Квінтэсэнцыя грамадскай місіі ў “мегаінтэр’еры” музея

№ 42 (1064) 20.10.2012 - 27.10.2012 г

Рух наперад як лейтматыў: тры дні, якія крышку змянілі музейны свет да лепшага

Усё пачалося з таго, што зялёны паветраны шар з пазнавальнымі абрысамі Старога замка лёгка ўзняўся ў шэрае кастрычніцкае неба. Далейшы ход падзей Першага Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі” лагічна працягваў гэтую ўверцюру, напаўняючы выкшталцоную метафару канкрэтным зместам.

/i/content/pi/cult/396/7979/2-2.jpeg

Не выпадае нават спрачацца, што паводле свайго маштабу гэтая падзея, арганізатарамі якой выступілі Міністэрства культуры нашай краіны і Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт, не мае аналагаў ва ўсёй сучаснай (і не толькі) гісторыі Беларусі. 152 музеі з усёй краіны — ад малых да вялікіх — прадставілі пад адным дахам сваю творчую “квінтэсэнцыю”. Больш за 700 іх супрацоўнікаў маглі “на іншых паглядзець ды сябе паказаць”. Форум наведалі прадстаўнічыя госці з 18 краін, у ліку якіх — і дырэктары буйных музеяў. Дзелавая праграма мерапрыемства складалася з 20 старонак тэксту, набранага праз адзін інтэрвал. Урэшце, у фінале форуму адбылося ўручэнне прызоў пераможцам Нацыянальнага конкурсу “Музеі Беларусі — трэцяму тысячагоддзю” — таксама першаму, і не толькі ў нашым тысячагоддзі.

— Форум — гэта добрая нагода яшчэ раз прааналізаваць, якія задачы ставяцца перад музейным грамадствам Беларусі, якія перспектывы адкрываюцца перад намі, — падкрэсліў у сваім прывітальным слове міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка. — І сёння — той дзень, калі мы павінны падзякаваць кожнаму работніку музейнай справы, пачынаючы ад раённых музеяў і да нацыянальных. Музей — гэта тое месца, куды мы ўпершыню адчыняем дзверы маленькім хлопчыкам ці дзяўчынкай, дзе пачынаецца наш шлях да спазнання свету, гісторыі, культуры…

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра, які браў удзел у адкрыцці форуму, перакананы ў тым, што музеі маюць папраўдзе надзвычайную грамадскую місію, спрыяючы падтрыманню духоўнага і ментальнага здароўя нацыі ў цяперашнім свеце супярэчлівых ідэалагем.

“Кутні камень” форуму

Гасцей цырымоніі адкрыцця віталі колішнія ўладары каралеўскай Гародні ў адпаведных іх эпосе касцюмах. І сапраўды, цяжка было знайсці лепшае месца для закладкі “кутняга каменя” музейнага форуму, чым той горад, які ўжо і сам па сабе многія называюць музеем.

/i/content/pi/cult/396/7979/3-1.jpeg

Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, якая непасрэдна курыравала падрыхтоўку форуму з боку муніцыпальных улад, звярнула маю ўвагу на тое, што тэма гісторыі горада чырвонай ніткай прайшла праз дызайн павільёна форуму і ўсёй яго прадукцыі. Нават, здавалася б, чыста дэкаратыўныя элементы аздаблення памяшкання адлюстроўвалі кладку старадаўніх цэркваў колішняй Гародні. А ўдзельнікам падзеі было прапанавана азнаёміцца з галоўнымі адметнасцямі горада на ўласныя вочы: у разнастайнай культурнай праграме знайшлося месца і для экскурсій.

Пляцоўка, на якой адбылася гэтая культурная мегаімпрэза, мела сваю спецыфіку: паралельна са спаборніцтвам музейнага крэатыву ў звышсучасным спартыўным комплексе “Нёман” ладзіліся і спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. Зрэшты, такое спалучэнне спорту і культуры, даўніны і сучаснасці выглядае цалкам лагічным.

 

Як адзначыў карэспандэнту “К” старшыня журы музейнага конкурсу, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі, са складанай задачай правядзення такой маштабнай падзеі горад справіўся на “выдатна”. І гэта — адна з прычын, чаму старая прымаўка пра “першы блін” у дадзеным выпадку не спрацавала. Форум адбыўся “на ўсе сто”, і, думаецца, мала які ўдзельнік або просты наведвальнік гэтай імпрэзы запярэчыць такой ацэнцы.

Мерапрыемства выканала ўсе пастаўленыя перад ім задачы і прайшло як па нотах, ідэальна спалучыўшы атракцыйны ды дзелавы складнікі. Яно не было ні аморфным, ні заціснутым у “бетонныя берагі”, ні занудлівым, ні легкадумным. А знайсці такую “залатую сярэдзіну” — справа папраўдзе складаная.

Неаспрэчна, цяжка перацаніць той унёсак, што зрабіла ў яго правядзенне намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры краіны Святлана Гаўрылава, якая выдатна справілася з абавязкамі свайго кшталту “выканаўчага дырэктара” форуму.

“Указка” ўжо састарэла

Місія такога прадстаўнічага форуму мае дваісты характар: з аднаго боку — гэта выяўленне актуальных “трэндаў” развіцця музейнай справы, з іншага — іх сцвярджэнне або карэкціроўка. Магістральны напрамак — відавочны. Не раўнуючы ўсе музейшчыкі краіны разумеюць, што сёння як ніколі востра перад імі стаіць задача быць “бліжэй да народу”. Адсюль і інтэрактыў, і разнастайныя атракцыі, і пошук усемагчымых спосабаў пашырэння заскарузлага фармату працы кшталту “фота ў вітрыне плюс экскурсія з указкай”. Форум лішні раз засведчыў, што такая тэндэнцыя датычыцца не толькі “прасунутых” сталічных музеяў.

