Сустрэчы і супрацоўніцтва

№ 42 (1064) 20.10.2012 - 27.10.2012 г

15 кастрычніка ў Маскве адбылася сустрэча міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі з міністрам культуры Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Мядзінскім пры ўдзеле Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Рапоты.

У ходзе перамоў бакамі была разгледжана магчымасць арганізацыі ў Расійскай Федэрацыі гастролей вядучых творчых калектываў Беларусі: Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага заслужанага ансамбля “Харошкі” ды іншых. Да таго ж, Павел Латушка і Уладзімір Мядзінскі абмеркавалі пытанні арганізацыі стажыровак выкладчыкаў і студэнтаў устаноў адукацыі і сферы культуры Беларусі ў вядучых расійскіх ВНУ мастацкай адукацыі.

Міністры дамовіліся актывізаваць адносіны ў сферы музейнай і выставачнай дзейнасці паміж дзвюма краінамі. У прыватнасці, разгледжана магчымасць арганізацыі ў 2014 годзе выстаўкі “Брэсцкая крэпасць” сумесна з Цэнтральным музеем Вялікай Айчыннай вайны 1941 — 1945 гг. (Масква) у Мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць — герой”.

Таксама запланаваны мерапрыемствы па ўвекавечванні ў Расіі памяці вядомых беларусаў, якія ўнеслі вялікі ўклад у агульную гістарычную і культурную спадчыну Беларусі і Расіі. У прыватнасці, запланавана ўстаноўка помніка народнаму артысту СССР, народнаму артысту Беларусі Уладзіміру Мулявіну ў Екацярынбургу.

Пад час перамоў былі абмеркаваны пытанні рэалізацыі сумесных праектаў. Адным з іх павінен стаць праект па аднаўленні сядзібы Дастаеўскіх у вёсцы Дастоева Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Ён будзе ажыццёўлены пры фінансавай падтрымцы з бюджэту Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі.

Асаблівая ўвага на сустрэчы была нададзена развіццю адносін у сферы кінавытворчасці. Бакі абмеркавалі пытанні па стварэнні сумеснага беларуска-расійскага фільма “Першая сусветная”, які таксама плануецца ажыццявіць пры фінансавай падтрымцы Саюзнай дзяржавы.

Таксама міністры культуры разгледзелі пытанні правядзення ў 2013 годзе Дзён культуры Расіі і Дзён культуры Санкт-Пецярбурга ў Беларусі.

У рамках візіту міністр культуры Беларусі наведаў Цэнтральны Музей Вялікай Айчыннай вайны 1941 — 1945 гг. на Паклоннай гары з мэтай азнаямлення з сучаснымі тэхналогіямі стварэння экспазіцый для наступнага выкарыстання гэтага вопыту ў рабоце над новай экспазіцыяй Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску.

Па выніках сустрэчы міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі з міністрам культуры Расіі Уладзімірам Мядзінскім пры ўдзеле Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Рапоты была дасягнута дамоўленасць аб стварэнні пастаяннай рабочай групы па разглядзе і рэалізацыі праектаў Саюзнай дзяржавы ў сферы культуры і мастацтва на ўзроўні намеснікаў міністраў культуры абедзвюх краін.

Таксама 15 кастрычніка ў Маскве была падпісана міжведамасная праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры Расійскай Федэрацыі на 2013 — 2014 гады.

У рамках праграмы запланавана рэалізацыя шэрагу мерапрыемстваў і сумесных праектаў, накіраваных на развіццё культуры і мастацтва абедзвюх краін. Бакі будуць садзейнічаць пашырэнню супрацоўніцтва і ўстанаўленню кантактаў паміж музычнымі ўстановамі, канцэртнымі арганізацыямі, творчымі саюзамі, а таксама абмену асобнымі выканаўцамі, музычнымі калектывамі і спецыялістамі.

Таксама міністэрствы культуры Беларусі і Расіі плануюць развіваць супрацоўніцтва ва ўсіх сферах праз абмен інфармацыяй аб правядзенні міжнародных фестываляў, святкаванні памятных дат ды іншых значных падзей, якія будуць праходзіць на тэрыторыі абедзвюх краін; будуць заахвочваць развіццё кантактаў паміж прафесійнымі тэатрамі, тэатральнымі саюзамі, а таксама садзейнічаць абмену выканаўцамі і пастановачнымі групамі паміж тэатрамі Беларусі і Расіі.

Праграма ўключае шэраг пунктаў, што, у прыватнасці, закранаюць пытанні развіцця супрацоўніцтва ў сферы кінематаграфіі, рэстаўрацыі помнікаў гісторыі і культуры, музейнай і выставачнай дзейнасці, бібліятэчнай справы, арганізацыі абменных стажыровак выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ культуры ды многае іншае.

У рамках праграмы прадугледжана правядзенне Дзён культуры Расіі ў Беларусі ў 2013 годзе і Дзён культуры Беларусі ў Расіі ў 2014-м.

Таксама гэтым жа днём, 15 кастрычніка, адбылася сустрэча міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі і дырэктара Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Алега Сільвановіча з генеральным дырэктарам, старшынёй Праўлення кінаканцэрна “Мосфильм” Карэнам Шахназаравым. Па выніках сустрэчы кіраўнік расійскага кінаканцэрна прыняў запрашэнне паўдзельнічаць у Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад” у якасці спецыяльнага госця.