Аднастайнасці — няма!

№ 41 (1063) 13.10.2012 - 20.10.2012 г

12 кастрычніка ў Гродзенскім цэнтральным спартыўным комплексе “Нёман” распачаўся Першы Нацыянальны форум “Музеі Беларусі”. Рэалізацыя маштабнага нацыянальнага праекта паспрыяе развіццю музейнай справы, надасць імпульс новым творчым ініцыятывам, а таксама прыцягне ўвагу жыхароў Беларусі да шматграннай дзейнасці айчынных музеяў.

Акрамя асноўнай экспазіцыі, як вядома, у Гродне прадугледжаны дзелавая і міжнародная праграмы, паказ музейна-педагагічных распрацовак ды многае іншае. Таксама плануецца прадэманстраваць выстаўку-кірмаш, дзе можна будзе набыць сувеніры з сімволікай музейных устаноў. Арганізацыя і правядзенне Першага Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”, натуральна, забяспечваюцца з дзяржаўных сродкаў. Але немалаважным з’яўляецца той факт, што грашовыя прэміі па 17 намінацыях конкурсу “Музеі Беларусі — трэцяму тысячагоддзю”, які адбудзецца ў рамках форуму, выдзелены спонсарамі.

/i/content/pi/cult/395/7937/1-1.jpeg

У аснове дзелавой праграмы форуму будзе прадстаўлены таксама і замежны вопыт у сферы маркетынгавай дзейнасці аўстрыйскіх ды нідэрландскіх музейшчыкаў. Вельмі цікавы для айчынных спецыялістаў, да прыкладу, вопыт Іспаніі па стварэнні Музея тэхнікі, Ізраіля — па экспазіцыйным дызайне, Славакіі — па фарміраванні каталогаў прадметаў з выкарыстаннем 3D-тэхналогій.

У падрыхтоўцы да маштабнага мерапрыемства прынялі актыўны ўдзел як рэспубліканскія, абласныя, так і рэгіянальныя ды ведамасныя музеі краіны. А на ўдзел у конкурсе “Музеі Беларусі — трэцяму тысячагоддзю” падалі заяўкі звыш 160 музеяў. Вынікі конкурсу будуць падведзены пад час урачыстай цырымоніі закрыцця форуму…

/i/content/pi/cult/395/7937/1-2.jpeg

12 кастрычніка мы звязаліся па тэлефоне са спецыяльным карэспандэнтам “К” Ільём Свірыным, які знаходзіцца цяпер у Гродне і сочыць за развіццём падзей. Вось што ён распавёў пра адкрыццё музейнага форуму:

— Ва ўрачыстасцях прымалі ўдзел міністр культуры Павел Латушка, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра… Уражвае шырокае міжнароднае прадстаўніцтва: мерапрыемства наведалі госці з 17 краін. А ўсяго ў форуме задзейнічана каля 800 музейшчыкаў. Яны прапаноўваюць надзвычай цікавыя прэзентацыйныя праграмы. Літаральна на кожным стэндзе і ў кожным павільёне можна назіраць яркую інтэрактыўную дзею, і гэта, несумненна, доказ таго, што падрыхтоўка да падзеі была вельмі карпатлівай ды сур’ёзнай. У выніку рэгіянальныя музеі фактычна не саступаюць установам цэнтральным ні па ўзроўні афармлення выставак, ні па рэалізацыі крэатыўных ідэй… Карацей, кожны музей знайшоў свой шлях пазіцыянавання, свой шлях камунікацыі з гледачом. Да прыкладу, Веткаўскі музей “праклаў” гэты шлях праз фальклор, а Светлагорскі — адлюстроўвае савецкую эпоху… Аднастайнасці — няма. Музеі апелююць да самых розных гістарычных перыядаў. Таму і наведвальнікаў тут надзвычай шмат — да стэндаў літаральна не падступіцца. Па ўсім вынікае, што форум цікавы не толькі для спецыялістаў-прафесіяналаў, але і для шараговага гледача…

Падрабязна пра падзеі Першага Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі” — у наступным нумары "К".

На здымках: удзельнікі
форуму пад час яго адкрыцця.

Фота Ільі СВІРЫНА