Музей віртуалізуецца

№ 41 (1063) 13.10.2012 - 20.10.2012 г

Фактары аднаўлення збору Луцкевічаў

Як вядома, Віленскі беларускі музей пачатку XX стагоддзя з’яўляўся адной з галоўных асветніцкіх устаноў не толькі ў горадзе, але і ва ўсім краі: у ім захоўваліся найлепшыя ўзоры культурнай спадчыны з усіх куткоў Беларусі.

Чарговым крокам у справе аднаўлення музея і папулярызацыі яго скарбаў стала сустрэча міністра культуры нашай краіны Паўла Латушкі з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Вільнюсе, а таксама з рэктарам і супрацоўнікамі Літоўскага ўніверсітэта эдукалогіі. У прыватнасці, пад час сёлетніх Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы адбылося дэталёвае абмеркаванне магчымасці стварэння віртуальнага Музея Івана Луцкевіча на базе Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і этнакультур, які дзейнічае пры ўніверсітэце.

/i/content/pi/cult/395/7962/1-1.jpeg

Плануецца, што значны пласт работы па стварэнні віртуальнай прасторы пры ўніверсітэцкім Цэнтры ажыццявіцца ўжо сёлета. У хуткім часе мае адбыцца абмеркаванне праекта ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

Фарміраванне калекцый гэтага першага, па-сапраўднаму беларускага, музея пачалося каля 1906 года — пасля прыезду ў Вільню Івана Луцкевіча, выбітнага грамадскага і культурнага дзеяча, археолага і публіцыста. Напачатку першыя беларускія калекцыі Іван Луцкевіч і яго аднадумцы перадалі ў Львоў, дзе акурат з 1906-га ішла праца над стварэннем Украінскага Нацыянальнага музея. У ім на аснове перададзеных калекцый планавалі стварыць беларускі аддзел. На той час Львоў заставаўся далёкім, больш за тое — замежным горадам, а таму прапаганда беларускай культуры ў ім аказала б мінімальны ўплыў на саміх беларусаў. Разумеючы гэта, Іван Луцкевіч з 1908 года заняўся збіраннем помнікаў беларускай мінуўшчыны пры віленскай рэдакцыі газеты “Наша ніва”. Па сутнасці, напачатку гэта была прыватная калекцыя Луцкевіча, але багацце і даступнасць для шырокага кола наведвальнікаў дазваляюць лічыць яе самабытнай з’явай у культурным жыцці Беларусі.

/i/content/pi/cult/395/7962/1-2.gif

Напоўніцу разгарнуць працу музей здолеў ужо пасля смерці свайго заснавальніка. Іван Луцкевіч напрыканцы жыцця, у 1919 годзе, заснаваў у Вільні Беларускае навуковае таварыства і перадаў яму музейныя ды кніжныя зборы. Адкрыццё пад апекай Таварыства беларускага музея, бібліятэкі і архіва адбылося ў 1921-м. Два дзесяцігоддзі доўжылася іх папаўненне каштоўнымі зборамі, расла колькасць як асобных наведвальнікаў, так і экскурсійных груп. Паводле інвентара 1941 года, музей утрымліваў 13 450 адзінак захоўвання. Вялікае значэнне мела бібліятэка (у 1933-м яна налічвала амаль 14 000 тамоў) і архіў (каля 9 000 дакументаў XIV — ХХ стст.).

/i/content/pi/cult/395/7962/1-3.jpeg

Перажыўшы неспрыяльныя часіны абмежаванняў расійскага царскага рэжыму і польскіх улад, а пасля — часовае закрыццё пад нямецкай акупацыяй у гады ліхалецця Другой сусветнай вайны, Беларускі культурны цэнтр не аднавілі і ўлады савецкай Літвы. Асноўная частка ўнікальнага збору была расфарміравана між рознымі літоўскімі ўстановамі: найперш — Дзяржаўным архівам Літвы, Цэнтральным гістарычным архівам Літвы, Нацыянальным музеем Літвы і бібліятэкай Літоўскай акадэміі навук. Пэўная частка трапіла ў Беларусь і сёння захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі, Нацыянальным архіве, Архіве-музеі літаратуры і мастацтва, Прэзідэнцкай і Нацыянальнай бібліятэках ды іншых установах.

