Механізм для міжнароднага поля

№ 42 (1064) 20.10.2012 - 27.10.2012 г

Ёсць нюансы: дыялектыка пераходу колькасці ў якасць

16 кастрычніка ў Маскве ў рэдакцыі “Расійскай газеты” адбыўся міжнародны “круглы стол” “Актуальныя праблемы расійска-беларускага гуманітарнага супрацоўніцтва”, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі культурнай эліты абедзвюх краін.

Ініцыяваў дыялог спецыяльны прадстаўнік Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой, які і задаў тэму размовы.

Асноўная гутарка разгарнулася вакол таго, што пры ўсёй шчыльнасці ды насычанасці міжкультурных кантактаў паміж беларусамі і расіянамі ўсё ж прысутнічае адчуванне пэўнай іх недастатковасці, наяўнасці шматлікіх культурных лакун, якія патрабуюць свайго запаўнення.

Доктар філалагічных навук, прафесар, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Іван Саверчанка выказаў думку, што большаму збліжэнню паміж нашымі народамі мусіць паспрыяць сумесная прапаганда лепшых узораў нацыянальных беларускай і рускай літаратур, у тым ліку — таго, што ствараюць у абедзвюх краінах сучасныя аўтары. І ў гэтай галіне маецца багаты рэзерв: па словах Івана Саверчанкі, літаратурны ўзаемаабарот паміж нашымі краінамі сёння нашмат ніжэйшы, чым быў у савецкія часы.

Любоў Турбіна, паэт, перакладчык, старшы навуковы супрацоўнік аддзела літаратур народаў Расіі і СНД Інстытута сусветнай літаратуры імя А.М. Горкага Расійскай акадэміі навук, пацвердзіла, што праблема ўзаемаабмену на ўзроўні літаратурных стасункаў ускладняецца яшчэ і таму, што, прынамсі, у Расіі прынята лічыць, нібыта паміж нашымі народамі не існуе моўнага бар’еру. А з гэтай прычыны цэлы пласт беларускамоўнай культуры аказваецца быццам бы за бортам: сёння ў Маскве рыхтуюць перакладчыкаў з усіх моў краін былога Савецкага Саюза... акрамя беларускай. І з гэтай прычыны беларуская літаратура на сучаснай расійскай прасторы ў большай ступені прадстаўлена выданнямі камерцыйна-забаўляльнага характару, чым сур’ёзнымі ўзорамі высокай літаратуры.

Генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Алег Сільвановіч засяродзіў увагу на эканамічных аспектах супрацоўніцтва і тых задачах, якія патрабуюць пільнай да сябе ўвагі. У прыватнасці, ён распавёў, што, пры актыўнай прысутнасці расійскіх кінавытворцаў на беларускай прасторы, многія магчымыя міждзяржаўныя праекты ў сферы кінематографа не атрымалі сваёй практычнай рэалізацыі толькі таму, што існуюць сур’ёзныя адрозненні ды разыходжанні ў заканадаўствах Беларусі і Расіі. Прыкладам, па-рознаму трактуецца паняцце нацыянальнага фільма. З прычыны гэтага немагчымае адначасовае прыцягненне дзяржаўнага фінансавання з абодвух бакоў. Ды і шэраг іншых асаблівасцей заканадаўства таксама не дазваляе пакуль развіваць міждзяржаўнае кінасупрацоўніцтва гэтак жа інтэнсіўна, як развіваецца камерцыйнае.

Але ж, як слушна заўважыла намеснік начальніка Дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Вольга Вінаградава, сёння для любога творцы, зацікаўленага ў міжкультурных праектах, адкрываецца шырокае кола магчымасцей, у тым ліку фінансавых. І не варта спадзявацца на тое, што аднойчы з’явіцца сістэмная мультыкультурная праграма, якая раз і назаўсёды на міждзяржаўным узроўні вырашыць усе магчымыя пытанні, што паўстаюць перад кожным з нас. У тым ліку, не варта ўспрымаць і культурныя праграмы Саюзнай дзяржавы як своеасаблівую панацэю ды магчымасць атрымання “лёгкіх грошай”. Варта весці гаворку пра высокі, насамрэч міжнародны ўзровень ды гэткую ж міжнародную значнасць культурных падзей.

