Семантыка Атлантыды

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

Сёння ў Неглюбцы — Свята беларускага ручніка

Мова ткацкага спасціжэння

Пастаяннае вывучэнне, асэнсаванне “семантыкі тканага арнаменту” прыносіць Веткаўскаму музею народнай творчасці вялікую колькасць загадак, пошукаў, адкрыццяў… А днямі ў вёсцы Неглюбка, у адмысловым “запаведніку” ўзорыстага ткацтва, прайшло рэгіянальнае Свята ручніка, у якім прынялі актыўны ўдзел абласны і раённыя цэнтры народнай творчасці, аддзел культуры Веткаўскага райвыканкама і Неглюбскі сельскі цэнтр ткацтва. Што ж за таямнічыя сэнсы зашыфраваны ў нашых узорыстых тканінах? Адказ на гэтае пытанне паспрабуе даць адпаведная экспазіцыя на стэндзе музея ў рамках Музейнага форуму ў Гродне. Але найперш хацелася б распавесці пра вопыт веткаўскага музейнага вывучэння ручніковага феномену.

/i/content/pi/cult/394/7934/1-1.jpeg

На беларускіх тканінах захаваўся геаметрычны арнамент, асобным знакам якога — некалькі тысяч гадоў. Калісьці яны былі культавымі сімваламі раннеземляробчага перыяду і належалі продкам індаеўрапейцам. Мяркуецца, што каля трох тысяч гадоў таму знакі ўжо склалі пэўны шэраг-чын. Як вядома, мова земляробства — адна з першых культурных моў. Яна мадэлявала сельскую гаспадарку як штогадовае аднаўленне Сусвету.

Ад кругазвароту космасу паходзіў каляндар-цыкл, жыццёвае кола чалавека. Земляробчыя знакі наносіліся на ўсе артэфакты — паасобку альбо радамі, нібы пэўныя “фразы”. Касмалагічны памер асэнсавання патрабаваў моцных намаганняў па дасягненні і ўтрымліванні гармоніі паміж чалавекам і Сусветам. Вялікія сілы былі пазначаны асобнымі сімваламі. Сёння ў апошніх ацалелых абрадах мы ўсё яшчэ бачым пэўныя траекторыі руху, што нагадваюць пра старажытную рытуальную геаметрыю. Нашы карагоды — геаметрычныя знакі бачныя з неба і чутныя самой зямлі: “Дзе карагод ходзе — там жыта родзе!”.

/i/content/pi/cult/394/7934/1-2.jpeg

Трыадзінства “зямля — жанчына — маці” мела шэраг знакаў, за аснову якіх браўся ромб — архаічны жаноцкі сімвал чэрава, што ўсіх нараджае. Старажытнарускае “жено” і грэчаскае “geno” маюць агульны корань і сэнс: “нараджаць”. Мужчынскі ж пачатак і мужныя знакі — гэта крыжы. Яшчэ ў эпоху бронзы ўжываліся два іх асноўныя тыпы: прамы (просты) і касы. Яны таксама маглі мець розныя адросткі, як і ромбы. Калі жаноцкае вобразна суадносілася з зямлёю і зямною вільгаццю, дык мужчынскія сімвалы звязаны з агнём і нябеснай апладняльнай сілаю. Аднак розныя месцы і лёсы прамога і касога крыжоў сведчаць аб тым, што касы крыж — якраз “зямны”.

Па ўнутранай структуры ромбы бываюць канцэнтрычныя “цэлыя” і падзеленыя на чатыры клеткі касым крыжом. У апошнім тыпе вучоныя ўзнаўляюць сэнс “засеянага поля”, альбо жанчыны, якая носіць дзіця. Мы называем такі знак “ніва” і лічым, што ён пазначае і тэму шлюбу (з’яднанне жаночага і мужскога знакаў), і ўладкаванне дому. Гэта формула ўсяго ўпарадкаванага, добры пачатак, “зачын”. Калі мы кажам “канцэпцыя”, дык таксама ўжываем той жа вобраз. Часцей за ўсё клеткі такой “нівы” не пустыя: у кожнай з чатырох змяшчаецца кропка-”зярнятка” або малы просты крыжык (яго архаічны сэнс — “агонь”).

/i/content/pi/cult/394/7934/1-3.jpeg

Ромбы “цэлыя”, непадзельныя, а таксама з адросткамі-парасткамі здаюцца ў такім чыне празрыстымі па іх геаметрычнай “этымалогіі”. Гэта зямля неўзараная, вольная, дзікая, хтанічная і божая, вясновая і дзявоцкая. Лагічным падаецца выкарыстанне такіх сімвалаў і для пазначэння дзявоцтва, і для дзявоцкіх абрадаў. Большая частка адпаведных знакаў мае канцэнтрычную пабудову ў ткацтве. У сярэдзіне — маленькі просты крыжык — агеньчык пачатку жыцця. Ёсць, аднак, і “глухія” ромбы, без крыжыка: сімвал яшчэ не абуджаных сіл?

