Карызна-бэнд

№ 42 (1064) 20.10.2012 - 27.10.2012 г

Творчасць “з працягам”

25 кастрычніка ў Канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца творчы вечар беларускага кампазітара Уладзіміра Карызны. Пры згадванні ягонага імені часта дадаюць: Карызны-малодшага, каб адрозніваць ад бацькі — паэта Уладзіміра Карызны. Праўда, апошнім часам “малодшага” сталі называць яшчэ і Карызнам-сярэднім, каб падкрэсліць наяўнасць яшчэ аднаго зорнага пакалення — лаўрэата міжнародных конкурсаў, сусветна вядомага віяланчэліста Івана Карызны. Сярод “малодшых” — не толькі сын, але і дачка кампазітара, лаўрэат міжнародных конкурсаў, скрыпачка Настасся Карызна. Усе яны, разам з жонкай юбіляра — піяністкай Святланай Карызна, таксама прымуць удзел у вечары.

/i/content/pi/cult/396/7984/2-1.jpeg

Абсалютна заканамерна, што ледзь не палова канцэрта пройдзе ў выкананні харавых калектываў, у тым ліку Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Р.Шырмы пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхася Дрынеўскага і Дзяржаўнага камернага хору на чале з Наталляй Міхайлавай. Пра кампазітарскі талент Уладзіміра Карызны-”малодша-сярэдняга” загаварылі менавіта пасля з’яўлення ягоных першых харавых твораў. І было гэта яшчэ ў яго студэнцкія гады, калі ён вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе кампазіцыі народнага артыста краіны, прафесара Яўгена Глебава. Цікава, што, у адрозненне ад многіх “глебавічкоў” (а менавіта так называлі навучэнцаў гэтага кампазітара-класіка, адной з адметнасцей якога была надзвычай яркая па тэмбравых фарбах аркестравая творчасць), ён практычна адразу пачаў з самастойнага стылёвага почырку. Менавіта харавога і вакальнага! Бо такую глебаўскую рысу, як каларытнасць тэмбравых фарбаў, перанёс на харавую фактуру. Хор у яго загучаў як цэлы “аркестр чалавечых галасоў”, а не толькі як адзіны “калектыўны пачатак”.

— У адным канцэрце, — кажа кампазітар Уладзімір КАРЫЗНА, — я паспрабаваў з’яднаць адразу два. Ці нават тры. Першае аддзяленне будзе прысвечана акадэмічнай музыцы, прычым не толькі харавой, але і інструментальнай. Сярод прэм’ер, дарэчы, прагучыць “Найгрыш” для віяланчэлі-сола. Гэта першы твор, які я напісаў для свайго сына. Раней да сольнай віяланчэлі не звяртаўся, бо лічыў, што для гэтага інструмента напісана шмат цудоўнай музыкі: не толькі класічнай, але і сучаснай. А гэты вечар усё ж вымусіў мяне паспрабаваць. Ну а дачка з жонкай выканаюць маю Санату для скрыпкі і фартэпіяна. Другое ж аддзяленне канцэрта — цалкам эстраднае. Выступяць дуэт “Аляксандра & Канстанцін”, Пётр Ялфімаў, Марына Васілеўская, ансамбль народнай музыкі “Бяседа” Белтэлерадыёкампаніі ды многія іншыя. Спадзяюся, слухачы адкрыюць для сябе некалькі новых імёнаў.

— Новым для нашай культурнай прасторы будзе і тое, што атрымаецца, па сутнасці, не аўтарскі канцэрт, а, можна сказаць, сямейны. Наколькі я ведаю, большасць вашых песень, што прагучаць у другім аддзяленні, створаны на вершы бацькі. Вы прынцыпова абралі менавіта яго паэзію?

— Што значыць: “прынцыпова”? Кожны кампазітар шукае ў паэзіі тое, што яму сугучна. Я звычайна знаходзіў гэта менавіта ў творчасці бацькі. І быў, дарэчы, далёка не адзіным у сваіх памкненнях: да яго вершаў звярталіся і звяртаюцца, бо яны музычныя ўжо паводле сваёй прыроды. Бацька, дарэчы, таксама музыку ствараў, але на нейкім этапе пераважыла менавіта паэзія.

— Вы адчувалі сябе нашчадкам творчых традыцый беларускай інтэлігенцыі, закладзеных, у тым ліку, бацькам-паэтам?

— Шчыра прызнацца, гэта было нялёгка. З аднаго боку, на цябе быццам ускладзена місія. З іншага ж — многія лічылі, что праз бацьку на мяне сыплецца манна нябесная. Насамрэч, дабіваўся я ўсяго сам, ён жа толькі дапамагаў — той жа ўласнай творчасцю: мне не трэба было доўга ды напружана, як іншым, шукаць “свайго” паэта, які будзе адчуваць і разумець мяне, можа, лепш за мяне самога.

— А вашы дзеці? Вы самі “накіравалі” іх у музыку, каб прадоўжыць дынастыю?

— Не столькі я ці мы з жонкай, колькі тая атмасфера, у якой яны жылі з дзяцінства. Яшчэ з маленства яны ведалі мае песні: спачатку — дзіцячыя, пазней — “дарослыя”. А колькі класікі ў доме гучала! У гэтым сэнсе, пэўна, выбар прафесіі быў прадвызначаны, тым больш, што і здольнасці ў іх рана выявіліся. Але я ніколі не “накіроўваў”: маўляў, музыка і нічога, апроч яе, — канчатковы выбар кожны рабіў сам. Хаця творчасць — гэта ж не толькі прафесія, але і нешта большае. І мае дзеці сёння — гэта тое, у чым я бачу свой працяг…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"