аўтара і, скажам так, дыктара — натуральная. У вуху вядучага ўсё роўна “гучыць”-камандуе аўтар. Таму адыгрываюць ролю вопыт, прафесіяналізм, імправізацыя.

Г.М.: — Удакладню: імправізацыя на гатовым матэрыяле.

Т.Л.: — Быў варыянт, паводле якога мы мусілі працаваць з аўтарам. Але я не магу прымусіць сябе падпарадкоўвацца чужому бачанню тэмы. Папрацаваўшы ў Маскве, бачыла, калі з, даруйце, пустышкі дзякуючы добраму “вуху” і камандзе профі рабіўся не вядучы, а цукерачка! І наадварот: шыкоўны вядучы можа стварыць адваротны эффект пры дрэнным мантажы ды бляклым святле.

— Чаму ў нас часта спрацоўвае менавіта другі варыянт?

Т.Л.: — Гэта пытанне матывацый і тэхнікі. Асабіста мы імкнёмся працаваць максімальна якасна.

Пункт прарыву культурнага ТБ

— Тамара, як вам бачыцца культурны складнік у тэлеэфіры, з якім вам даводзілася працаваць шмат гадоў: сёння ўзнікае адчуванне, што ён зводзіцца да анонсаў, рэпартажаў з прэм’ер і “дацкіх” сюжэтаў…

Т.Л.: — Вобразна кажучы, каня і лань упрэгчы ў адзін воз цяжка. Уласна культурнае тэлебачанне, хутчэй, — ціхае. Асабіста мне даспадобы праграмы, дзе задача — не пакрычаць, а пагутарыць. Не люблю рэаліці-шоу, з жахам гляджу прайм-таймавыя ток-шоу, але як тэлевізійшчык бачу, што яны шыкоўна манціруюць сюжэты! А ўрэшце, калі вынесці “за дужкі” рэйтынгавых монстраў, якія не зважаюць асабліва на рэфлексіі, асноўны масіў забаўляльнага сегмента не такі ўжо і благі: ён рухае наперад тэхналогіі і прымушае развівацца сам жанр.

— Але праз яго сучаснае ТБ называюць не інакш, як “скрыня”…

Т.Л.: — Сумясціць у адным канале культурны ды забаўляльны складнікі, відаць, і немагчыма. Таму ў буйных медыяхолдынгах, пры магчымасці, ствараюць культурны праект, не задумваючыся пра яго рэйтынгавасць. Умоўна кажучы, гэта рэпутацыйны праект. Аўдыторыі ў падобным выпадку не важнае мільгаценне кадраў, мантаж. Галоўнае — персона ў кадры. Сусветная тэндэнцыя: культурнае ТБ пайшло эканомным шляхам, адышоўшы ад візуальных эфектаў. Так, праз тое губляецца малады глядач, але заўжды знаходзіцца пункт прарыву “да маладога мозгу”, калі сумяшчаюцца крэатыўныя хады і непапсовае начынне…

Пра кіно і брэнды

— Сёння для Мінска распрацоўваецца турыстычны брэнд. Дзейсным сродкам папулярызацыі падобных брэндаў становяцца кіно ды літаратура. Мо і ваш “Ціхі цэнтр” змог бы заняць нішу ў шэрагу мінскіх брэндаў? Балазе аднайменныя раман і серыял ужо маюцца…

Т.Л.: — Я цяпер не кажу пра канкрэтны “ціхі цэнтр” як пра месца развіцця падзей у кнізе або на экране. Хутчэй — пра яго як пра тыповую мінскую з’яву. Прыгадваю, скажам, кварталы ў глыбіні сённяшняга праспекта Пераможцаў — Ракаўскае прадмесце, якое студэнткай малявала на эцюдах. Ну чым не брэндавы кавалак горада быў?..

Г.М.: — І найдакладней такія мясціны вызначаць госці краіны. Мы можам рабіць стаўку на адны аб’екты, а турысты прыедуць паглядзець на нешта іншае. Прыгадайма прыклад Эйфелевай вежы, якую парыжане хацелі ў свой час разабраць. Калізей рымляне не збіраюцца аднаўляць, бо гэтыя руіны — яшчэ і звышпрыбытковы аб’ект турбізнесу. Карацей, турыстаў цікавіць тое, што носіць адбітак рэальнай даўніны.

— На якія мясціны, на вашу думку, “клююць” госці Мінска і, шырэй, Беларусі?

Т.Л.: — Прымаючы час ад часу турыстаў, пераканаліся: ім цікавыя Траецкае прадмесце, Нацыянальная бібліятэка, “Дудуткі” і… Камароўка, дзе прадаецца брэндавае сала.

Г.М.: — Радуе і рух, звязаны з абуджэннем цікавасці да нашай мінуўшчыны — як з боку землякоў, так і іншаземцаў. Літаральна пару тыдняў таму давялося пабываць у Мірскім замку: гэта музей з сапраўды высокатэхналагічным начыннем, роўны іншым еўрапейскім аналагам.

Т.Л.: — Аматарам аўтэнтычнай даўніны варта наведаць многія іншыя помнікі спадчыны, праца над захаваннем якіх толькі распачынаецца, а турмаршруты іх чамусьці абмінаюць.

— Так, па-за маршрутамі ў Мір, Нясвіж, Брэсцкую крэпасць і Белавежскую пушчу застаецца столькі непаўторных мясцін…

Г.М.: — Такая сусветная тэндэнцыя, што вынікае з планавання турбізнесу. Рэдкі турыст “рызыкне” паехаць па “няходжаных” мясцінах.

Т.Л.: — Да прыкладу, у Іспаніі, пастаяўшы ў чэргах пад спякотным сонцам, мы ўсёй сям’ёй рушылі па мясцінах, не пазначаных у гідах і на картах як найпершыя адметнасці. Іншая справа, што там няма праблем з інфраструктурай. Ды і наяўнасць раскручаных праз фільмы постацей мінулага ды мясцін мае ўплыў на турыстаў.

— Дык ці маеце інтарэс да ўвасаблення на кіна- або тэлеэкране асоб нашай гісторыі?

Т.Л.: — Мне гэта вельмі цікава, але фантазіраваць на тэму гісторыі я не ўмею. З іншага боку, радуе праца калег. Ведаю, што здымаецца вострасюжэтная карціна на аснове нацыянальнай легенды. Ідзе таксама праца над фільмам Аляксандра Міты пра стасункі Шагала і Малевіча ў Віцебску. Што да мяне, дык гатова напісаць сцэнарый меладрамы, стужкі пра “змрочны ўнутраны свет” сучаснай жанчыны…

— А жанчыны з беларускай гісторыі?

Т.Л.: — Рэгіна Саламея Русецкая-Пільштынова — вострасюжэтная меладрама атрымалася б: і муж здрадзіў, і царскія пашаноты, і галота, і атрута, і грошы, і талент вялікі… Драматычныя гісторыі Алаізы Пашкевіч ды Ларысы Геніюш таксама маглі б крануць сучасніка…

Г. М.: — А я яшчэ містычную гераіню нагадаю — Барбару Радзівіл…

Т.Л.: — Або мае бабулі — Яўгенія Іванаўна ды Ганна Ануфрыеўна, пра каго напісала сцэнарый: сучаснасць — і яны, мілыя. Гераічныя жанчыны, што вырасцілі па чацвёра — пяцёра дзяцей, перажылі вайну…

Распытваў Фёдар АФАНАСЬЕЎ