/i/content/pi/cult/396/7979/2-4.jpeg

Сказаць, што ўдзельнікі форуму падрыхтаваліся да гэтай падзеі сапраўды адказна, — значыць не сказаць анічога. Шукаць папраўдзе бляклы ды банальны стэнд можна было з ліхтаром — і безвынікова! Больш за тое: не было і падобных. Форум засведчыў, што “кланіраванне ідэй” зусім не стала завядзёнкай айчынных музейшчыкаў: кожны вынаходзіць менавіта сваю “разыначку”, паглыбляючыся для гэтага ў самыя розныя культурныя кантэксты ды гістарычныя перыяды.

Вось, да прыкладу, змесціва “форумнай зоны” Гомельскай вобласці: Рэчыцкі музей адлюстроўваў найглыбокую архаіку (каб не нарматывы пажарнай бяспекі, яго супрацоўнікі, мабыць, і агонь выкрасалі б), Мазырскі — сярэднявечную эпоху рыцарства (спадзяюся, што фота на памяць у шыкоўных шаломах-масках ужо ўвайшло ў прэйскурант яго платных паслуг), спадкаемцы Паскевічаў і Румянцавых прэзентавалі сябе ў адпаведным эпосе антуражы. А вось Светлагорскі музей звярнуўся да куды больш сучасных пластоў гісторыі (але ўжо менавіта гісторыі!): паркалёвая сукенка, шкляныя бутэлькі кефіру ў авосьцы, старыя добрыя вінілавыя кружэлкі...

Але максімум эмоцый выклікаў знакаміты Веткаўскі музей народнай творчасці. Установа з невялічкага мястэчка пад Гомелем прадэманстравала ўсё і адразу. Глыбокі навуковы падыход да інтэрпрэтацыі семантыкі народнага арнаменту — і цікавы інтэрактыўны ход, што дазваляў кожнаму ахвотнаму далучыцца да традыцый ткацтва. Унікальныя артэфакты на стэндзе — і неблагі набор разнастайных кубкаў з эмблемай ды іншых сувеніраў на любую кішэню. Нават дыван, на якім гэта ўсё адбывалася, быў падабраны адмыслова — адпаведна колеравай гаме стэнда! Таму і не дзіва, што за свой удзел у форуме музей быў адзначаны дыпломам.

 

Нават самі падыходы да фарміравання стэндаў у розных музеях былі даволі розныя. Хтосьці дбаў пра інтэрактыўныя аспекты, нехта — пра аздабленне, той-сёй прыхапіў з сабой у Гродна каштоўныя музейныя прадметы. А хтосьці дарыў магчымасці “рарытэтных” сустрэч. На стэндзе Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны можа было пазнаёміцца з адной з пачынальніц гэтай слыннай установы, якая адкрыла свае дзверы ў зруйнаваным Мінску 1944-га…

Лідзія Сцяпанаўна Жыткевіч прыйшла ў музей сямнаццацігадовай дзяўчынай, адразу з партызанскага атраду “За Радзіму!” брыгады “Беларусь”. У яе руках — пажоўклае фота першых супрацоўнікаў, учарашніх народных мсціўцаў. Многіх ужо няма з намі...

/i/content/pi/cult/396/7979/2-5.jpeg

— У новай экспазіцыі мы плануем адкрыць залу, прысвечаную паваеннаму аднаўленню гаспадаркі, і адной з яе тэм будзе акурат гісторыя музея ды, безумоўна, людзі, што стаялі ля яго вытокаў, — распавяла яшчэ адзін “ветэран” установы Наталля Філіповіч.

Досыць цікавыя стэнды і прэзентацыі прадставілі таксама і школьныя музеі — як вядома, менавіта яны ўтвараюць абсалютную большасць з тых 1914 музеяў, што сёння ў нас існуюць. Добра запомніўся і стэнд прыватнага музея “На Траецкай” з Гродна, які самавіта рэпрэзентаваў яўрэйскую культуру...

З ведамасных устаноў у выставачную залу трапілі толькі музеі МУС ды Музей прыроды і экалогіі, але затое госці форуму здолелі наведаць яшчэ два ў рамках запланаваных экскурсій: аптэку-музей ды пажарную частку.

— Нам вельмі хацелася б бачыць тут больш прыватных ды ведамасных музеяў. Перакананы, што і для іх саміх гэта было б, мабыць, надзвычай карысна, — пракаментаваў сітуацыю Тадэуш Стружэцкі. — Але ініцыятывы яны, на жаль, не праявілі. Тым не менш, наступным разам, напэўна, будзе мэтазгодна праявіць яе нам самім…

Нехта скажа, што рэпрэзентатыўнасць форуму ад гэтага ўсё адно не пацярпела: каб пералічыць прыстойныя прыватныя музеі, напэўна, хопіць пальцаў адной рукі. Але... Мабыць, менавіта таму гэтая кволая пакуль што тэндэнцыя і вымагае асаблівай увагі.

/i/content/pi/cult/396/7979/3-3.jpeg

Сярод замежных удзельнікаў экспазіцыі — Нацыянальны музей “Палац вялікіх князёў літоўскіх”, Разанскі гісторыка-архітэктурны музей-запаведнік і Калінінградскі гісторыка-мастацкі музей, а таксама пяць расійскіх кампаній па распрацоўцы і вырабе сучаснага музейнага абсталявання ды інфармацыйных прадуктаў музея.

У цеснаце, ды не ў крыўдзе

Міжнародная праграма форуму дазволіла яго ўдзельнікам даведацца пра найлепшыя дасягненні сусветнай музейнай справы з першых вуснаў. Прыкладам, Музей навукі і тэхнікі ў Барселоне, які знаходзіцца наўзбоч ад турыстычных трас, дзякуючы ўдалай рээкспазіцыі ды маркетынгавай палітыцы здолеў павялічыць колькасць наведвальнікаў да фантастычнай лічбы — 1 200 000 за год! Як адзначыла Святлана Гаўрылава, на Беларусі таксама ўжо задумваюцца пра стварэнне аналагічнай установы.

