Каб не спазніцца…

№ 41 (1063) 13.10.2012 - 20.10.2012 г

Замест музея самабытнасці — музей безыніцыятыўнасці?

Мікалай Тарасюк, непаўторнае і “мемарыялізаванае” майстэрства якога згадвае Ілья Свірын, — асоба, безумоўна, выбітная. А хто яшчэ з народных майстроў Беларусі заслугоўвае арганізацыі “персанальнага” музея? Па адказ на гэтае пытанне мы звярнуліся да старшыні Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўгена Сахуты.

Па ягоным меркаванні, не толькі Стойлы на Пружаншчыне вартыя ўвекавечання і занясення ў неіснуючы пакуль каталог сядзіб-музеяў народных майстроў Беларусі. У свой час, да прыкладу, Дзяржаўная праграма “Аб захаванні і падтрымцы традыцыйнай культуры” прадугледжвала, як сцвярджае Яўген Сахута, арганізацыю аналагічных музеяў разьбярства Апалінарыя Пупко ў Івянцы, Пятра Зяляўскага ў вёсцы Слабодка Браслаўскага раёна, Фёдара Максімава ў Віцебску…

Не атрымалася. Названыя разьбяры, на жаль, сышлі з жыцця, не дачакаўшыся належнай дзяржаўнай увагі да сябе. У выніку пацярпелі і дзяржава, і аматары дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Калекцыі ўнікальных твораў тых жа Зяляўскага ды Максімава даступныя толькі для спецыялістаў-навукоўцаў. Шараговы турыст не адшукае на карце пункта-маршруту, які распавёў бы пра вытокі ды персаналіі аднаго з самых старадаўніх беларускіх промыслаў. І справа не ў тым, якой формы ўласнасці музей народнага творцы: мы недаравальна лёгка губляем вытокі ўласнай самабытнасці, вытокі традыцыі, што была, ёсць і будзе грунтам для самага высокага нацыянальнага мастацтва.

Па прыкладзе Мікалая Тарасюка, за стварэнне ўласнага музея ўзяўся разьбяр Іван Супрунчык з вёскі Цярэблічы Столінскага раёна. Ён зладзіў этнаграфічны музей, дзе сабраў не толькі ўласнаручна зробленыя творы, але і старадаўнія артэфакты з усёй акругі. Адзначым, дзяржава яго падтрымала.

Больш пашанцавала ганчарам і ткачыхам. Збольшага яны згуртаваны вакол раённых дамоў рамёстваў, дзе і іхнія самабытныя вырабы экспануюцца, і пераемнасць традыцыі — гарантавана. Да прыкладу, менавіта ў гэтым кірунку дзейнічае Цэнтр ткацтва ў вёсцы Семежава, што на Капыльшчыне: тут поруч са сталымі і дасведчанымі майстрыхамі азы ткацкага рамяства спасцігаюць маладыя гурткоўцы. А вось сітуацыя з аналагічным Цэнтрам ткацтва ў славутай Неглюбцы Веткаўскага раёна старшыню Беларускага саюза майстроў народнай творчасці вельмі непакоіць: сярод знаных вясковых творцаў, якія неаднойчы ўзрушвалі замежны мастацтвазнаўчы свет, засталася толькі адна ткачыха — Людміла Кавалёва…

Сёння, пад час работы Першага Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”, мы яшчэ раз прыходзім да высновы: на Беларусі мала адметных музеяў. Адно з выйсцяў — стварэнне мемарыяльных сядзіб, нават мемарыяльных вёсак, адметных сваім рамяством. Не праявім тут належнай ініцыятывы — застанёмся “з такам”: згубім не толькі ўнікальныя экспанаты, але і навыкі вырабу народных твораў. І сярод музейных прадметаў застануцца толькі тыя, якім месца хіба што ў Музеі безыніцыятыўнасці. Нашчадкі нас проста не зразумеюць…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"