Узнагароды работнікам культуры ўручылі першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Радзькоў, міністр культуры нашай краіны Павел Латушка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ІV склікання Святлана Сухавей, намеснік міністра культуры краіны Тадэуш Стружэцкі.
Сустрэча ў Нясвіжскім палацы адбылася невыпадкова: Нясвіж — трэці наш горад, што займеў статус Культурнай сталіцы Беларусі. Міністр згадаў, што ў рамках гэтай акцыі рэалізавана каля паўсотні праектаў. І самай галоўнай падзеяй стала завяршэнне рэстаўрацыі Нясвіжскага палаца. Сёлета тут прайшлі “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”, першы форум драмтэатраў “Тэатр Уршулі Радзівіл”, а 10 лістапада распачнецца рэалізацыя праекта, ініцыяванага Міністэрствам культуры, — “Палацавы баль у Нясвіжы”. Ён, падкрэсліў міністр, практычна цалкам будзе ажыццёўлены за кошт спонсарскіх і мецэнацкіх сродкаў. Дарэчы, Нясвіжскі палац да канца года наведае, па папярэдніх разліках, 400 тысяч турыстаў. А даход музея-запаведніка па стане на 1 кастрычніка склаў 8,5 мільярда рублёў. Гэта першы дзяржаўны музей краіны, які выходзіць на самаакупнасць.
Сярод агульных здабыткаў апошняга часу міністр назваў тое, што Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь званне “Народны артыст Беларусі” прысвоена вядучым майстрам сцэны Вялікага тэатра оперы і балета Вользе Гайко і Людміле Кудраўцавай, вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Сяргею Жураўлю, дырэктару Белдзяржцырка Таццяне Бандарчук.
У краіне, падкрэсліў міністр, праводзіцца сістэмная дзяржаўная палітыка, скіраваная на падтрымку культуры. За апошнія тры гады па ініцыятыве Міністэрства культуры былі ўнесены ўдакладненні ў законы аб культуры, кінематаграфіі, музеях і музейнай справе, аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. У 2013-м Міністэрства ініцыюе змены ў законы аб бібліятэках і бібліятэчнай справе, народнай творчасці і народных промыслах. Будзе прадоўжана праца над праектам Кодэкса “Аб культуры”.
Аналізуючы дасягненні рэгіянальнай культуры, міністр падзякаваў Брэстчыне за фестывалі “Белая вежа” і “Ружанская брама”, Віцебшчыне — за “Славянскі базар…”, “Звіняць цымбалы і гармонік”, Гомельшчыне — за “Покліч Палесся”, “Аўцюкі” і “Берагіню”, Гродзеншчыне — за Фестываль нацыянальных культур, Магілёўшчыне — за “Дажынкі”, “Анімаёўку” і “Залатую пчолку”, Міншчыне — за Фестываль беларускай песні і паэзіі, Мінску — за “Вясновы букет”. Павел Латушка адзначыў адкрыццё інтэрнэт-бібліятэкі ў Гомелі, ДШМ у Свіслачы і Любані, бібліятэк у Оршы, Брагіне, дамоў культуры ў Глыбокім і Больцешках, інтэрната Музычнага каледжа ў Баранавічах.
Спыніўшыся на пытаннях прафесійнага мастацтва, міністр культуры зазначыў, што да канца бягучага года будзе завершана рэканструкцыя Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і Гродзенскага абласнога тэатра лялек, у наступным — рэканструкцыя і будаўніцтва Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра, Слонімскага беларускага драмтэатра і Брэсцкага абласнога тэатра лялек… Вынікі II Нацыянальнай тэатральнай прэміі падвядуць 19 лістапада. На яе атрыманне прэтэндуюць 16 тэатраў. Сёлета ў рамках Міжнароднага фестывалю “Беларуская музычная восень” будзе рэалізаваны новы праект — “Беларусы свету”. Адной з цэнтральных падзей года стане Першае Мінскае трыенале сучаснага мастацтва. У 2013-м плануецца ўдзел краіны ў Венецыянскім біенале. Вядзецца праца над помнікам народнаму артысту Беларусі і СССР Уладзіміру Мулявіну, які мяркуецца ўстанавіць у Екацерынбургу.
Фарміруецца база Нацыянальнай электроннай бібліятэкі. У XX Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” прынялі ўдзел амаль паўсотні публічных бібліятэк, 24 атрымалі атрымалі дыпломы. Ствараюцца новая экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (у маі адкрыюцца яго першыя экспазіцыйныя залы), а таксама Музей народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.
Сёлета, нагадаў міністр, распачата рэалізацыя Дзяржпраграмы “Замкі Беларусі” на 2012 — 2018 гады. У 2013-м Міністэрства культуры лічыць прыярытэтнай актывізацыю рэстаўрацыі Навагрудскага, Крэўскага і Ружанскага замкаў. Працягваецца развіццё дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў кінагаліне. Упершыню агульная сума прыцягнутых у фільмавытворчасць пазабюджэтных сродкаў дасягнула 81,5 мільярда рублёў.
Прыярытэтам дзяржаўнай культурнай палітыкі застаецца развіццё і ўмацаванне міжнароднага супрацоўніцтва. Цягам бягучага года праведзены Дні культуры Беларусі ў Катары, Туркменістане, Санкт-Пецярбургу, працягваюцца Дні культуры Беларусі ў Літве. У Мінску завяршыліся Дні культуры Азербайджана, 16 кастрычніка ў Маскве запланаваны беларуска-расійскія творчыя сустрэчы. 29 — 30 кастрычніка пройдуць Дні культуры Ізраіля ў Беларусі, на пачатку лістапада плануецца правесці Дні культуры Беларусі ў Кітаі. 15 — 16 кастрычніка ў Ашхабадзе адбудзецца VII Форум творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў — удзельніц СНД, у якім прымуць удзел беларускія дзеячы мастацтваў.
Юрый ІВАНОЎ (фота)
Мінск — Нясвіж — Мінск
На здымках: у час урачыстасцей.