Дзелавая частка форуму прадугледжвала не толькі адмысловыя пункты праграмы, але і дэманстрацыю звышсучаснага музейнага абсталявання: свае стэнды ў Гродна прывезлі замежныя прадпрыемствы, якія прапануюць сапраўдныя “ноу-хау” ў гэтай справе. Напрыклад, 3D-тэхналогіі.

Зрэшты, ахвотных апрануць на сябе запаветныя акуляры, каб убачыць нейкі малаўцямны дэманстрацыйны фільм на камерцыйным стэндзе, было не так і багата: ужо не ў навінку! І, думаецца, замежныя “купцы” нямала здзівіліся, сустрэўшы падобную атракцыю і на адным з музейных стэндаў, прычым прысвечаным акурат літаратурным музеям, якія спрадвеку лічыліся крыху больш кансерватыўнымі за астатнія. А фільм дэманстраваў не што іншае, як аўтэнтычнае Купалле.

— Да нас наведваецца багата школьнікаў, і, канешне ж, ад нашай навінкі яны проста ў захапленні! — распавяла дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшкевіч. — 3D дазваляе нам лёгка патлумачыць гарадскім дзецям этымалогію псеўданіма Песняра…

Варты ўвагі варыянт вырашэння праблемы браку экскурсаводаў прапанаваў Нясвіжскі гісторыка-культурны музей-запаведнік. Мяркуецца, што неўзабаве ўсе яго аб’екты (а іх у горадзе багата) будуць забяспечаны QR-кодамі, і шчаслівыя ўладальнікі смартфонаў здолеюць беспраблемна атрымаць кваліфікаваныя экскурсійныя паслугі.

/i/content/pi/cult/396/7979/2-8.jpeg

Тэхнічныя навінкі часта выкарыстоўваюць выключна дзеля “куражу”, але... Наўрад ці хто адважыцца спрачацца з тым, што гэта зусім не той выпадак. Іншая справа — сістэма электронных білетаў і турнікетаў, якую прапаноўвала айчынным музеям адна расійская кампанія. Тут сумневы і сапраўды могуць узнікнуць.

— Мы забяспечваем сваім абсталяваннем найбуйнейшыя расійскія музеі, а таксама стадыёны, — распавёў прадстаўнік фірмы. — Працавалі, прыкладам, на “Еўра-2012”, цяпер вядзём перамовы і з беларускімі стадыёнамі. Каштуе такая сістэма, вядома, нятанна, але і карысць ад яе — адпаведная…

Здавалася, б, пры чым тут нашы музеі? Няўжо ў іх настолькі шмат наведвальнікаў, каб звычайныя білецёры не маглі даць ім рады і сістэму пропуску даводзілася аўтаматызаваць? Тым не менш, некаторыя ўжо сутыкнуліся з такой патрэбай. Прыкладам, той жа Нясвіжскі музей-запаведнік.

— Здараецца так, што колькасць турыстаў, якія адначасова навадняе нашы залы, сапраўды перавышае ўсе разумныя межы, — распавёў яго дырэктар Сяргей Клімаў. — Нам вельмі не хацелася б штучна стрымліваць турыстычныя плыні, аднак неўзабаве, мабыць, усё ж давядзецца…

Чэргі да касы рэгулярна выстройваюцца і ў Нацыянальным мастацкім музеі. Урэшце, як падаецца, турнікеты могуць спатрэбіцца і самому музейнаму форуму. Уваход на яго сёлета быў адкрыты, “перабору” з наведвальнікамі не назіралася, але...

/i/content/pi/cult/396/7979/3-2.jpeg

Галоўны недахоп форуму абсалютна тоесны яго галоўнаму дасягненню. Хто б мог нават прадбачыць, што вялізны спартыўны комплекс, несупастаўны паводле сваіх плошчаў з якой-кольвечы ўстановай культуры, будзе зацесным для беларускіх музейшчыкаў! Вядома, увага да імпрэзы простых гродзенцаў магла б быць шматкроць большай (рэкламы на вуліцах яўна бракавала), аднак у дадзеных варунках яна б стала мо і залішняй. На праходзе паміж музейнымі стэндамі і без таго пастаянна ўзнікалі заторы: многія праграмы доўжыліся ў рэжыме нон-стоп, пастаянна збіраючы нямала наведвальнікаў. Адпаведна, пераўтварэнне прафесійнага мерапрыемства ў “форум прафесіяналаў +”, безумоўна, запатрабуе ў будучым неймаверных арганізацыйных высілкаў. Але задача таго, безумоўна, вартая.

Больш за тое: адчуваўся недахоп не толькі прасторы, але і часу. Супольныя высілкі арганізатараў ды шараговых удзельнікаў спарадзілі столькі выбітных імпрэз, што цікаўнаму наведвальніку даводзілася пастаянна разрывацца. Прыкладам, паміж цудоўным майстар-класам дрыбінскіх шапавалаў, зладжаным тамтэйшым музеем, ды “круглым сталом” на папраўдзе звышактуальную тэму: “Фарміраванне нацыянальных брэндаў і музейны маркетынг”. І тым больш крыўдна, што гэтыя пункты праграмы, без сумневу, — узаемазвязаныя.

Тэорыя і практыка брэндынгу

Нястомны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, які выступіў мадэратарам “круглага стала”, сабраў за ім кіраўнікоў ледзь не ўсіх вядучых музеяў краіны ды жартам прыгразіў, што не выпусціць за дзверы, пакуль нацыянальны брэнд не будзе канцэптуальна акрэслены. Потым, праўда, “злітаваўся”: зразумела ж, гэтае пытанне не можа быць вырашана за тры гадзіны, ды яшчэ і спецыялістамі толькі аднаго профілю.

