Інтэрнэт-рэсурс краін ЕўрАзЭС

№ 42 (1064) 20.10.2012 - 27.10.2012 г

16 кастрычніка ў Душанбэ Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Таджыкістане Вольга Гаўрук прыняла ўдзел у V пасяджэнні Савета па культуры пры Інтэграцыйным камітэце ЕўрАзЭС.

Як паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў нашай краіны, у мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, адказныя супрацоўнікі Інтэграцыйнага Камітэта ЕўрАзЭС, а таксама прадстаўнікі UNESCO.

Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі шэраг пытанняў, у тым ліку па рэалізацыі Пагаднення аб напрамках супрацоўніцтва ў галіне культуры ў Еўразійскай эканамічнай супольнасці, падпісанай кіраўнікамі ўрадаў 28 верасня бягучага года ў Ялце.

Пад час сустрэчы была адобрана Канцэпцыя ІІІ Фестывалю культур народаў ЕўрАзЭС, а казахстанскі бок праінфармаваў удзельнікаў мерапрыемства аб ходзе распрацоўкі Канцэпцыі культурнай палітыкі супольнасці. Таксама бакі ўзгаднілі прапанову UNESCO лічыць прыярытэтнымі напрамкамі супрацоўніцтва дзвюх арганізацый на дадзены перыяд захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны і развіццё сектара рамеснай вытворчасці.

Саветам таксама прыняты шэраг рашэнняў па пытаннях, ініцыяваных беларускім бокам. У прыватнасці, мяркуецца рэалізаваць праекты па стварэнні аб’яднанага інтэрнэт-рэсурсу па нематэрыяльнай культурнай спадчыне дзяржаў — членаў ЕўрАзЭС і выданні зборніка “Праблемы захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны дзяржаў — членаў ЕўрАзЭС”.

Ю.Ч.