Абмен падзеямі і турыстамі

№ 41 (1063) 13.10.2012 - 20.10.2012 г

Дні культуры Азербайджана ў Беларусі, што прайшлі 8 — 10 кастрычніка, не толькі павысілі цікавасць мінчан і гасцей сталіцы да мастацтва гэтай краіны, але і вымусілі многіх задумацца пра турыстычную вандроўку ў Азербайджан.

Першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Карачэўскі і намеснік міністра культуры і турызму Азербайджанскай Рэспублікі Назім Адзіль аглу Самедаў, якія адкрывалі ўрачыстасці, падкрэслівалі трываласць супрацоўніцтва і творчых абменаў у галіне мастацтва паміж дзвюма краінамі. Адпаведная дамова паміж міністэрствамі была падпісана даўно, і першы масавы прыезд да нас азербайджанскіх дзеячаў культуры адбыўся ў 2007 годзе. Праз год, адпаведна, прайшоў візіт у адказ.

/i/content/pi/cult/395/7941/3-2.jpeg

Азербайджанскія фільмы штогод удзельнічаюць у нашым кінафестывалі “Лістапад”, беларускія стужкі — у кінафоруме “Усход — Захад” у Баку. Удзельнічае Азербайджан у “Славянскім базары ў Віцебску”, тэатральным фестывалі “Белая вежа”. Наладжана сяброўства ў галінах навукі і адукацыі, ажыццяўляюцца прамыя кантакты паміж музеямі, бібліятэкамі, тэатрамі. Два гады таму ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры быў здзейснены сумесны праект — пастаўлены “Аршын мал алан” Гаджыбекава. Азербайджанскія салісты і дырыжоры неаднаразова ўдзельнічалі ў нашых фестывалях і асобных спектаклях, нашы артысты з тымі ж мэтамі ездзілі ў Азербайджан. Увогуле ж, штогод гэтую краіну наведвае больш як 6 000 турыстаў з Беларусі, і, падобна на тое, хутка іх стане значна больш. Прычым зусім не таму, што праз год пройдуць Дні культуры Беларусі ў Азербайджане.

Турыстычнай цікавасці спрыялі дзве выстаўкі, што адбыліся ў рамках Дзён культуры. Каляровыя буклеты, дзе былі прадстаўлены турыстычныя аб’екты і ахоплены розныя мэтавыя аўдыторыі (адпачынак з дзецьмі, паляванне і рыбалоўства), іншая рэкламная прадукцыя, уключаючы відэа, дапаўняліся фотавыстаўкай. І ўсё гэта разам абуджала вялізнае жаданне ўбачыць усё прадстаўленае “жыўцом”.

/i/content/pi/cult/395/7941/3-1.jpeg

Ну а пакуль на свае вочы мы змаглі паглядзець тры мастацкія фільмы (у кінатэатры “Перамога” былі паказаны стужкі “Дзе адвакат?”, “Заложнік”, “Стэпавік”) і, галоўнае, балет “Сем прыгажунь” Кара Караева, цяперашняя рэдакцыя якога з’явілася ў 2008 годзе. Цікава, што гэты спектакль таксама стаўся своеасаблівым “сумесным праектам”: на сцэне былі артысты Азербайджанскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета, у аркестравай яме — музыканты нашага Вялікага тэатра, а дырыжыраваў імі вядомы азербайджанскі маэстра Эльшад Багіраў. І гэта невыпадкова. Як запэўнілі карэспандэнта “К” генеральны дырэктар нашага Вялікага тэатра Уладзімір Грыдзюшка і дырэктар Азербайджанскага тэатра оперы і балета Акіф Мелікаў, плануецца пастаноўка гэтага спектакля і на беларускай балетнай сцэне. Яна стала яшчэ адным плёнам двухбаковага мемарандума, падпісанага летась тэатрамі.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"