Жарты жартамі, але не выпадае сумнявацца ў тым, што голас музейшчыкаў у шырокай (і даўняй) дыскусіі адносна нацыянальнага брэнда сапраўды мае вагу. Ужо, прынамсі, таму, што менавіта яны знаходзяцца “на перадавой” турызму і не абы-як усведамляюць рэальную кан’юнктуру. А такія ўстановы, як той жа Нацыянальны мастацкі музей, ужо самі па сабе даўно маюць брэндавы статус.

Зрэшты, намеснік дырэктара НММ Надзея Усава, чый даклад распачынаў “круглы стол”, гаварыла нават не пра будучы Музейны квартал, а пра беларускую вёску з ейным патрыярхальным ладам жыцця. Паводле яе назіранняў, менавіта гэта можа крануць сэрцы прыдзірлівых турыстаў з далёкага замежжа.

/i/content/pi/cult/396/7979/2-1.jpeg

— Неяк мы прывезлі французскіх калег у Смілавічы — на радзіму Суціна, — падзялілася яна досведам, — і вось тут у іх папраўдзе запаліліся вочы! Што яны такога ўбачылі? Карову, што пасецца ў полі, пеўня пасярод местачковай вуліцы, сады, поўныя яблыкаў... Акурат тое, ад чаго мы паступова пазбаўляемся як ад анахранізму...

Магу нават пагадзіцца з тым, што шыкоўны музейны аб’ект у занядбаным сёння палацы Манюшкаў уразіў бы гэтых спецыфічных гасцей нават менш: музеяў яны на сваім веку ўжо наглядзеліся. Але... Нават само геаграфічнае становішча Беларусі вымагае “прафілізацыі” турыстычнага маркетынгу апошняй у залежнасці ад розных мэтавых груп.

Лічбы, агучаныя пад час выступлення Сяргея Клімава, немінуча натхняюць на аналіз. Самая важная з іх — ужо “на слыху”: колькасць сёлетніх наведвальнікаў былой рэзідэнцыі Радзівілаў няўхільна набліжаецца да чатырохсот тысяч. Уражвае! Але пры гэтым дырэктар музея-запаведніка адзначыў, што, паводле ягоных выкладак (дакладную статыстыку бухгалтэрыя не дае, бо ўваходны білет каштуе для ўсіх аднолькава), доля турыстаў з далёкага замежжа не перавысіла і тры працэнты ад агульнай колькасці.

Пра што гэта сведчыць? Перадусім — пра неймаверны (і нават, прызнацца, крыху нечаканы) поспех гісторыка-культурнага турызму як з’явы. Затым — пра магутны патэнцыял унутранага турызму, на які, па шчырасці, многія проста забываюцца, дбаючы пра эфемерных замежнікаў. Зрэшты, нагадаем, што расіяне ў тыя тры працэнты, вядома ж, не трапілі: у Нясвіж яны прыязджаюць тысячамі.

І пакуль французы будуць натхняцца вясковай ідыліяй, мы павядзём гасцей з Масквы ў замак або палац. Кожнаму — сваё. Але ж гэтыя стратэгічныя напрамкі неабходна выразна акрэсліць у маркетынгавай палітыцы музейных устаноў — і айчыннага турызму ў цэлым.

— Лічу, што музеі не павінны выбудоўваць уласны маркетынг, але інкарпараваць гэтую сваю дзейнасць у агульны маркетынг сферы турыстычных паслуг, — перакананы дырэктар Падляшскага музея ў Беластоку Анджэй Ляхоўскі.

Госць з Польшчы прапанаваў свой адказ на важнае для нас пытанне брэнда: культура памежжа. Ідэя падаецца, прынамсі, небанальнай.

— Нават само перасячэнне мяжы з’яўляецца своеасаблівай турыстычнай атракцыяй — вядома, калі візавае пытанне вырашаецца без праблем, — лічыць ён.

Межаў з краінамі-суседкамі ў Беларусі багата, ёсць з кім супрацоўнічаць. Загадчык сектара развіцця турызму і турыстычных паслуг Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Ігар Загрэкаў распавёў пра маштабныя транспамежныя праекты паміж Полацкам і Даўгаўпілсам, асабліва падкрэсліўшы, што пад такія ініцыятывы сёння можна лёгка знайсці пазабюджэтае фінансаванне з крыніц Еўрасаюза. Прычым сваю долю, патрэбную паводле ўмоў гранту, полацкія музейшчыкі ўносяць не грашыма, але адпрацаваным часам.

/i/content/pi/cult/396/7979/2-6.jpeg

Хто б сумняваўся, што цягам “круглага стала” шматразова гучала прозвішча Марка Шагала! Брэнд сапраўды пазнавальны ва ўсім свеце. Вядома, можна да бясконцасці спрачацца, “чый” ён насамрэч і на колькі працэнтаў. Але куды разумней, як падаецца, проста выкарыстоўваць той патэнцыял, якім забяспечыў свой улюбёны Віцебск ягоны ўдзячны жыхар. Менавіта таму да дырэктара Музея Марка Шагала Юліі Сцепанец пад час “круглага стала” было адрасавана больш за ўсё пытанняў: і пра маркетынг, і пра сувенірную прадукцыю, і пра колькасць наведвальнікаў (на жаль, пакуль не надта вялікую), і ўвогуле пра тое, “калі ж Віцебск стане другім Парыжам?”.

Вядома, увасабленне ў жыццё грандыёзнага праекта Шагалаўскага цэнтра, задуманага віцебскімі ўладамі, само сабою вырашыла б ці не ўсе гэтыя пытанні. Але пакуль ахвотніка інвеставаць на добрую справу некалькі соцень мільёнаў долараў не знайшлося, мо наспеў час пачаць, прынамсі, з малога? З якой-небудзь вінтажнай кавяранькі альбо гатэльчыка на Пакроўскай, які дазволіў бы аматару геніяльнага мастака правесці больш часу ў тым “шагалаўскім” Віцебску, што хаця б фрагментарна захаваўся і да нашых дзён.

