У Гомелі была прэзентавана новая акцыя — “Чытальная зала на калёсах”. Ініцыятарам праекта выступіла 11-я гарадская бібліятэка пры падтрымцы адміністрацыі Савецкага раёна і кіраўніцтва Гомельскага аўтобуснага парку № 1.
Першы ж рэйс выклікаў цікавасць у пасажыраў. А ўсё таму, што кнігі, газеты, часопісы, якія размяшчаліся ў незвычайным аўтобусе, можна было не толькі пачытаць пад час паездкі, але і пакінуць сабе.
Маршрут № 17, які ўзяў старт у Савецкім раёне, праходзіў праз увесь горад. “Чытальнай залай на калёсах” кіраваў шафёр, апрануты ў адзенне, нечым падобнае да таго, што насіў першадрукар Францыск Скарына. На самім жа аўтобусе былі размешчаны яркія надпісы, якія нагадвалі пра Год кнігі, а ўнутры салона — выказванні знакамітых асоб пра Яе Вялікасць Кнігу.
У аўтобусе меліся буклеты з адрасамі бібліятэк, пералік тых паслуг, што яны аказваюць, спісы новых кніг, якія выйшлі ў выдавецтвах нашай краіны, ды іншая інфармацыя. Цягам усяго маршруту бібліятэкары распавядалі пра свае ўстановы, рабілі агляды кніг сучасных беларускіх пісьменнікаў, а таксама чыталі вершы паэтаў Гомельшчыны.
Названая акцыя — адна з форм рэкламнай работы, што скіравана на папулярызацыю чытання сярод жыхароў і гасцей горада.
Антаніна ВАСІЛЬЕВА, бібліятэкар 11-й гарадской бібліятэкі г. Гомеля
На здымку: удзельнікі акцыі пад час працы выязной бібліятэкі.