Архаічныя сімвалы маюць шэраг узаемазвязаных геаметрычных форм, своеасаблівую “парадыгму”. Ведаючы яе, мы выбіраем і наносім на артэфакт частку са знакаў, альбо розныя часткі і паслядоўнасці, альбо ўвесь чын для адной кампазіцыі, і такім чынам асэнсоўваем магчымасць стварэння розных “фраз”…

/i/content/pi/cult/394/7934/1-4.jpeg

Звязанасць календара, працы, абрадаў, суадноснасць іх паміж вялікім колам Сусвету, колам года і колам жыцця дазваляюць “уцягваць” у расшыфроўкі шмат розных кодаў, на якіх размаўляе Традыцыя. Гэтая стваральнасць добра бачная ў мясцовых загадках і прымаўках, у замовах і песнях, ва ўсіх фальклорных жанрах. А яшчэ — у строі, у пабудове і арнаментацыі дому і любога традыцыйнага прадмета…

Больш за трыццаць гадоў таму музейшчыкі Веткаўшчыны запыталіся ў неглюбскіх майстрых: “А як вы разумееце, як ведаеце, што ваш ручнік адрозніваецца ад іншага?”. Бабулі сталі паказваць і называць узоры: “Верябейчык”, “лапа”, “мядзведзева лапа”, “казёл”, “елка”…”. Ад той пары і мы сталі “бачыць”, запісалі больш за 700 тэрмінаў-назваў — у розных традыцыях. Гэта была адыходзячая мова ткацкай “Атлантыды”.

Музейшчыкі паспрабавалі асэнсаваць паслядоўнасць некалькіх розных знакаў як магчымую “сінтагму”, прасцей кажучы, “словазлучэнне” або нават “сказ”. Затым вывучалі “правілы” стварэння такіх “фраз”: сіметрыя, асіметрыя, паўтор, чаргаванне, ускладненне формы да цэнтра альбо да нізу кампазіцыі… Нарэшце, сталі бачыць розніцу ў пабудове арнаментальных канцоў ручніка і саміх узорных тканін цалкам. Усё знаходзіла адпаведнасці ў прасторавай і часавай арганізацыі іншых “тэкстаў” лакальных культур: ад фальклорнага твору да траекторыі абраду. Стрымана і сціпла ідучы за кожнай з традыцый, усё больш разумелі, што ручнікі, між іншым, — таксама мадэлі культурнай прасторы і яе ўзаемаадносін з Сусветам.

Кампазіцыі арнаменту ручнікоў здаўна вывучаюцца і някепска апісваюцца і адрозніваюцца на фармальным, на ўласна дэкаратыўным узроўні, з пункта мастацтвазнаўчага гледжання. Але мы прыйшлі да іх “з другога боку”, пачынаючы з асобнага знака і яго культурнага шляху, затым убачылі сімвалы ў іх “сінтаксічных” групах на адной тканіне альбо ў суме тканін адной традыцыі. У бясконцай колькасці варыянтаў сталі адкрывацца глыбінныя асаблівасці дэкаратыўных арнаментальных пабудоў…

Архаічныя паслядоўнасці знакаў мелі магічнае і светаўтваральнае значэнне і наносіліся на сакральныя рэчы: камні, косткі, пазней — на кераміку. Але захаванасць поўных чынаў індаеўрапейскіх сімвалаў на ручніках сведчыць пра тое, што існавалі нейкія арнаментаваныя рэчы, якія перадалі сімвалічныя спалучэнні ручнікам.

Здаецца, фундаментальна розныя кампазіцыі арнаменту ручнікоў узыходзяць да асобных шляхоў славянскіх плямён. Сёння бачна, што максімальна супрацьстаўляюцца дзве пабудовы арнаменту: папярочна-паласатая і тая, што не ведае фрызавага падзелу, — “вертыкальная” (з варыянтам дыяганальнай сеткі). Прычым абедзве могуць развівацца з найменшай формы: адной паласы на краі белага палатна. Вертыкальная — падоўжная — звычайна ўяўляе з сябе пульсацыю-чаргаванне розных ромбаў у ланцугу. Старажытны імпульс такой кампазіцыі — перадае безупыннае ўзнаўленне жыцця: гэта і штогадовае вясновае абуджэнне зямлі, і працяг роду праз пакаленні. Вось вертыкальнага арнаменту нібыта звязвае зямлю і неба. Дыяганальная ж сетка — старажытны сімвал сапраўднага сеціва-мярэжы, што здаўна “ўлоўлівае” сваю здабычу: ад рыб і птушак да такога ж крыжовага прынцыпу апрацоўкі зямлі, да кошыкаў з зямным багаццем…

Сёння ў калекцыі Веткаўскага музея — больш за тысячу ручнікоў. Толькі пад час экспедыцый гэтага года фонды ўстановы папоўніліся сотняй адзінак. Некаторыя з іх — надзвычай архаічныя па знаках, тэхналогіях, кампазіцыях.

Галіна НЯЧАЕВА, дырэктар Веткаўскага музея народнай творчасці

На здымках: 1. Архаічная пара розных ромбаў прадстаўляе дзве “фазы” ў жыцці нівы. 2. Ручнік з в. Фёдараўка Веткаўскага раёна. 1920 —1930-я гг. 3. Ручнік з пасёлка Гібкі Неглюбскага сельсавета. 1925 г. 4. “Вясновы” ланцуг ромбаў.