Экспрэсія Ніды

№ 45 (811) 10.11.2007 - 16.11.2007 г

Так называецца традыцыйная выстаўка-пленэр, што праходзіць у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, прысвечаная 15-годдзю ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Літвой і Беларуссю. Праект арганізаваны Пасольствам Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

 /i/content/pi/cult/136/797/Nida.jpg
 Г.Маманава. ”Захавальніца Ніды — дзюна”.
Гэты міжнародны пленэр вось ужо 13 гадоў праходзіць у Літве, на Куршскай касе. Тут нараджаюцца работы, на якіх мастакі з Літвы, Беларусі, Польшчы, Латвіі, Расіі, Украіны, Германіі паказваюць унікальны літоўскі куток Ніды, які знаходзіцца пад аховай ЮНЕСКО. Тут ужо створана вялікая калекцыя твораў графікі і жывапісу, у якой дамінуе экспрэсіянізм. Мэта пленэру — выяўленне еднасці розных краін, розных мастацкіх школ і пакаленняў.
У экспазіцыі прадстаўлены творы літоўскіх, беларускіх, украінскіх, латвійскіх мастакоў, а таксама прадстаўнікоў Расіі, Польшчы, Германіі.
На адкрыцці выстаўкі прысутнічалі кіраўнікі пасольстваў Літвы, Балгарыі, Германіі, Чэхіі, ЗША. У сваёй прамове Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Літва ў Рэспубліцы Беларусь Эдмінас Багдонас шчыра падзякаваў удзельнікам пленэру, якія, дарэчы, у сваёй большасці прысутнічалі на адкрыцці, за іх цудоўныя работы, за тое, што змаглі аб’яднаць свае намаганні і арганізаваць такую прадстаўнічую выстаўку-пленэр у Мінску. Намеснік міністра культуры Беларусі Валерый Гедройц падкрэсліў, што мастацтва, у прыватнасці, выяўленчае, не на словах, а на справе яднае мастакоў свету, і адрозніць аднаго майстра ад другога можна, напэўна, толькі па характары, па стылі напісання карцін. В.Гедройц выказаў задавальненне з нагоды таго, што значная частка мерапрыемстваў у галіне актыўных дыпламатычных адносін паміж Літвой і Беларуссю належыць культуры.
Як сцвярджае арганізатар і ініцыятар пленэру Саўлюс Круопіс, “Нідскі пленэр жывапісу — гэта унікальны погляд на традыцыі і час. Ніда і мастакі — гэта гармонія прыроды і стыхіі, якая параўноўваецца з феноменам чалавека, цывілізацыі, энергіі”.

Спартак СІВЕРЫН