 — Такія задумы ў нас ёсць ужо даўно, — адказала на гэтае маё пытанне Юлія Сцепанец. — Балазе суседні з музеем участак на Пакроўскай пустуе, і менавіта на ім мог бы размясціцца такі турыстычны аб’ект. Але, на жаль, паразумення з мясцовымі ўладамі тут пакуль знайсці не ўдалося. Хаця ў нас бываюць турысты нават з самых далёкіх краін: Інданезіі, Малайзіі, Аўстраліі... І ім настолькі падабаецца ў музеі, што нават і з’язджаць не хочуць!..

Зрэшты, ёсць усе падставы канстатаваць, што свой унёсак у фарміраванне геаграфічных брэндаў — і нацыянальнага, і рэгіянальных — музейныя ўстановы робяць ужо сёння. Прыкладам, дырэктар Музея-сядзібы “Пружанскі палацык” Юрый Зялевіч распавёў пра тое, як гэтая ўстанова спрычынілася да вяртання памяці пра слыннага ўраджэнца краю — пісьменніка Юзафа Ігнацыя Крашэўскага. Вынік прысвечаных яму музейных мерапрыемстваў папраўдзе манументальны: постаць земляка, пра якога ў Пружанах раней мала хто згадваў, сёння ўвасоблена на фрэсцы, што ўпрыгожвае адзін з дамоў райцэнтра…

...Нібыта падводзячы прамежкавыя вынікі гэтай гутаркі, адзін з гасцей форуму — генеральны дырэктар знакамітага на ўвесь свет Кіева-Пячэрскага гісторыка-культурнага запаведніка Любамір Міхайліна адзначыў:

— Калі раней ваша краіна выклікала ў мяне самыя разнастайныя асацыяцыі — ад знакамітых творцаў, якія ў вас нарадзіліся, і да якаснай малочнай прадукцыі, што я рэгулярна купляю ў Кіеве, — дык цяпер, літаральна сёння, у маёй свядомасці сфарміраваўся выразны брэнд Беларусі. Пабываўшы на гэтым форуме, наведаўшы шыкоўныя музеі Гродна і Мінска, я ўспрымаю Беларусь менавіта як краіну музеяў!..

Не інтэрактывам адзіным

У той самы час, некаторым музеям даводзіцца ваяваць адразу на два франты: не толькі ствараць брэнд горада і краіны, але і абараняць свой уласны. Як распавяла дырэктар Музейнага комплексу “Мірскі замак” Вольга Папко, сёння назву слыннага помніка спадчыны не эксплуатуе ва ўласных патрэбах толькі лянівы: у краіне зарэгістравана ажно 17 гандлёвых знакаў з яе выкарыстаннем. Зразумела ж, плаціць адлічэнні ніхто нават і не думае. Бо дэ-юрэ Мірскі замак — гэта рэстаран, сыр, каўбаса... але толькі не музейны комплекс, размешчаны ў самім замку. Ён пакуль уласным “trade mark” не валодае.

/i/content/pi/cult/396/7979/2-7.jpeg

Вольга Папко паведаміла і пра тое, што не так даўно ўстанова вырашыла даверыць сваё піяр-прасоўванне прафесіяналам, заключыўшы дамову са спецыялізаванай кампаніяй.

— Мы сутыкнуліся з патрэбай усур’ёз заняцца карэкціроўкай уласнага іміджа, — патлумачыла яна. — Дзякуючы публікацыям у пэўных СМІ, некаторыя наведвальнікі звяртаюць большую ўвагу не на сам замак, а на нашу, прабачце, прыбіральню, хаця яна, між іншым, — самая звычайная і нічым не адрозніваецца ад астатніх...

Пра вынікі гэтай карэкціроўкі пакуль казаць зарана, але ў цэлым можна адзначыць, што прафесіяналізацыя спецыфічных накірункаў музейнай дзейнасці ўжо становіцца актуальнай тэндэнцыяй. Яна ахоплівае і правядзенне культурных імпрэз.

— Летась мы спрабавалі справіцца ўласнымі сіламі, аднак фінансавы вынік, на жаль, нас не задаволіў, — распавёў дырэктар Нясвіжскага палацава-паркавага ансамбля Сяргей Клімаў. — Таму і вырашылі пайсці на супрацоўніцтва з прадзюсарскай кампаніяй міжнароднага ўзроўню. І вось, у лістападзе гатовы запрасіць вас на першы V.I.P.-баль…

Хтосьці шукае партнёраў сярод эліты шоу-бізнесу, хтосьці — у РДК праз дарогу. Але паўторымся: агульная тэндэнцыя да насычэння музеяў відовішчамі — больш чым выразная, і праяўляецца яна без залежнасці ад маштабу ўстановы. І тут самы час задацца пытаннем: ці няма небяспекі ў тым, што інтэрактыў ды атракцыя заслоняць усе іншыя аспекты музейнай дзейнасці, далёкія ад камерцыйна-забаўляльных?

Гэтае пытанне я адрасаваў члену журы музейнага конкурсу, прафесару кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў гістфака БДУ Аляксандру Гужалоўскаму.

