Сем нумароў праз 150 гадоў

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

Адным з самых знакавых і вядомых беларускіх выданняў 1860-х з’яўляецца газета “Мужыцкая праўда”, першыя нумары якой выйшлі 150 гадоў таму. Да гэтай знамянальнай даты былі прымеркаваны Гарадзенскія чытанні, якія ў сёмы раз прайшлі ў абласной бібліятэцы імя Яўхіма Карскага.

Як вядома, “Мужыцкая праўда” адыграла вялікую ролю ў справе падрыхтоўкі паўстання 1863 — 1864 гг. Яна, упершыню на беларускай мове, несла дэмакратычныя, асветніцкія ідэі ў асяроддзе сялянства, выхоўвала яго ў духу нянавісці да прыгонніцтва і самадзяржаўя, заклікала на барацьбу з імі. У 1862 — 1863-м яе выдавалі К.Каліноўскі, Ф.Ражанскі, С.Сангін, В.Урублеўскі. Усяго выйшла сем нумароў газеты, якая друкавалася ў выглядзе лісткоў невялікага фармату значным накладам і распаўсюджвалася амаль па ўсёй Беларусі, у Літве, Латвіі.

/i/content/pi/cult/394/7935/1-5.jpeg

Удзельнікі Чытанняў паспрабавалі прааналізаваць ролю “Мужыцкай праўды” ў развіцці беларускай культуры, паказалі газету як узор мастацкай публіцыстыкі. У прыватнасці, прафесар кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы Аляксей Пяткевіч падкрэсліў значнасць газеты, “якая загаварыла мовай свайго народа” і рознабакова паўплывала на развіццё беларускай літаратуры.

Асаблівую цікавасць выклікаў адкрыты прагляд “Мужыцкая праўда” — першая дэмакратычная газета на роднай мове”, што быў падрыхтаваны аддзелам краязнаўства сумесна з аддзелам рэдкіх кніг і старадрукаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. У першым раздзеле — “Мужыцкая праўда ў кантэксце беларускай культуры” — былі прадстаўлены тэксты самой газеты і вынікі даследаванняў навукоўцаў. Другі — “Перыядычны друк Гродзеншчыны” — адлюстраваў газеты нашага рэгіёна, пачынаючы ад “Газеты Гродзеньскай” і заканчваючы сучаснымі.

Любоў ТУРМАСАВА, загадчык аддзела краязнаўства Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага