Атаясамліваецца з "Зямлёй"

№ 41 (1063) 13.10.2012 - 20.10.2012 г

Родная прырода і ўрбанізаваны погляд

Цягам двух тыдняў у лістападзе ў сталічнай Галерэі "Мастацтва” працавала выстаўка твораў жывапісца Аляксандра Грышкевіча пад назвай “Зямля”.

/i/content/pi/cult/395/7953/2-1.jpeg

Гэтага творцу можна назваць майстрам канцэптуальнага краявіду. За аснову карцін ён бярэ рэальныя фрагменты жывой прыроды, але на палатне ачышчае краявід ад “выпадковых” дэталей. Тое ж, што лічыць істотным, знакавым, падкрэслівае за кошт спецыфічнай выяўленчай мовы. Зыходная канкрэтыка застаецца, але набывае рысы абагульнення, часам — манументальнага. А калі прасцей, дык эстэцкія, у добрым сэнсе, карціны Грышкевіча часцяком вельмі нагадваюць тэатральны жывапіс, сцэнічныя дэкарацыі. Напрыклад, лес на ягоных палотнах можа глядзецца як добраўпарадкаваны парк, прынамсі, так падаецца мне. Магчыма, гэта ўрбанізаваны погляд на прыроду, праява гарадскога менталітэту.

/i/content/pi/cult/395/7953/2-2.jpeg

Дадзеная экспазіцыя, аднак, адкрывае гледачу нязвыклага Грышкевіча. Большасць твораў выстаўкі — краявіды, выкананыя ў традыцыйна рэалістычнай, нават “кансерватыўнай”, манеры. Так, з люстэркавай дакладнасцю, па-майстэрску, пісалі прыроду ў ХІХ стагоддзі альбо ў часы сацыялістычнага рэалізму. І майстэрства жывапісца насамрэч ўражвае. Але цэнтральны твор экспазіцыі — манументальнае палатно “Зямля” (яно дало назву выстаўцы) — зроблены ўсё ж такі ў той стылістыцы, якая прынесла Аляксандру Грышкевічу вядомасць і якая атаясамліваецца з ягоным імем.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"