— Музеі ў наш час знаходзяцца ў стане вельмі жорсткай канкурэнцыі са СМІ ды разнастайнымі забаўляльнымі ўстановамі, і таму яны немінуча павінны змагацца за ўвагу наведвальнікаў, — адказаў ён. — Вядома, тут можна лёгка трапіць у пастку. На Захадзе ўжо нават з’явіўся і адпаведны тэрмін — “дыснейлэндызацыя”. У выніку апошняй музей страчвае саму сваю сутнасць, адпачатны сэнс ды пераўтвараецца ў звычайную забаўляльную ўстанову, не абцяжараную ніякай навуковай ды асветніцкай місіяй. Але прайшоўшыся толькі што па музейных стэндах (а іх узровень стаў для мяне папраўдзе прыемнай неспадзяванкай!), я мушу адзначыць, што ў нас гэтага, на шчасце, не адбылося. У беларускіх музеях сёння працуюць менавіта навуковыя супрацоўнікі, а не якіясьці там аніматары…

Першы, пілотны…

І сапраўды, не інтэрактывам адзіным жывуць нашы музеі. Пра тое, што і навуковы ды адукацыйны аспекты іх дзейнасці (апошняму, дарэчы, быў прысвечаны спецыяльны “круглы стол”) не страцілі сваёй вагі, красамоўна засведчыла адно з найцікавейшых мерапрыемстваў дзелавой праграмы форуму: прэзентацыя разнастайных выданняў — друкаваных і мультымедыйных, — якія нарадзіліся за апошні час у нетрах нашых музейных устаноў. Яна мела назву “Парад рэпрадукцый”, што нечакана выклікала цяжкасці з перакладам.

— Замежныя госці былі вельмі здзіўлены і пыталіся: няўжо беларускія музейшчыкі будуць хадзіць строем са сваімі выданнямі? — з усмешкай распавяла каардынатар форуму, начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння развіцця музейнай дзейнасці Інстытута культуры Беларусі Ірына Лапцёнак.

Выданняў, вартых прэзентацыі на такім паважным форуме, назбіралася папраўдзе багата. Сярод іх былі і шыкоўныя каталогі, і папулярныя брашуркі ды буклеты, і дыскі... Але, бадай, самай галоўнай падзеяй “Парада…” сталася прэзентацыя толькі што надрукаванага нацыянальнага прафесійнага музейнага выдання “Музеі Беларусі: праблемы, перспектывы, інавацыі”. Як і многае пад час музейнага форуму, яно не мае аналагаў у нашай гісторыі.

— Неабходнасць у яго стварэнні была відавочнай ужо даўно, і таму гэтае выданне дакладна можна назваць “доўгачаканым”, — распавяла яго ўкладальнік і рэдактар Ірына Лапцёнак. — Пад час нашых курсаў павышэння кваліфікацыі і навукова-практычных семінараў мы з музейшчыкамі прыйшлі да высновы, што прафесійнае перыядычнае альбо серыйнае выданне абавязкова павінна ў нас быць. Тым больш, расійскія калегі сёння маюць магчымасць чытаць “Музей”, “Мир музея”, украінскія — “Музейный простір”... Ёсць адпаведныя выданні ў іншых краінах. І таму мы шчыра ўдзячныя нашаму Міністэрству культуры за ўвагу да гэтай праблемы, фінансавую ды арганізацыйную падтрымку. Дадам яшчэ, што ў падрыхтоўцы матэрыялаў зборніка прынялі ўдзел супрацоўнікі больш як 40 музеяў краіны, прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Інстытута культуры Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, замежныя партнёры...

Першы, пілотны, выпуск мае сваю тэматыку — актуальныя пытанні экспазіцыйна-выставачнай дзейнасці ды музейнае праектаванне. Важкі часопіс выгодна адрозніваецца ад многіх сваіх “вузканавуковых” сабратаў: яго не толькі карысна пачытаць, але нават і пагартаць прыемна. Досвед у галіне музейнага праектавання, якім дзеляцца карыфеі з вядучых устаноў краіны, дапаўняецца мноствам каляровых ілюстрацый. Ды і самі рубрыкі сведчаць пра актуальнасць выдання: “Музеефікацыя замкаў і палацаў”, “Актуалізацыя музейных калекцый у прасторы экспазіцыі”, “Інтэрактыўная экспазіцыя”, “Канцэптуальны праект”, “Музейны дызайн і інтэрпрэтацыя”, “Мемарыяльная экспазіцыя: рээкспазіцыя ці мадэрнізацыя?”, “Адраджэнне імёнаў”, “Электронная экспазіцыя”. Ёсць тут, вядома, і “З вопыту музеяў замежжа”.

/i/content/pi/cult/396/7979/2-9.jpeg

— Выданне запланавана намі як серыйнае, — працягвае Ірына Лапцёнак. — Штогадовыя выпускі будуць тэматычнымі, прысвечанымі абагульненню дасягненняў і праблем дзейнасці музеяў шляхам асэнсавання магістральных кірункаў музейнай работы. Якія тэмы найперш хацелася б закрануць? Гэта пытанні арганізацыі сацыяльна значных праектаў у сферы музейнай дзейнасці, укаранення ў сферу дадатковай адукацыі музейна-педагагічных праграм, развіцця інфармацыйных тэхналогій і стварэння мультымедыйных прадуктаў, арганізацыі партнёрскіх міжмузейных і міжнародных праектаў, музейнага менеджменту ды маркетынгу — і, безумоўна, развіцця музейнага турызму.

На каго разлічана гэтае выданне? Безумоўна, на ўсіх, хто прафесійна працуе ў музейнай сферы і прагне абмену досведам. Для іх яно мае стаць сапраўды настольнай кнігай. Шкада толькі, што яго наклад — усяго 200 асобнікаў. А музеяў жа ў нашай краіне — амаль дзве тысячы!

Хоцькі-няхоцькі, а канкурыраваць даводзіцца

Кожны з такіх форумаў выконвае і функцыю своеасаблівага кірмашу, дзе партнёры знаходзяць адно аднаго, наладжваюць кантакты ды распрацоўваюць новыя праекты. Асабліва гэта актуальна ў рэчышчы турызму. Ды, на вялікі жаль, “паломніцтва” тураператараў на музейнай імпрэзе не назіралася — хаця, здавалася б, яны атрымалі папраўдзе ўнікальную магчымасць убачыць “товар лицом”, ацаніць яго ды абмяняцца візітоўкамі.

