Як адшукаць нашы скарбы?

№ 42 (1064) 20.10.2012 - 27.10.2012 г

З першых вуснаў: якія праекты цікавяць спонсараў і мецэнатаў?

14 кастрычніка, у Дзень работнікаў культуры, у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі прадстаўнікам шматлікіх кампаній і арганізацый, якія сістэмна падтрымліваюць значныя культурныя праекты, былі ўручаны Падзякі міністра культуры краіны.

На пачатку мерапрыемства міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка адзначыў, што адраджэнне і ўмацаванне традыцый мецэнацтва ў краіне — адзін з найпрыярытэтных кірункаў у дзейнасці Міністэрства. Прычым, як заўважыў кіраўнік ведамства, апошнім часам для гэтага створаны спрыяльныя ўмовы на заканадаўчым узроўні. Прэзідэнтам краіны падпісаны ўказы аб ільготным падаткаабкладанні ў сферы культуры і інфармацыі, аб новым парадку фінансавання тэатральна-відовішчных арганізацый ды многія іншыя. Таксама пашыраны пералік мэт, на якія выкарыстоўваецца спонсарская дапамога ў сферы культуры і на якія могуць выдаткоўвацца сродкі з фондаў Кіраўніка дзяржавы. Вынікі названых ініцыятыў — навідавоку.

— Паводле нашых даных, летась на галоўныя культурныя мерапрыемствы ў Беларусі было прыцягнута каля дзевяці з паловай мільярдаў рублёў, — адзначыў Павел Латушка. — Сёлета ж сума спонсарскіх сродкаў ужо склала амаль дванаццаць мільярдаў. Мы робім першыя крокі да адраджэння традыцый мецэнацтва, якія заўсёды існавалі на беларускай зямлі…

Міністр таксама заўважыў, што зараз ідзе праца над стварэннем прыватных фондаў падтрымкі культуры, якія змогуць даць магчымасць маладой асобе, невялікай прыватнай ці дзяржаўнай установе культуры звярнуцца туды па падтрымку для рэалізацыі новага творчага праекта ці ідэі.

Пасля ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання карэспандэнт “К” звярнуўся да некалькіх мецэнатаў з пытаннем: якія праекты ў сферы культуры плануе падтрымаць іхняе прадпрыемства бліжэйшым часам?

Старшыня Праўлення ААТ “Белгазпрамбанк” Віктар БАБАРЫКА:

— Гэтымі днямі, як вы ведаеце, у Мінску праходзяць дзве значныя акцыі, падтрыманыя намі: вядомы Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТЭАрт-2012” і арт-праект “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”, арганізаваны банкам сумесна з Міністэрствам культуры, Нацыянальнай камісіяй па справах UNESCO, Пасольствам Францыі ў нашай краіне ды Нацыянальным мастацкім музеем. Названыя праекты атрымалі вялікі рэзананс у нашай краіне, таму мы будзем абавязкова іх падтрымліваць і надалей.

 

/i/content/pi/cult/396/7972/1-1.jpeg

А на базе апошняга мастацкага праекта плануем зрабіць наступны, пад назвай “Арт-Беларусь”, — адкрыццё своеасаблівага музея або галерэі, дзе можна было б паказаць уклад выхадцаў з Беларусі ў сусветную мастацкую культуру з часоў Полацкага Княства да нашых дзён, і гэта неабавязкова творы мастацтва. Напрыклад, у гэтым рэчышчы можна прадставіць выданні Францыска Скарыны, слуцкія паясы, малюнкі Напалеона Орды і многае іншае. Сабраць іх можна як з дапамогай дзяржаўных музейных устаноў, так і прыватных калекцыянераў. І калі пафантазіраваць, дык хто ведае, можа, нам удасца такім чынам знайсці знакаміты Крыж Ефрасінні Полацкай? Прынамсі, хацелася б у гэта верыць…

А мэта нашага будучага праекта адна: каб пра шматгранную і славутую гісторыю Беларусі наведвальнікі экспазіцыі (а гэта, хутчэй за ўсё, у асноўным будуць дзеці, школьнікі ці студэнты) маглі пазнаёміцца не праз карцінкі ў падручніках ці энцыклапедыях, а ўбачыўшы наша нацыянальнае багацце на свае вочы. Плануем ажыццявіць гэты праект ужо ў наступным годзе, але фактычна ён ужо рэалізуецца. Цяпер справа — за падтрымкай нашай ідэі як з боку дзяржавы, так і з боку прыватных калекцыянераў…

Намеснік генеральнага дырэктара ААТ “МАЗ” Віктар АСНОЎСКІ:

/i/content/pi/cult/396/7972/1-2.jpeg

— У галіне культуры мы працуем па многіх кірунках. Адзін з іх датычыцца нашага профільнага Дома культуры МАЗа. Як вы ведаеце, мы шмат увагі надаём матэрыяльна-тэхнічнай базе гэтай установы культуры, а таксама тым калектывам, што пры ёй працуюць. Таму ён заканамерна лічыцца адным з найлепшых у Мінску, ды нават і ў рэспубліцы. У ім дзейнічае 16 творчых калектываў, два з іх маюць званне “народны”... Таму будзем прыкладаць усе намаганні, каб нашы культработнікі ніколі не мелі ніякіх праблем ні з матэрыяльна-тэхнічнай базай, ні з рэалізацыяй сваіх творчых праектаў. Што да нашых планаў, дык мы прадоўжым рэалізацыю сумесных культурных праектаў як з беларускімі тэлеканаламі, так і з радыёстанцыямі…

Генеральны дырэктар кампаніі “Velcom” Міхаіл БАТРАНЕЦ:

/i/content/pi/cult/396/7972/1-3.jpeg

— Мы хоць і замежная кампанія, але падтрымка сацыяльных праектаў на Беларусі з’яўляецца для нас прыярытэтнай. Гэта датычыцца не толькі сферы культуры, але і спорту, турызму... Таму мы абсалютна салідарныя з нашымі калегамі-бізнесменамі, якія заўсёды ідуць насустрач прапановам паўдзельнічаць у рэалізацыі сумесных акцыі разнастайнай тэматыкі. Наша кампанія цяпер рэалізуе праект “Рабіць дабро так проста”, у рамках якога мы дапамагаем розным сацыяльным інстытутам. Таму я хацеў бы сказаць нашым калегам-бізнесменам: рабіць дабро сапраўды вельмі проста! Дык давайце яго рабіць, нягледзячы на рэкламу, прамоўшн-акцыі і да таго падобнае! А наш будучы спонсарскі праект у сферы культуры — не за гарамі. Пра яго вы пачуеце ўжо на пачатку лістапада. Але пакуль дазвольце мне не раскрываць таямніцу: захаваем інтрыгу…

Старшыня Праўлення ААТ “Банк "БелВЭБ” Павел КАЛАУР:

/i/content/pi/cult/396/7972/1-4.jpeg

— Пакуль не хацелася б раскрываць усе нашы планы на будучае, але пра адзін з праектаў пару слоў усё-такі магу сказаць. Ладзім яго сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Праект будзе прысвечаны 500-годдзю з часу выдання Францыскам Скарынам “Бібліі” і зараджэнню беларускага кнігадрукавання. Названая дата мае не толькі еўрапейскае, а і агульнасусветнае значэнне, таму наш удзел у названай акцыі будзе не адзінкавым, а сістэмным ды пастаянным…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"