У кантэксце інтэрактыву

№ 42 (1064) 20.10.2012 - 27.10.2012 г

Літаральна праз некалькі дзён у Беларусі адбудуцца асноўныя мерапрыемствы, прысвечаныя святкаванню юбілею з дня нараджэння нашага класіка, народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Цэнтральныя ўрачыстасці пройдуць і на малой радзіме творцы — Стаўбцоўшчыне.

Як адзначылі ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, сёлета чакаецца надзвычай насычаная праграма Рэспубліканскага свята паэзіі “О, Беларусь, ты сэрца і душа...”. У прыватнасці, 26 кастрычніка ў Стоўбцах адбудзецца ўрачыстая сустрэча ганаровых гасцей свята з удзелам народных калектываў раёна. Пасля ўрачыстае дзейства перанясецца ў мемарыяльныя сядзібы.

/i/content/pi/cult/396/7973/2-1.jpeg

Так, у сядзібе “Акінчыцы” ў святочнай праграме “Абернем у свята мы дзень наш будні” запланавана выстаўка юных мастакоў Стаўбцоўшчыны, выступленні паэтаў-землякоў. А яшчэ падрыхтаваны інтэрактыў: знаёмства з “ажылымі” героямі твораў Якуба Коласа.

Мемарыяльная сядзіба “Альбуць” падрыхавала праграму “Дзяцінства сны мае…”, куды ўключаны выстаўка-кірмаш вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з майстар-класамі творцаў, дзіцячая выстаўка рамёстваў “На крылах натхнення”, выступленне ўдзельнікаў конкурсу “130 прысвячэнняў Якубу Коласу” і нават дэгустацыя старадаўніх беларускіх страў, апісаных у творах класіка.

Выстаўка майстроў народнай творчасці пройдзе і ў Мемарыяльнай сядзібе “Смольня”, дзе, сярод іншага, чакаюцца выступленні членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі і музычна-харэаграфічная кампазіцыя “Мой родны кут” у выкананні народных калектываў Стаўбцоўшчыны.

У сваю чаргу, у Старасвержанскім цэнтры культуры адбудзецца вялікі святочны канцэрт з удзелам Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі “Свята”, Музычнай капэлы “Санорус”, лаўрэата міжнародных конкурсаў Пятра Ялфімава, салісткі Маладзёжнага тэатра эстрады Ганны Благавай, а таксама акцёраў беларускіх тэатраў.

К.А.