“Афарызмы” Буралкіна

№ 41 (1063) 13.10.2012 - 20.10.2012 г

“Толькі ў матэрыяле форма ўваскрасае…”

19 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі адбудзецца адкрыццё юбілейнай выстаўкі вядомага скульптара Генадзя Буралкіна, які сёлета адсвяткаваў сваё 70-годдзе. Экспазіцыя, што ўключае станковыя кампазіцыі, фатаграфіі яго галоўных помнікаў і мемарыялаў розных гадоў, а таксама арыгінальную графіку, носіць не толькі пазнаваўчы характар, звязаны з вельмі шырокім ахопам тэм і сюжэтаў: ад старадаўняй гісторыі Беларусі да Вялікай Айчыннай вайны і дня сённяшняга.

Спасціжэнне свету адбывалася ў мастака праз імкненне ўсвядоміць сябе перш за ўсё ў няпростых кантэкстах — асоба і грамадства, асоба і гістарычная памяць, асоба і навакольны свет, — суаднесці асабістыя духоўныя магчымасці з запытамі часу і вызначыць, такім чынам, сваё прызначэнне ў прасторы выяўленчай культуры краіны.

/i/content/pi/cult/395/7952/1-3.jpeg

Канешне ж, Генадзь Буралкін перш за ўсё — скульптар-манументаліст. Яго помнік шахцёру-першапраходцу ў г. Салігорску (дыпломная работа ў БДТМІ, кіраўнікі — А.Бембель і А.Анікейчык), манументы ў гонар 850-годдзя Гродна і “Георгій Перамаганосец” у Бабруйску, велічны мемарыяльны ансамбль “Загінулым, але не пераможаным воінам Беларускай пагранічнай акругі” ў Гродне і мемарыяльны знак у памяць ахвяр трагедыі 30 мая 1999 г. у падземным пераходзе ля станцыі метро “Няміга” — гэта толькі частка яго ўкладу ў манументальны летапіс эпохі.

Асабліва хачу адзначыць два творы Генадзя Буралкіна, якія ён спраектаваў для Навагрудка: помнік Елісею Лаўрышаўскаму і памятны знак, прысвечаны 500-годдзю надання гораду Магдэбургскага права.

/i/content/pi/cult/395/7952/1-4.jpeg

Прападобны Елісей Лаўрышаўскі для Беларусі — асоба знакавая, але пакуль мала вядомая для беларусаў. Яго імя нават не трапіла ў васямнаццацітомную Беларускую энцыклапедыю. Ён быў сынам літоўскага князя Трайната і ў маладосці займаў высокую пасаду пры двары вялікага князя Міндоўга. Але потым адышоў ад дзяржаўных спраў і заснаваў праваслаўны манастыр — першы на беларускай зямлі — непадалёк ад Навагрудка. У пачатку ХVІ ст. быў кананізаваны на Саборы ў Вільні. Строгі помнік, створаны паводле ўсіх класічных канонаў акадэмічнага мастацтва, уяўляе з сябе трохметровую фігуру Елісея ў манаскім адзенні: ён трымае крыж у левай руцэ, а правай бласлаўляе праваслаўны народ. Другі ж помнік вянчае герб першай сталіцы ВКЛ з адлюстраваннем архангела Міхаіла…

Так, Буралкін па прыродзе сваёй — манументаліст. Практычна ўсе яго творы будуць прадстаўлены ў экспазіцыі — зразумела, у фотарэпрадукцыях, некаторыя, магчыма, — у рабочых мадэлях. Але я лічу, што скульптар не менш цікава паказаў сябе і як таленавіты “станкавіст”, майстра складаных кампазіцый і партрэтаў. Ён добра ведае схаваныя ад чалавечых вачэй таямніцы сучаснай скульптуры і на аснове гэтых ведаў стварае ўласныя складаныя пластычныя пабудовы ды рытмічныя гармоніі. Яго кампазіцыі “Адам і Ева”, “Ева”, “Вяртанне Белага Анёла”, “Вершнік”, “Млечны шлях” — гэта зведзеныя да крайняга лаканізму формулы жыццёвага вопыту, мастацка-філасофскія “афарызмы”. Ёсць і творы глыбока спавядальныя, простыя і ясныя, разлічаныя на спакойнае эстэтычнае сузіранне (“Яблынька”, “Дыялог”, “Сям’я”, “Музыканты”), а яшчэ — цудоўныя партрэты вядомых артыстаў Мікалая Яроменкі і яго сына, таксама Мікалая, Каці Любчык, Тараса Паражняка, Ялены Уманцавай, Ясі, Тамары ды іншых.

/i/content/pi/cult/395/7952/1-5.jpeg

А хіба можна ўкласці ў прыватна-традыцыйныя жанры такія творы, як скульптуры “Торс”, “Гурген”, “Белая Ганча”, “Размова”, “Блакітная хваля”? Падкрэслю, што амаль усе работы — у матэрыяле (дрэва, крэмень, бронза, шамот), бо Буралкін лічыць, што “толькі ў матэрыяле форма ўваскрасае”.

Асобнае месца ў творчасці мастака займае графіка. І тут ён дасягнуў, як і ў скульптурнай пластыцы, такой жа свабоды, лёгкасці і элегантнасці. Паглядзіце на серыі малюнкаў “Славянскія матывы”, “Ноч на Івана Купалу” ці “Святло і цені” — вы пабачыце рамантычны палёт, музыку штрыха, “недасказанасць” ліній і, у той жа час, выразнасць і дакладнасць думкі. Карацей кажучы, графіка Буралкіна (сангіна, аловак, туш) — гэта імправізацыі, вызваленыя ад сухіх акадэмічных канонаў і напоўненыя трапятаннем і лірычнай пяшчотнасцю жыцця.

Словам, уся выстаўка Буралкіна пра гэта — пра сталую, вечную каштоўнасць быцця, пра прыгажосць Зямлі і Чалавека на гэтай Зямлі, пра гістарычную Памяць, што павінна захоўвацца ў сэрцах і душах людскіх…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"