Пра “надвор’е” адной выстаўкі

№ 42 (1064) 20.10.2012 - 27.10.2012 г

Неюбілейныя нататкі: экспазіцыя да 130-х угодкаў Янкі Купалы і Якуба Коласа

/i/content/pi/cult/396/7980/4-2.jpeg

У прэс-рэлізе Рэспубліканскай мастацкай выстаўкі, прысвечанай 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, гаворыцца: “…Сённяшні дзень у наша стаўленне да спадчыны ўносіць новую нотку ў асэнсаванне коласаўска-купалаўскай тэматыкі. Мастакі наноў разглядаюць жыццёвы шлях паэтаў — больш складаны і трагічны, чым падавалася раней, расстаўляюць іншыя акцэнты ў напісаных імі радках. Яны абапіраюцца на дакладнасць этнаграфічных і гістарычных дэталей, ілюстраванне тых літаратурных твораў, якія з розных прычын былі абыдзены ўвагай мастакоў, падыходзяць да тэматыкі праз уласнае бачанне і нечаканую пластыку ў жывапісных палотнах, у графічных работах, творах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прадстаўленых у экспазіцыі, з’яўляюцца нечаканыя вобразныя параўнанні, складаныя асацыятыўныя рашэнні…”.

/i/content/pi/cult/396/7980/4-3.jpeg

Прачытаўшы такія радкі, натхнёны глядач, канешне ж, пойдзе на выстаўку, каб убачыць у прасторы Палаца мастацтва “складаны і трагічны жыццёвы шлях паэтаў”, “нечаканую пластыку”, новыя творы, “нечаканыя вобразныя параўнанні, складаныя асацыятыўныя рашэнні”. Не хачу казаць за гледача, але асабіста я проста быў расчараваны тым, што ўбачыў, бо чакаў, што Рэспубліканская выстаўка ў гонар вялікіх Песняроў акажацца па-сапраўднаму вартай гэтых імёнаў. Хаця б на ўзроўні тых юбілейных выставак, прысвечаных Янку Купалу і Якубу Коласу, якія прайшлі пяць і дзесяць гадоў таму па лініі Міністэрства культуры і Беларускага саюза мастакоў.

/i/content/pi/cult/396/7980/4-6.jpeg

Сапраўды, у сённяшняй экспазіцыі прысутнічаюць практычна ўсе жанры жывапісу і графікі, ёсць некалькі габеленаў, ёсць плакат, кераміка. Але, скажам, скульптары чамусьці амаль цалкам праігнаравалі выстаўку, акрамя Л. і С. Гумілеўскіх ды яшчэ трох-чатырох творцаў. Ёсць і новыя работы, аднак яны зусім не робяць у экспазіцыі надвор’я: у асноўным, гэта пейзажы, нацюрморты, кампазіцыі, якія да “канцэпцыі” (хаця ніякай канцэпцыі выстаўкі, мяркую, наогул не існуе), дакладней, да коласаўска-купалаўскай тэматыкі, маюць вельмі ўмоўнае дачыненне.

/i/content/pi/cult/396/7980/4-4.jpeg

Такім чынам, вы не знойдзеце ў экспазіцыі нічога таго, што так эмацыйна распісана ў прэс-рэлізе. Асноўную “ўдарную сілу” ўзялі на сябе рэтра-работы з фондаў БСМ, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Дзржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Тут — даўно знаёмыя творы выдатных нашых мастакоў А.Кашкурэвіча, Г.Паплаўскага, А.Лось, Н.Воранава, В.Шаранговіча, В.Жолтак, Г.Вашчанкі ды іншых. Канешне ж, калі гаворка пайшла пра рэтраспекцыю, хацелася б яшчэ раз сустрэцца з творамі пра Купалу і Коласа, створанымі М.Савіцкім, Л.Шчамялёвым, У.Стальмашонкам, А.Анікейчыкам, але яны чамусьці засталіся па-за рамкамі сённяшняй выстаўкі.

/i/content/pi/cult/396/7980/4-9.jpeg

Тым не менш, я не магу кінуць камень у тых мастакоў, хто прадставіў свае новыя работы. Усё ж, працуючы без усякіх дагавораў, без усякіх надзей на закупку работ, гэтыя майстры (і сталыя, і маладыя) адгукнуліся на запрашэнне, дакладней — заклік кіраўніцтва Саюза мастакоў, і прынялі ўдзел у мастацкім святкаванні юбілеяў Песняроў. Таму аналізаваць новыя творы, шукаць у іх недахопы не буду, бо, як кажуць, “не страляйце ў піяніста — ён грае як можа”.

/i/content/pi/cult/396/7980/4-7.jpeg

Выстаўка атрымалася на сціплым, камерным узроўні, але гэтая “камернасць”, мякка кажучы, мала адпавядае значнаму юбілею класікаў слова. Прычына ўсяго гэтага яшчэ і ў тым, што ўпершыню за апошнія дзесяцігоддзі Міністэрства культуры не прыняло ўдзел у арганізацыі Рэспубліканскай выстаўкі. Гаворка ідзе менавіта пра сённяшнюю экспазіцыю.

/i/content/pi/cult/396/7980/4-1.jpeg

“Мы павінны рабіць агульную справу, — зазначыў кіраўнік Саюза мастакоў Уладзімір Савіч. — Як грамадская арганізацыя БСМ апынуўся сам-насам з рэальнасцю, калі справа закранула святкаванне юбілею нашых класікаў на выяўленчым полі…”

/i/content/pi/cult/396/7980/4-8.jpeg

Фон нашага сучаснага — на жаль, хісткага, зыбкага — мастацкага жыцця пакуль яшчэ не вельмі ўстойлівы, адзначаны рысамі раз’яднанасці пакаленняў, старой і новай кан’юнктуры. Час паказвае, як шмат значыць бескампрамісная — творчая, грамадзянская, чалавечая — пазіцыя мастака, свабоднага, незалежнага ад выпадковых абставін, у тым ліку матэрыяльных, які выяўляе сябе ў часе і час — у сабе.

/i/content/pi/cult/396/7980/4-5.jpeg

А гэта магчыма толькі тады, калі мы, мастакі і ўсе зацікаўленыя асобы, будзем працаваць разам, плячо ў плячо. Вось такія думкі з’явіліся ў мяне ў час наведання выстаўкі, прысвечанай юбілейным датам Янкі Купалы і Якуба Коласа…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"