Для чаго патрэбна лазенка?

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

Бабруйшчына: леапардавая кераміка “…Хутарка”

Ужо трэці год запар маляўнічы пасёлак Глуша, што на Бабруйшчыне, прымае ўдзельнікаў і гасцей Фестывалю народнай творчасці і рамёстваў “Глушанскі хутарок”. Восеньскі кірмаш ладзіцца на базе мясцовага Цэнтра рамёстваў аддзелам культуры Бабруйскага райвыканкама сумесна з Глушанскім пасялковым Саветам дэпутатаў. Ідэя была падтрымана сумесным праектам Еўрапейскага Саюза і ПРААН “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні”.

Сярод удзельнікаў фэсту — творчыя калектывы і салісты клубных устаноў культуры, майстры і ўмельцы, прычым не толькі з Бабруйшчыны, але і з розных куткоў Прыдняпроўскага краю.

/i/content/pi/cult/394/7929/2-1.jpeg

Яркай падзеяй, прымеркаванай да фестывалю, з’яўляецца і абласны семінар-практыкум па ганчарстве і кераміцы, ініцыяваны летась Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і культасветработы. Сёлета сваімі сакрэтамі ды напрацоўкамі з іншымі ўдзельнікамі семінара шчодра дзяліўся народны майстар Беларусі Юрый Боўда, а дапамагалі яму брат Валерый, майстры Аляксандр Арлоў і Сяргей Пашчанка. Іх досвед пераймалі керамісты-пачаткоўцы, сярод якіх — юныя ўдзельнікі дзіцячага калектыву “Глечыкі”, створанага на базе Цэнтра рамёстваў. У рамках семінара былі прадэманстраваны два традыцыйныя спосабы апрацоўкі керамікі — аднаўленне і абвар.

/i/content/pi/cult/394/7929/2-2.jpeg

Кожны з удзельнікаў семінара-практыкума прымаў актыўны ўдзел ва ўсіх стадыях апрацоўкі ўласных жа вырабаў з гліны, а самым актыўным былі ўручаны дыпломы. Сярод уганараваных — удзельнік дзіцячага калектыву “Глечыкі” Глеб Савін, трое сыноў майстра Аляксандра Арлова — Мікалай, Уладзімір і Максім, — яго жонка Анжаліка, а таксама маладая майстрыха з Асіповіцкага раёна Вольга Жарнасек.

Па прызнанні ганчара Юрыя Боўды, ён, як і іншыя керамісты, якія працуюць у пасёлку Глуша, стараецца ва ўсім прытрымлівацца традыцыйных тэхналогій.

/i/content/pi/cult/394/7929/2-3.jpeg

— Я раблю ўсё магчымае, каб людзі не забыліся на нашы спрадвечныя традыцыі, — зазначае Юрый Боўда. — Заўсёды распавядаю пакупнікам пра кожную ганчарную форму: яе гісторыю, прызначэнне, асаблівасці выкарыстання. Мой посуд служыць не толькі “для прыгажосці” — у ім можна гатаваць ежу, захоўваць вадкія і сыпучыя прадукты. А ў якасці сувеніраў раблю дакладныя мініяцюрныя копіі старадаўняга посуду. Я таксама рэканструяваў традыцыйныя ганчарныя формы, якія зараз забыты і амаль не ўжываюцца: халадзечніца, умывальнік і лазенка для запарвання зёлак…

Усе названыя ды іншыя вырабы ўдзельнікаў семінара карысталіся попытам у пакупнікоў пад час выстаўкі-продажу ў рамках фестывалю “Глушанскі хутарок”. Апрача гэтага, работнікамі раённага Цэнтра культуры была падрыхтавана працяглая культурная праграма. Праходзілі канцэртныя выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці, творчыя конкурсы: беларускай песні, канцэртна-гульнявых праграм і прыпевак. Былі арганізаваны экспазіцыі вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і тэматычныя падворкі ўстаноў Бабруйскага раёна, а раённы краязнаўчы музей падрыхтаваў выстаўку ручнікоў.

Вольга СЕМЧАНКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы

На здымках: у час фестывалю.