Дыхайце — натуральна

№ 42 (1064) 20.10.2012 - 27.10.2012 г

Беларускі ёдаль у сэмпл-варыяцыях

26 кастрычніка ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі адбудзецца канцэрт, прымеркаваны да 20-годдзя гурта “Палац”. Ягоны вакаліст Алег ХАМЕНКА — выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Мы пагутарылі з ім пра сённяшняе студэнцтва і кадравы дэфіцыт рэгіянальнай культуры, пра развіццё фестывальнага “рокавага” фольк-руху і, натуральна, пра “палацавыя інтэр’еры” ды перспектывы.

/i/content/pi/cult/396/7983/1-4.jpeg

— У 1992 годзе “Палац” узяў ды нарадзіўся менавіта ў сценах тады яшчэ Інстытута культуры. Вы, Алег, былі студэнтам гэтай установы?

— Так. Як і Юра Выдронак, Дзіма Карабач, Юра Белякоў — эстрадна-духавая кафедра. Так што музыку выконвалі розную, у тым ліку і на духавых інструментах. Але быў і хард-рок, і блюз. Збіралі архаічныя афрыканскія блюзы... Зразумелі, што тую блюзавую аўтэнтыку нам спяваць цяжка. Звярнулі ўвагу на тое, што ў нас ёсць уласны, беларускі блюз...

— Наколькі паўплывалі на вас, студэнтаў, “Песняры”?

— Яны прапанавалі новы падыход да акадэмічнага фальклору. Уладзімір Мулявін, Ігар Лучанок ездзілі па вёсках, запісвалі старадаўні аўтэнтычны спеў. Народная песня трапляла на сцэну праз эстрадна-акадэмічны вакал... А мы выкарыстоўваем старадаўнюю беларускую традыцыйную спеўную манеру, падобныя манеры ёсць у многіх краінах свету, — так званы ёдаль. На Беларусі яна мела шмат разнавіднасцей... Натуральна, нам спатрэбіўся новы падыход да гарманізацыі. “Песняры” разважалі катэгорыямі блюз-рока, вакальна-інструментальнага ансамбля, мы ж прапанавалі катэгорыі, звязаныя з сучаснымі музычнымі напрацоўкамі, у першую чаргу — электроннымі. Гэта дазволіла выкарыстаць шмат адрозных сэмплаў, інакш кажучы — запазычаных тэмбраў...

— Пра “Палац” мы яшчэ пагаворым... Скажыце, што вы выкладаеце ва ўніверсітэце?

— Тэхналогію прадзюсарскай дзейнасці ў музычнай культуры. Гэта падрыхтоўка спецыялістаў, якія маглі б стаць паспяховымі адміністратарамі, дырэктарамі музычных калектываў... Такіх прафесіяналаў цяпер вельмі не хапае, у тым ліку і ў раёнах, дзе таксама з’яўляюцца гурты, цікавыя выканаўцы, ансамблі.

— Нават пры аддзелах культуры, пра што мы таксама пішам...

— Такая карціна — ва ўсім свеце. У мястэчку на некалькі тысяч чалавек моладзь прагне сучаснай культуры. Толькі ў замежжы гурт-пачатковец вельмі хутка звязваецца з менеджарам, а ў нас гэтая індустрыя, на жаль, пакуль адсутнічае, таму сувязь са спецыялістамі не наладжана...

— Вы сёлета сталі мастацкім кіраўніком фольк-фестывалю “Камяніца”. Як ацэньваеце ўзровень самадзейных фольк-каманд?

— Я не казаў бы, што гэта самадзейныя каманды. Гэта каманды — аматарскія. Аматары — часцяком больш шчырыя. І менавіта ў гэтым асяродку адбываецца сапраўдны музычна-культурны рух. Прафесіянал працуе ў “канвеерных” умовах, у абмежаваным фармаце, — павінен выдаваць тое, што ад яго чакаюць. Аматар жа вольны ад нейкіх абмежаванняў, і ягоная творчасць — сапраўды народная. На сцэне, у тым ліку эстраднай, гэта, лічу, — самае галоўнае. Маю на ўвазе не толькі якасць валодання інструментам, але і якасць мыслення, выбару актуальных тэм. Прафесіянал не можа хутка рэагаваць на грамадскія змены.

— Што адбылося за дваццаць гадоў з “Палацам”? Пастарэлі?

— Год — за два, а той за тры ішоў... Так, змяніліся: памудрэлі. Пасталелі, але не пастарэлі. Самае галоўнае — не скамянелі ўнутрана.

— Колькі слоў пра юбілейную праграму, калі ласка.

— Будуць зусім новыя песні з альбома “Кола грукатала”. Выканаем некалькі твораў з нашага праекта паводле беларускай народнай казкі “Салдат-доктар”. Але будуць прысутнічаць і старыя кампазіцыі, якія мы любім граць цягам усіх дваццаці гадоў.

— “Палац” — гэта мроя?

— Кожная культура і ў любой краіне пакідала па сабе палацы ды храмы як з’явы-аб’екты, праз якія аднаўляецца мысленне, працягваецца рух наперад.

— А ёдаль нарадзіўся колісь як радасны парыў беларускай душы?

— Так! Натуральнае дыханне наўпрост звязана з натуральнай эмоцыяй, з правільнай думкай.

— Рычы Блэкмар, напэўна, стаміўся ад хард-рока — цяпер этна-музыку выконвае. А вам стамляцца няма ад чаго — вы ж дваццаць гадоў запар толькі народнае і гралі?

— А гэта агульнаеўрапейскі рух. Бітлы ў свой час таксама індыйскімі сітарамі зацікавіліся. Заўжды надыходзіць час пошуку глыбіні.

— Алег, скажыце, а калі мы “заб’ём бакі” “Акіяну Эльзы”?

— А мы даўно гэта зрабілі. З пункта гледжання мыслення. Але пакуль не можам гэтага зрабіць з пункта гледжання якасці прамоўшна. Музычна-забаўляльная індустрыя Украіны пакуль непараўнальна мацнейшая за беларускую...

Фота аўтара

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"