А вось Галіна Патаева, дырэктар найбуйнейшага айчынага тураператара, які спецыялізуецца на ўязным ды ўнутраным турызме, не пашкадавала трох дзён, каб наведаць мерапрыемствы форуму. І лічыць гэты час вельмі карысным для развіцця свайго бізнесу.

— На сённяшні дзень мы прапануем больш за 60 маршрутаў па Беларусі, і я пераканана, што дзякуючы гэтаму форуму іх лік яшчэ ўзрасце, — падзялілася яна сваімі ўражаннямі. — Мы ўбачылі, што беларускія музеі сапраўды развіваюцца і становяцца цікавейшымі для наведвальнікаў. Той “прадукт”, які яны сёння прапаноўваюць, нас збольшага задавальняе, але... Удасканальвацца таксама ёсць куды. Ведаеце, мы не так даўно правялі апытанне нашых кліентаў і высветлілі, што тры чвэрці з іх сёлета наведвалі музеі ў краінах Заходняй Еўропы. Адпаведна, нашым музеям з імі хоцькі-няхоцькі даводзіцца канкурыраваць! І калі ў плане рэпрэзентацыі спадчыны ў іх акурат усё ў парадку, дык тое, што датычыцца сучаснага сэрвісу: пад’езды, рэстараны, безадмоўнасць (калі група прыехала, яе кроў з носу трэба прыняць)... Тут пакуль, скажам шчыра, ёсць патэнцыял для росту.

Цікавы працяг тэма пра “безадмоўнасць” займела на іншым “круглым стале”, акурат і прысвечаным музеям ды турызму (са скрухай адзначым у дужках досыць сціплую рэпрэзентатыўнасць ды колькасць яго ўдзельнікаў). Загадчык філіяла “Пяты форт” Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць — герой” Аляксандр Каркатадзэ ўзняў надзвычай цікавую праблему — музеефікацыі ды турыстычнага выкарыстання аб’ектаў фартыфікацыі ХІХ — ХХ стагоддзяў, якімі гісторыя наш край не абдзяліла: закінутыя фарты, дакі, ракетныя шахты налічваюцца тысячамі.

Само стварэнне згаданага філіяла стала свайго роду адказам на пытанне, што рабіць з гэтай своеасаблівай архітэктурнай спадчынай, балазе і цікавасць турыстаў да яе — навідавоку. Але прымаць тыя групы, якія прыязджаюць у выхадныя, дастаткова складана: у філіяле — усяго тры супрацоўнікі, ды і тыя часта змяняюцца. Прычыны “цякучкі кадраў” — цяжкія ўмовы працы (фартыфікацыя!) і, асабліва, заробкі. Павялічыць апошнія не дазваляе ўзровень пазабюджэтных даходаў — залежны, у сваю чаргу, ад цаны білета. Павялічыць яе не дазваляе нешта яшчэ...

У рамках форуму было арганізавана дзесяць асобных праграм, у якія ўвайшлі канферэнцыя па актуальных пытаннях пабудовы экспазіцыі, “круглыя сталы”, семінары-практыкумы, дыскусійныя пляцоўкі… Пры іх распрацоўцы быў улічаны вопыт арганізацыі падобных мерапрыемстваў у краінах СНД і далёкага замежжа. На думку Ірыны Лапцёнак, каардынатара дзелавой праграмы, галоўнымі складнікамі дзелавой праграмы былі інавацыі музеяў і надзённыя праблемы. А галоўнай рухаючай сілай форуму, як пад час яго падрыхтоўкі, так і правядзення, з’яўляўся крэатыў музейных супрацоўнікаў, дзякуючы якім форум атрымаўся разнастайным, жывым і запамінальным.

Як адзначыў Аляксандр Гужалоўскі, форум павінен і ў далейшым спрыяць наладжванню “гарызантальных” кантактаў паміж музейнымі ўстановамі (што надзвычай важна), і абмеркаванню злабадзённых праблем работнікаў галіны. Бо маўчаць пра набалелае сапраўды складана.

Спаборніцтва тытанаў

Зрэшты, ніякія праблемы не перашкодзілі атмасферы свята. А яна і сапраўды прысутнічала на фінальнай імпрэзе форуму — узнагароджанні пераможцаў конкурсу. Для правядзення цырымоні была абрана ці не найлепшая зала ўсёй Гродзеншчыны — знакаміты Драмтэатр. Ды і канцэртная частка праграмы цалкам адпавядала высокім патрабаванням прафесійнай публікі, хаця, як асабліва падкрэсліў начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі, яна была створана сіламі выключна “тутэйшых” артыстаў — часта нават навучэнскага ўзросту. Запрошаныя зоркі і не спатрэбіліся.

Уладальнік Гран-пры ўсім ужо, напэўна, вядомы. Выбар журы трошкі нечаканы, але... зрэшты, прадказальны. Алгарытм поспеху — таксама навідавоку.

Мне даводзілася бываць у гомельскім палацы гадоў дваццаць таму, і магу меркаваць, што калі б размешчаная ў ім музейная ўстанова засталася на такім самым узроўні, яна б праляцела міма ўсіх намінацый як тая фанера. Але абласныя ўлады сапраўды “паставілі” на палац Паскевічаў і Румянцавых, беспамылкова вызначыўшы галоўны брэндавы аб’ект горада ды ўсяго рэгіёна. Інвестыцый спатрэбілася шмат, высілкаў — яшчэ больш. Затое і чаканы вынік... Вядома, ён залежыў і ад саміх супрацоўнікаў установы, якія нярэдка апярэджвалі ў плане крэатыўнасці сталічных калег, — згадайма хаця б сёлетні нашумелы “Палацавы комплекс”. Уручаючы ўзнагароду, Тадэуш Стружэцкі нагадаў таксама і пра тое, што гомельскі музей — пакуль адзіны ў краіне, які сам выконвае функцыю тураператара.

