Сутнасць Баланчына

№ 41 (1063) 13.10.2012 - 20.10.2012 г

Зрабіць карункі з выцінанак

Калісьці Дж.Баланчын прызначаў “Серэнаду” выхаванцам сваёй балетнай школы. Цяпер яе прысвячаюць яго памяці ледзь не ўсе нацыянальныя харэаграфічныя школы. Далучылася да іх і беларуская: прэм’ера адбылася ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі.

Два спектаклі, што прайшлі запар, далі магчымасць убачыць розныя склады выканаўцаў. І хаця ў бессюжэтнай пастаноўцы, якой з’яўляецца “Серэнада”, можна глядзець, здавалася б, толькі на рухі балетных фігурак, кожны з артыстаў укладаў у сваю партыю нешта сваё. А ўсім ім, уключаючы “салістаў” кардэбалета (менавіта так, бо ў гэтай харэаграфіі няма звыклага “фону” — літаральна кожны мае хаця б невялічкі сольны фрагмент), на працягу апошняга месяца выкладала “серэнадныя” рухі і правільнасць іх выканання вядомая французская прыма і харэограф Нанэт Глушак — афіцыйны прадстаўнік Фонду Дж.Баланчына, дзе нашым тэатрам і было набыта права на пастаноўку.

/i/content/pi/cult/395/7951/1-1.jpeg

Напярэдадні на прэс-канферэнцыі Нанэт, вядома, ухваляла стараннасць нашых артыстаў. Дый без яе слоў было відавочна іх намаганне зрабіць усё як мага лепш. Але жаданні, як вядома, не заўсёды супадаюць з рэальнасцю. І ведаючы, якім бездакорным павінна быць карункавае вязьмо ў гэтым надзвычай складаным для ўдзельнікаў балеце, застаецца толькі спадзявацца, што з цягам часу тая ідэальная сінхроннасць, папраўдзе класічная вытанчанасць будуць не толькі дасягнуты, але і стануць абсалютна натуральным спосабам існавання нашых артыстаў на сцэне. Каб мы не хваляваліся, што вырабленыя імі харэаграфічныя “выцінанкі” раптам “парвуцца”: папера як-ніяк. Каб мы бачылі ў іх “карункі”, адмыслова сплеценыя… не, не з канатаў ці вяровак, а з тонкіх, але трывалых нітачак. Пакуль жа мы бачым, як многія артысты кардэбалета (дакладней, артысткі, бо ён тут пераважна жаночы) пераадольваюць цяжкасці. Ці — як цяжкасці пераадольваюць іх. Можа, вінавата псіхалогія? Цягам савецкіх дзесяцігоддзяў нас пастаянна арыентавалі ў мастацтве на барацьбу. Гэты ж балет — пра дзівосную гармонію. Нават у трагедыі, якой бачыцца фінал.

/i/content/pi/cult/395/7951/1-2.jpeg

Таму пяшчотная, кранальная гераіня Людмілы Хітровай здаецца больш пераканаўчай, чым “барацьбітка” Ганны Фокінай, па-спартыўнаму накіраваная на скарэнне мэты. А псіхалагічна тонкія, інтэлектуальна адухоўленыя Ігар Артамонаў і Дзяніс Клімук прыцягваюць больш, чым “проста балетныя” Ігар Аношка і Ягор Азаркевіч, часам падобныя да “драўляных рыцараў”. Ірына Яромкіна, як заўсёды, вабіць вытанчанай грацыяй. Але Вольга Гайко ўкладае ў сваю гераіню яшчэ нейкую найвышэйшую мудрасць, быццам увасабляючы ледзь не касмічную нябесную “волю”, якая незаўважна, але няўмольна расстаўляе ўсё па сваіх месцах. Разам з Дзянісам Клімуком яны ўвогуле ператвараюцца ў адзіную істоту, імя якой — Сутнасць, складзеная з “адзінства супрацьлегласцей”.

Усе гэтыя “рознасці” прыводзяць да таго, што спектакль з бессюжэтнага ператвараецца то ў меладраму, то ў філасофскі аповед. Але яму не хапае яшчэ і такога адцення, як найвялікае эстэтычнае захапленне. Настолькі вялікае і эстэтычнае, каб думкі гледача схіляліся перад крылатай гётэўскай фразай: “Спыніся, імгненне!..”. Тады, мабыць, і ў музыцы П.Чайкоўскага адкрыецца не толькі ўпэўненая зладжанасць яе выканання нашым аркестрам (дырыжор — Вячаслаў Воліч), але і, зноў-такі, найвышэйшая асалода.

На здымках: сцэны з балета.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"