Кніга, даступная кожнаму

№ 41 (1063) 13.10.2012 - 20.10.2012 г

Выхад з друку сотняў найменняў кніг, новыя праекты па папулярызацыі друкаванага слова, пашырэнне асартыменту рэспубліканскіх і сельскіх бібліятэк — усё гэта падзеі Года кнігі ў нашай краіне.

У прыватнасці, як адзначыла на пасяджэнні “круглага стала” “У Год кнігі: навінкі ад беларускіх кнігавыдаўцоў” намеснік начальніка ўпраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Раіса Бабарыка, сёлета распачалася рэалізацыя сумеснага з Саюзам пісьменнікаў Беларусі праекта па выпуску зборнікаў літаратурна-мастацкіх твораў сучасных айчынных аўтараў са стопрацэнтным бюджэтным фінансаваннем. У першай палове бягучага года пабачылі свет сем такіх выданняў агульным тыражом 14 000 экзэмпляраў. Пры гэтым, па словах Раісы Бабарыка, кнігі не проста пастаўляюцца ў бібліятэкі, але і праводзяцца іх прэзентацыі. Усяго ж за 9 месяцаў 2012-га з дзяржаўнага бюджэту было выдаткавана 9,5 мільярда беларускіх рублёў на выпуск сацыяльна значнай літаратуры. Разам з тым, выступоўца адзначыла, што назіраецца тэндэнцыя штогадовага зніжэння колькасці кніг такой катэгорыі.

Актыўна папулярызуецца беларуская кніга сёлета і за мяжой. У прыватнасці, беларускія выдавецтвы прынялі ўдзел у міжнародных кніжных выстаўках-кірмашах, якія адбыліся ў Вільнюсе, Маскве, Дэлі, Санкт-Пецярбургу, Кіеве, Харбіне, Ашхабадзе і Кішынёве, а таксама на самым прадстаўнічым кніжным форуме ў Франкфурце-на-Майне.

Выходзяць на міжнародныя рынкі і асобныя выдавецтвы. Так, плённа супрацоўнічае ў прасоўванні сваёй прадукцыі на расійскі, малдоўскі рынкі выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Па словах дырэктара Уладзіслава Мачульскага, замежныя партнёры гатовы закупляць арыгінал-макеты і выпускаць кнігі для свайго рынку. Ён адзначыў, што за дзевяць месяцаў бягучага года “Мастацкая літаратура” выпусціла ўжо 60 найменняў кніг тыражом больш за 170 тысяч экзэмпляраў. Уладзіслаў Мачульскі падкрэсліў, што беларусы сталі больш чытаць на роднай мове, а таксама выбіраць для чытання сур’ёзную літаратуру.

Пагадзіўся з такой думкай і загадчык сектара маркетынгу выдавецтва “Народная асвета” Канстанцін Плаўнік. Па яго словах, установай былі праведзены даследаванні сярод кліентаў айчынных кнігарняў. Згодна з атрыманымі данымі, сёння адчуваецца недахоп дзіцячай літаратуры на беларускай мове, кніг, невялікіх па фармаце і па даступным кошце.

Сведчаннем запатрабаванасці даступнай і, разам з тым, якаснай літаратуры стала серыя “Славутыя мастакі Беларусі”, што выходзіць у выдавецтве “Беларусь”. Па словах вядучага рэдактара Анжэлы Самасейка, першыя альбомы жывапісу Івана Хруцкага, Валенція Ваньковіча, Язэпа Драздовіча раскупілі літаральна праз тры тыдні пасля іх выхаду з друку. А таму, акрамя выпуску новых кніг серыі, супрацоўнікі “Беларусі” плануюць і перавыдаць тыя, якія ўжо сталі сапраўднымі бестсэлерамі.

К.А.