Энергія Дэльфаў

№ 41 (1063) 13.10.2012 - 20.10.2012 г

29 верасня ў казахстанскай Астане завяршыліся VII Адкрытыя Маладзёжныя Дэльфійскія гульні дзяржаў — удзельніц СНД “Энергія маладых”.

У 19 намінацыях (ігра на музычных інструментах, выяўленчае мастацтва, харэаграфія, народныя промыслы і рамёствы і г. д.) выступілі ўдзельнікі з Румыніі, Малдовы, Турцыі, Украіны... Нашу краіну прадстаўлялі восем канкурсантаў.

Начальнік аддзела падтрымкі і развіцця культурна-адукацыйных ініцыятыў Інстытута культуры Беларусі Вікторыя Ігнаценка паведаміла “К”, што на гульні сабралася звыш 800 талентаў з 16 краін. Многія з іх — лаўрэаты і прызёры самых розных міжнародных конкурсаў. Больш як 60 членаў журы (у тым ліку рэктары многіх творчых ВНУ) прадставілі 14 дзяржаў. Ганаровымі гасцямі спаборніцтваў сталі больш за 300 чалавек. Апрача ўсяго, у Дэльфійскіх гульнях было задзейнічана амаль паўтысячы валанцёраў — школьнікаў і студэнтаў.

Конкурсы праходзілі на лепшых пляцоўках Астаны: у Палацы міру і згоды, Казахскім нацыянальным універсітэце мастацтваў “Шабыт”, Нацыянальным тэатры оперы і балета імя К.Байсеітавай, сталічным цырку...

Па меркаванні арганізатараў, самымі прадстаўнічымі намінацыямі сталіся “Выяўленчае мастацтва” і “Акадэмічныя спевы”. Сёлета Дэльфійскі камітэт уключыў новую — “Паэзія”. Відовішчным аказалася спаборніцтва ў намінацыі “Цырк на сцэне”.

Нашу краіну прадставіла таленавітая моладзь з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Узорнай студыі цыркавога мастацтва “Арэна” і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Нашы канкурсанты спаборнічалі ў намінацыях “Харэаграфія”, “Фартэпіяна”, “Выяўленчае мастацтва”, “Баян”, “Цырк на сцэне”, “Паэзія”. Залатыя медалі атрымалі Валерыя Грудзіна (“Акадэмічны танец”), Кацярына Шымановіч (“Выяўленчае мастацтва”), Стэфанія Турмовіч, Станіслаў Плотнікаў, Мікіта Нагорнаў (“Цырк на сцэне”). Срэбра заваяваў Аляксандр Данілаў (фартэпіяна), уладальнікам бронзавага медаля стаў Сяргей Бутар (баян). У намінацыі “Паэзія” наш удзельнік Максім Кішчанка атрымаў спецыяльны дыплом “За прафесіяналізм”.

У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі таксама члены журы: прафесар кафедры спецыяльнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзімір Няхаенка, рэжысёр-пастаноўшчык Узорнай студыі цыркавога мастацтва “Арэна” Барыс Кузняцоў, дэкан мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандр Прохараў.

Прадстаўнікі Міжнароднага Дэльфійскага камітэта, а таксама арганізатары Гульняў адзначылі камандны дух і высокі ўзровень майстэрства беларусаў.

Наш кар.