Станцыя “Брэст рамантычны”

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

2 кастрычніка адкрыў свой дваццаты сезон сімфанічны аркестр Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы. Апошнія пятнаццаць з іх калектыў узначальвае мастацкі кіраўнік сталічнага духавога аркестра “Няміга” Аляксандр Сасноўскі, які робіць рэгулярныя рэйсы Мінск — Брэст.

— За гэты час, — кажа дырыжор, — калектывам было падрыхтавана больш як 150 разнастайных праграм (падкрэслю: не канцэртаў, бо іх проста безліч, а менавіта праграм) класічнай музыкі, аперэты, разнастайных джазавых, эстрадных кірункаў. Шмат перайгралі мы і беларускай музыкі, у тым ліку найноўшай, знаёмячы з ёй тамтэйшую публіку. Узгадаю хаця б канцэртнае выкананне оперы “Мядзведзь” Сяргея Картэса. З аркестрам выступалі практычна ўсе вядомыя беларускія музыканты — ад знаных імёнаў да таленавітай моладзі.

Складаючы цяперашнюю праграму адкрыцця сезона, я зыходзіў з таго твора, які прапанаваў малады беларускі піяніст Віталь Стахіевіч, ужо добра вядомы ў свеце: Фартэпіянны канцэрт Шумана. Адпаведна, да яго захацелася далучыць іншых еўрапейскіх рамантыкаў і адцяніць узнёслы настрой больш драматычнымі ноткамі. Таму пачнуць канцэрт кранальная Восьмая сімфонія Шуберта і Трагічная ўверцюра Брамса. Утворыцца гэткая лінія “ад таямнічага паўзмроку да святла”. Ну а сам юбілей будзем святкаваць увесну. У аркестры сабраліся папраўдзе апантаныя музыканты, улюбёныя ў мастацтва. Дый сам Брэст — адзін з самых музычных гарадоў Беларусі…