Працягваючы думку, рэдактар аддзела тэатра газеты “Культура” Таццяна Команава адзначыла, што нярэдка сапраўдная сумесная праца завяршаецца тады, калі на самой справе яна толькі пачынаецца. Бо недастаткова адной толькі рэалізацыі сумесных беларуска-расійскіх культурных праектаў — акрамя непасрэднай “вытворчасці” на самым пачатку неабходна клапаціцца і аб механізмах ды формах іх прасоўвання, папулярызацыі ў самых шырокіх колах. Такім прыкладам, прынамсі, у галіне тэатральнага мастацтва, можна назваць беларуска-расійскую пастаноўку спектакля “Вяселле” ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Янкі Купалы, якая ажыццявілася дзякуючы фінансавай падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД: яе прэм’ера стала не фіналам, а — пачаткам сапраўднай узаемнай работы, прэзентацыі яе на шырокім міжнародным полі. І, думаецца, гэтая схема цалкам магчымая для рэалізацыі ў самых розных галінах культуры.

Гэта пацвердзіў і дырэктар расійскага выдавецтва “Художественная литература” Георгій Прахін, які прызнаў, што колькі б мы ні гаварылі пра ўзаемную прыязнасць, калі яна будзе рэалізоўвацца адно толькі ў вузкіх колах зацікаўленых спецыялістаў і не акажацца запатрабаванай рознымі катэгорыямі патэнцыйных спажыўцоў, ніякага сапраўднага зруху ў гэтай справе чакаць не выпадае.

Выканаўчы дырэктар Міжнароднага культурнага цэнтра Ілья Рэйзіс падкрэсліў і той факт, што нельга разглядаць беларуска-расійскія ўзаемныя стасункі адно толькі на ўзроўні сталіц нашых дзяржаў, бо кожны з рэгіёнаў, маючы сваю спецыфіку, патрабуе індывідуальнага падыходу, а значыць, якая-кольвечы ўніфікаваная сістэма творчых стасункаў тут проста немагчымая.

Падводзячы вынікі расійска-беларускага дыялога, Міхаіл Швыдкой пагадзіўся з тым, што сёння беларуска-расійскія стасункі варта скіроўваць не ў бок іх колькаснага пашырэння. Больш пільную ўвагу неабходна ўдзяліць таму, каб работа адбывалася па прынцыпах узаемнага супрацоўніцтва і больш сістэмна. Прыкладам, адной з ініцыятыў стала стварэнне пастаянна дзеючага клуба расійска-беларускіх гісторыкаў, якія маглі б не проста абменьвацца апошнімі навуковымі адкрыццямі, але і разам фарміраваць стратэгію нашай агульнай найноўшай гісторыі ў прасторы СНД і Адзінага эканамічнага саюза.

Наш кар.

А ўвечары 16 кастрычніка ў Бетховенскай зале Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра Расіі пад патранатам Міністэрстваў культуры нашых краін адбыўся сумесны канцэрт маладых салістаў оперы Беларусі і Расіі.

Опернае мастацтва нашай краіны прадстаўлялі зоркі айчыннай сцэны Марына Ліхашэрст, Алена Сало, Аляксей Мікуцель і Андрэй Валенцій. З расійскага боку выступілі Алена Сямёнава (скрыпка), Валянцін Урупін (кларнет) і Наталля Грынес (фартэпіяна), а таксама салісты Маладзёжнай опернай праграмы Вялікага тэатра Расіі Крысціна Мхітаран і Сяргей Радчанка, Юлія Мазурава і Аляксей Стражэвіч, Ангеліна Нікітчанка, Андрэй Жыліхоўскі.