Аднак мінуў час, і ўзнікла ідэя аднаўлення Віленскага беларускага музея (а таксама бібліятэкі з архівам) ды аб’яднання раскіданых калекцый. Больш за тое: яна пачала набываць рэальнае ўвасабленне. Так, сёлета, пры арганізацыйнай падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы, на базе Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры Літоўскага ўніверсітэта эдукалогіі быў праведзены беларуска-літоўскі “круглы стол” “Ад мінулага да будучага: Беларускі музей імя Івана Луцкевіча”. Удзел у ім прынялі не толькі навукоўцы ды супрацоўнікі беларускіх арганізацый, але і іх літоўскія калегі, прадстаўнікі беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве, Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы.

/i/content/pi/cult/395/7962/1-4.jpeg

Апрача інфармацыі пра фонды гэтай культурнай установы, якія знаходзяцца ў тым або іншым месцы, пад час “круглага стала” былі агучаны канкрэтныя прапановы па аднаўленні дзейнасці Беларускага музея ў Вільнюсе. Цудоўным працягам навуковай праграмы стала адкрыццё ў Вільнюскай ратушы экспазіцыі кніг і архіўных дакументаў віленскіх беларускіх арганізацый 1920 — 30-х гадоў, што сёння захоўваюцца ў прыватнай калекцыі Людвікі Кардзіс, дырэктара грамадскай арганізацыі “Віленскі Беларускі музей імя Івана Луцкевіча”.

Перакананы, варта працягваць працу ў напрамку даследавання збораў музея з улікам наступных фактараў. У першую чаргу, вывучэнне яго дзейнасці павінна быць карысным для сучасных устаноў культуры нашай краіны. Выглядае мэтазгодным аднаўленне ў Літве такіх культурных і асветніцкіх цэнтраў, якімі былі Віленскі беларускі музей і бібліятэка. Пры гэтым варта засяроджвацца не столькі на аднаўленні колішніх збораў, колькі на захаванні місіі гэтага музея, скіраванай на прэзентацыю ды папулярызацыю айчыннай культуры.

Думаецца, істотную дапамогу як у аднаўленні колішніх калекцый, так і ў прэзентацыі беларускай культуры на базе новастворанага Культурна-інфармацыйнага цэнтра ў Вільнюсе павінны аказаць сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. З іх выкарыстаннем магчыма правесці ўлік і стварыць віртуальны рэестр ды галерэю помнікаў культуры, якія некалі захоўваліся ў музеі, незалежна ад іх сучаснага размяшчэння. І трэба адзначыць, што бібліятэкі, архівы ды музеі нашай краіны дзякуючы ініцыятыве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ужо прыступілі да ўвасаблення задумы: зараз ідзе праца па выяўленні, апісанні і, пры магчымасці, алічбоўцы помнікаў з віленскага беларускага збору, вынікі якой будуць сабраны на адным інтэрнэт-рэсурсе і стануць такім чынам даступнымі для ўсіх зацікаўленых.

Алесь СУША, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі  Беларусі

Фота аўтара і з фонду
Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь

На здымках: 1. Беларускі аддзел на Славянскай выстаўцы ў Рызе, экспанаты з Беларускага музея імя І.Луцкевіча. 1931 г;
2. Фрагмент кніжнай выстаўкі ў Вільнюскай ратушы з прыватнай калекцыі Людвікі Кардзіс, дырэктара грамадскай арганізацыі “Віленскі Беларускі музей імя Івана Луцкевіча”;
3. Рукапісная копія першай кнігі Якуба Коласа “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” (Пецярбург, 1909 г.) са збораў Віленскага беларускага музея (сёння захоўваецца ў Бібліятэцы Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук); 4. Экспазіцыя Беларускага музея імя І.Луцкевіча. 1920-я гг.