Найпрыгажэйшая загадка

№ 41 (1063) 13.10.2012 - 20.10.2012 г

Сярод падзей Дзён культуры Азербайджана ў Беларусі — не толькі шэраг адметных мерапрыемстваў, але і прыезд да нас такой зоркі, як народная артыстка Азербайджана, уладальніца прыза “Залаты дэрвіш” Каміла ГУСЕЙНАВА.

— У балеце “Сем прыгажунь”, паказ якога стаўся кульмінацыяй сяброўскага візіту прадстаўнікоў вашай культуры, вы выконваеце партыю Найпрыгажэйшай. Ці адчуваеце вы сябе такой жа ў жыцці? Вы сапраўды вельмі прыгожая, а на сцэне — і ўвогуле багіня…

— Гэтая партыя ўвасабляе не столькі знешнія жаночыя якасці, колькі ўнутраныя, духоўныя. Кожная з прыгажунь, адшуканых Шахам Бахрамам, нясе ў сабе адну з рыс, уласцівых жанчынам. Найпрыгажэйшая ж, як я яе разумею, — гэта нейкае філасофскае абагульненне жаночага вобраза, сімвал усіх жанчын, самога жаночага пачатку — папраўдзе Боскага. Таму і ўвасабляе яна платанічнае каханне. Пазнаёміўшыся з ёй, Шах Бахрам адмаўляецца ад зямных забаў, выбірае аскетычны вобраз жыцця і знаходзіць у гэтым сэнс свайго існавання, бо разумее, што Найпрыгажэйшая — гэта, бадай, адна з самых вялікіх і неспасціжных таямніц, што ёсць у свеце. Такі вось вельмі філасофскі і адначасова надзвычай светлы, пазітыўны змест.

/i/content/pi/cult/395/7946/1-2.jpeg

— А якія вашы ўражанні ад беларускага Вялікага тэатра?

— Калі казаць пра найпрыгажэйшае ў яго самым шырокім сэнсе, дык ваш тэатр таксама можа лічыцца такім. Мы ўсе пад вялікім уражаннем ад яго, ад новай сцэны, рэпетыцыйных памяшканняў. Толькі ўваходзіш — і ўжо хочацца працаваць! Ухіл сцэны, вядома, адрозніваецца ад нашага, але мы хутка яго асвоілі і нават прывыклі. А ў якім захапленні мы ад вашага аркестра! Вельмі кранула тое, што беларускія музыканты з такой любоўю і прафесіяналізмам даносяць нашу азербайджанскую класіку. Яшчэ мы вельмі ўдзячны арганізатарам за тое, што нам далі магчымасць паглядзець ваш горад, бліжэй пазнаёміцца з вашай культурай. Звычайна адразу пасля спектакля мы з’язджаем, а тут у нас — ажно цэлы вольны дзень, прычым ужо пасля выступлення. І — вялікая экскурсійная праграма плюс вольны час. Гэта вельмі важна для культурных кантактаў! Мы ад’язджаем з надзеяй сустрэцца зноў. Было б вельмі цікава, да прыкладу, паглядзець які-небудзь ваш нацыянальны спектакль, бо ў нашым рэпертуары, апроч вядомых замежных твораў, шмат нацыянальных пастановак, дзе на аснову класічнага балета накладаюцца элементы народнага танца, асабліва ў рухах рук. І менавіта такія спектаклі складаюць большую частку афішы тэатра. Гэта не толькі “Сем прыгажунь”, але і “Тысяча і адна ноч”, “Дзявочая вежа”, “Лейлі і Меджнун”. Мы паказваем іх не толькі ў сябе, але і ў замежжы: у Санкт-Пецярбургу, Маскве, часта ездзім у Турцыю. На наступны год запланаваны гастрольны тур па Еўропе. Вядома, павязём туды і нацыянальныя спектаклі.

 

/i/content/pi/cult/395/7946/1-3.jpeg

— Ці даводзілася вам танцаваць мадэрн?

— Сапраўды, у нас сталі з’яўляцца і такія пастаноўкі, прычым на музыку нацыянальных аўтараў. Мы іх, праўда, яшчэ не вывозілі за мяжу, але музыка з іх ужо гучала: у Германіі, прычым у выкананні Берлінскага аркестра, у Японіі — проста на ўра! Думаю, пасля такога поспеху ўласна музыкі можна будзе паспрабаваць паказаць і самі пастаноўкі, бо ў іх таксама, нягледзячы на зусім новую, нязвыклую для многіх, лексіку, ёсць элементы нацыянальнай культуры. І гэта вельмі важна: умець гаварыць са светам на сучаснай, зразумелай яму мове, але ўзнімаць пры гэтым і свае нацыянальныя пласты культуры, багатай ва ўсіх народаў. Праз такі “абмен думкамі” (у тым ліку на мове балета, бо гэтае мастацтва, лічу, — адно з самых інтэлектуальных і па-філасофску глыбокіх) адбываецца не толькі ўзаемаразуменне паміж народамі і краінамі, але і, зразумела, той дыялог культур, які ўзбагачае кожную з іх. Нацыянальнае мастацтва нельга “хаваць”, яго трэба паказваць свету — і адначасова вучыцца адно ў аднаго, быць у курсе ўсіх тэндэнцый ды падхопліваць усё цікавае, што з’яўляецца, “прыкладаючы” яго да свайго ўласнага. Ці ж не так?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"