Апрача дырэктара музея Аксаны Торапавай, на сцэну часцей за ўсё выходзіў і Уладзімір Пракапцоў. Нацыянальны мастацкі музей заявіў сябе ажно ў адзінаццаці конкурсных намінацыях і сабраў шчодры ўраджай прызоў. Урэшце, дырэктар установы быў прызнаны лепшым кіраўніком музея.

— Узгадваючы вядомую прымаўку, мушу сказаць, што менавіта на такіх людзях трымаецца музейная справа, — адзначыў пад час уручэння ўзнагароды Тадэуш Стружэцкі. — Ініцыятывы, энергіі, дасведчанасці Уладзіміра Іванавіча хапіла б на некалькі кіраўнікоў музеяў…

Большасць іншых намінацый падзялілі між сабой вялікія музеі. Раённы перамог толькі ў адной з іх: “Лепшым музеем па арганiзацыi культурна-адукацыйнай дзейнасцi” быў прызнаны Вілейскі краязнаўчы музей за яго праект “ART-VILEYKA”. Нават Спецыяльны прыз для рэгіянальных музеяў забрала сабе ўстанова з тытулам “Нацыянальны” — маецца на ўвазе Музей-запаведнік у Полацку.

Цэнтральныя музеі сапраўды апярэджваюць шчырыя высілкі энтузіястаў з дробных мястэчак. Але няма сумневу ў тым, што і яны не павінны застацца па-за фарматам музейнага конкурсу, што і ў гэтай сферы мусіць быць канкурэнтная барацьба як стымул развіцця. І тут ізноў усплываюць паралелі са спортам, дзе спаборніцтва адбываецца ў розных вагавых катэгорыях...

Без сумневу, самай галоўнай узнагародай конкурсу з’яўляецца ўласна факт узнагароджання, балазе музей можа паспяхова выкарыстоўваць яго ў сваёй піяр-стратэгіі. Ды, тым не менш, кожны пераможца і многія лаўрэаты атрымалі таксама і неблагую “даважку” да славы. “Матэрыяльная частка” Гран-пры складала 150 мільёнаў рублёў, пераможцаў намінацый — 15 — 20. Уручаліся таксама плазменныя тэлевізары, ноўтбукі, турыстычныя і санаторныя пуцёўкі...

Усё гэта стала магчымым дзякуючы спонсарам форуму. Іх спіс, зачытаны на цырымоні, папраўдзе ўражваў: ён утрымліваў амаль паўсотні пазіцый!

Як паведаміў Тадэуш Стружэцкі, пэўнасці ў тым, дзе пройдзе наступны музейны форум — у Гродне альбо ў нейкім іншым горадзе, — пакуль няма. Упэўненасць ёсць толькі ў адным: ён абавязкова адбудзецца! На сёлетнім ужо гучаў выраз “музейнае біенале”. І сапраўды, выглядае прыгожа ды “брэндава”.

Прычым яго арганізатарам давядзецца вучыцца не на памылках, а на поспехах, што, між іншым, куды больш складана. Хаця... Цягам гэтых трох дзён я неаднаразова чуў фразу: “Жыццё вымагае няспыннага руху наперад”. І яна сапраўды можа лічыцца своеасаблівым лейтматывам форуму…

ВЫНІКІ КОНКУРСУ “МУЗЕІ БЕЛАРУСІ —  ТРЭЦЯМУ ТЫСЯЧАГОДДЗЮ”,

праведзенага ў рамках Першага
Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”

ПЕРАМОЖЦЫ КОНКУРСУ

“Гран-пры” — Гомельскі палацава-паркавы ансамбль;

“Лепшае прадстаўленне музея на экспазіцыі форуму” — Гомельскі палацава-паркавы ансамбль;

“Лепшы музей па арганiзацыi культурна-адукацыйнай дзейнасцi” — праект “ART-VILEYKA” Вілейскага краязнаўчага музея;

“Лепшы музей па арганізацыі культурна-адукацыйнай дзейнасці ў справе патрыятычнага выхавання моладзі” — Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць — герой”;

“Лепшая публікацыя аб музейных прадметах” — выданне “Прадметы ўзбраення з гарадзішча Нікадзімава” Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Р. Раманава;

“Лепшае прадстаўленне музея ў сродках масавай iнфармацыi” — публікацыі ў СМІ Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь;

“Лепшае музейнае выданне” — серыя кніг “Славутыя мастакі з Беларусі” Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь;

“Лепшае навуковае праектаванне экспазiцыi” — навуковая канцэпцыя экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны;

“Лепшае мастацкае праектаванне экспазіцыі” — архітэктурна-мастацкі праект асноўнай экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы;

“Лепшая арганізацыя выстаўкі з фондаў музея” — выстаўка “Прысвячэнне заснавальніку” да 90-годдзя з дня заснавання Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея і 120-годдзя з дня нараджэння яго стваральніка Юзафа Ядкоўскага”;

“Лепшая арганізацыя міжнароднай выстаўкі” — выстаўка “Паланэзы на вяртанне” (з архіўных дакументаў М.К. Агінскага) Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры ў Віляноўскім палацава-паркавым ансамблі;

“Лепшая партнёрская дзейнасць” — партнёрская дзейнасць Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь сумесна з “Белзнешэканомбанкам” і “Japan Tobacco International”;

“Лепшы музей па арганізацыі турыстычнага абслугоўвання” — праект “Запаведнай зямлі куток” Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.

“Лепшая работа рэстаўратара” — рэстаўрацыя партрэта “Манах-картэзіянец. Джон Х’ютан. XVII ст.”, праведзеная Гродзенскім дзяржаўным музеем гісторыі рэлігіі;

“Лепшы рэгіянальны музей” — Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік;

“За вернасць прафесіі” — Кучар Зінаіда Лявонаўна, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры;

“Лепшы кіраўнік музея” — Пракапцоў Уладзімір Іванавіч, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Гродна — Мінск

Фота аўтара

і Ірыны ЛАПЦЁНАК