"...Музычная восень”. Беларусы прыляцелі!

№ 41 (1063) 13.10.2012 - 20.10.2012 г

Заўтра ў сталічнай філармоніі адкрываецца 38-ы Міжнародны фестываль мастацтваў “Беларуская музычная восень”. Галоўнай яго адметнасцю стане тое, што ён змесціць у сабе, сярод іншага, Міжнародны музычны форум “Беларусы свету”: у Мінск з’едуцца нашы лепшыя музыканты, якія апошнім часам жывуць і працуюць у іншых краінах, услаўляючы беларускую нацыянальную культуру па ўсім свеце.

Увогуле ж, асаблівасцей у цяперашняй “…Восені” — безліч. Адна з іх — юбілейная: Беларуская дзяржаўная філармонія святкуе 75-годдзе. Столькі ж споўнілася нядаўна народнаму артысту Беларусі Дзмітрыю Смольскаму. Таму адкрыецца фестываль яго аўтарскім вечарам, дзе прагучыць прэм’ера 15-й сімфоніі — твора настолькі дыскусійнага, што абмеркаванні ягоных “за” і “супраць” пачаліся раней за канцэртнае выкананне. “Я выклаў у музыцы свой роздум пра эпоху, у якую я пражыў большую частку свайго жыцця, — сказаў на прэс-канферэнцыі аўтар. — Таму вы знойдзеце там і светлы жаль, і ўсмешку, але ніяк не агрэсію. І, вядома, пазнаеце музычныя цытаты, што сталіся сімвалам часу”. “Гэта вельмі смелая і прыцягальная партытура, напісаная з шастаковічаўскім гумарам і вастрынёй”, — пракаменціраваў сваё стаўленне да сімфоніі яе дырыжор Яўген Бушкоў.

Канцэрт Д.Смольскага не застанецца адзіным аўтарскім вечарам на ўсім фестывалі. Яшчэ адной “восеньскай” адметнасцю будзе значная колькасць такіх кампазітарскіх “няпоўных збораў твораў”: Віктара Войціка, Уладзіміра Карызны-малодшага, Віктара Капыцько. Дарэчы, за мінулы год у філармоніі прагучала амаль тысяча беларускіх твораў, было ажыццёўлена больш за 150 новых творчых праектаў. А за апошнія пяць гадоў калектывы і салісты гэтай установы далі амаль паўтысячы канцэртаў у 35-ці краінах свету.

Н.Б.