Касцюшка на сімпозіуме

№ 41 (1063) 13.10.2012 - 20.10.2012 г

Па традыцыі ў першыя выхадныя кастрычніка ў Мацяёвіцах, што пад Варшавай, праходзіць Касцюшкаўскі сімпозіум. Сёлета ён — 29-ы па ліку. Прычым апошнія 15 мерапрыемстваў праводзяцца з удзелам беларускіх прадстаўнікоў.

Гэтае міжнароднае супрацоўніцтва наладжана дзякуючы ўпраўленню культуры Брэсцкага аблвыканкама. Запачаткаваў сталую традыцыю колішні намеснік начальніка ўпраўлення, вядомы навуковец і культурны дзеяч Леанід Несцярчук. Цяпер справу працягвае старшыня абкама прафсаюзаў работнікаў культуры Галіна Крынец. У выніку святочныя мерапрыемствы штогод наведваюць самыя розныя калектывы з усіх куткоў Брэсцка-Пінскага Палесся. Гэтым разам беларускую культуру прадставіў народны ансамбль народнай песні Бярозаўскага ГДК “Заранак”, якім кіруе Алена Говіна.

За чатыры дні ён выступіў перад публікай мястэчак Гарволін і Мацяёвіцы.

Паездка дала нам магчымасць яшчэ глыбей пазнаёміцца з гісторыяй ды культурай суседняй краіны, пакінула самыя яскравыя ўражанні.

Адбыліся і навуковыя пасяджэнні. Слова пра Тадэвуша Касцюшку прамовілі і тыя, хто пачынае свой шлях у навуцы, і тыя, хто ўжо мае вялікі досвед. Двое навукоўцаў прыехалі з Беларусі: Анатоль Трафімчык выступіў з дакладам “Беларуская песня пра Касцюшку” як з’ява гісторыі і культуры”. Леанід Несцярчук назваў сваё выступленне “Вайна 1812 года на Беларусі і Польшчы”. З ім ён выступіць на заключным навуковым пасяджэнні, што адбудзецца 20 кастрычніка ў Варшаве.

Галіна МІХНЕВІЧ, вядучы метадыст Бярозаўскага РМЦ