Акрамя асноўнай экспазіцыі, як вядома, у Гродне прадугледжаны дзелавая і міжнародная праграмы, паказ музейна-педагагічных распрацовак ды многае іншае. Таксама плануецца прадэманстраваць выстаўку-кірмаш, дзе можна будзе набыць сувеніры з сімволікай музейных устаноў. Арганізацыя і правядзенне Першага Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”, натуральна, забяспечваюцца з дзяржаўных сродкаў. Але немалаважным з’яўляецца той факт, што грашовыя прэміі па 17 намінацыях конкурсу “Музеі Беларусі — трэцяму тысячагоддзю”, які адбудзецца ў рамках форуму, выдзелены спонсарамі.
У аснове дзелавой праграмы форуму будзе прадстаўлены таксама і замежны вопыт у сферы маркетынгавай дзейнасці аўстрыйскіх ды нідэрландскіх музейшчыкаў. Вельмі цікавы для айчынных спецыялістаў, да прыкладу, вопыт Іспаніі па стварэнні Музея тэхнікі, Ізраіля — па экспазіцыйным дызайне, Славакіі — па фарміраванні каталогаў прадметаў з выкарыстаннем 3D-тэхналогій.
У падрыхтоўцы да маштабнага мерапрыемства прынялі актыўны ўдзел як рэспубліканскія, абласныя, так і рэгіянальныя ды ведамасныя музеі краіны. А на ўдзел у конкурсе “Музеі Беларусі — трэцяму тысячагоддзю” падалі заяўкі звыш 160 музеяў. Вынікі конкурсу будуць падведзены пад час урачыстай цырымоніі закрыцця форуму…
12 кастрычніка мы звязаліся па тэлефоне са спецыяльным карэспандэнтам “К” Ільём Свірыным, які знаходзіцца цяпер у Гродне і сочыць за развіццём падзей. Вось што ён распавёў пра адкрыццё музейнага форуму:
— Ва ўрачыстасцях прымалі ўдзел міністр культуры Павел Латушка, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра… Уражвае шырокае міжнароднае прадстаўніцтва: мерапрыемства наведалі госці з 17 краін. А ўсяго ў форуме задзейнічана каля 800 музейшчыкаў. Яны прапаноўваюць надзвычай цікавыя прэзентацыйныя праграмы. Літаральна на кожным стэндзе і ў кожным павільёне можна назіраць яркую інтэрактыўную дзею, і гэта, несумненна, доказ таго, што падрыхтоўка да падзеі была вельмі карпатлівай ды сур’ёзнай. У выніку рэгіянальныя музеі фактычна не саступаюць установам цэнтральным ні па ўзроўні афармлення выставак, ні па рэалізацыі крэатыўных ідэй… Карацей, кожны музей знайшоў свой шлях пазіцыянавання, свой шлях камунікацыі з гледачом. Да прыкладу, Веткаўскі музей “праклаў” гэты шлях праз фальклор, а Светлагорскі — адлюстроўвае савецкую эпоху… Аднастайнасці — няма. Музеі апелююць да самых розных гістарычных перыядаў. Таму і наведвальнікаў тут надзвычай шмат — да стэндаў літаральна не падступіцца. Па ўсім вынікае, што форум цікавы не толькі для спецыялістаў-прафесіяналаў, але і для шараговага гледача…
Падрабязна пра падзеі Першага Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі” — у наступным нумары "К".
На здымках: удзельнікі
форуму пад час яго адкрыцця.
Фота Ільі СВІРЫНА