Што такое ініцыятыва?

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

РЭГІЁНЫ: майстар-клас крэатыву

Гэта, напэўна, імкненне пераўтварыць шэры будзень у феерычнае свята, інакш кажучы — жаданне творчай самарэалізацыі. Прычым жаданне пастаяннае, неўтаймоўнае і незалежнае ад памеру штомесячнага заробку. Так, не велічыня апошняга вызначае пакуль узровень прафесійнасці…

Словам, прыклады клубнага ды бібліятэчнага крэатыву, хоць і не сталі пакуль нормай паўсядзённай працы, але ж час ад часу прарастаюць ідэямі, праектамі ды канкрэтнымі акцыямі. І ўсё  — дзякуючы работнікам культуры, асобам па-добраму амбіцыйным ды самаахвярным.

Докшыччына: вытокі радзімазнаўства

Нядаўняе правядзенне Першага Абласнога экалагічнага свята “Квітней, мая зямля!” менавіта ў Докшыцах было цалкам абгрунтавана. У дадзеным райцэнтры, як вядома, бяруць вытокі рэчкі Вілія і Бярэзіна, на гэтай зямлі знаходзіцца водападзел Балтыйскага і Чорнага мораў. Мясціны, словам,  — надзвычай маляўнічыя, і захаванне іх першароднасці для нашчадкаў — самая актуальная задача для сучаснікаў…

/i/content/pi/cult/394/7928/1-1.jpeg

Экалагічнае свята адбылося. І — пры самым непасрэдным удзеле мясцовага аддзела культуры, які ніколі не вызначаўся адсутнасцю творчай ініцыятывы. Сярод шэрагу шматлікіх мерапрыемстваў быў і конкурс аўтаклубаўскіх праграм. У ліку іншых, перамог і докшыцкі клуб “на колах”. Начальнік мясцовага аддзела культуры Інга Журомская распавядае, што “пераможнай” аказалася дзіцячая экалагічная праграма “Ля вытокаў” — гульнявая, экскурсійная, скіраваная на выхаванне павагі да адметнасцей малой радзімы… Дарэчы, мясцовы аўтаклуб — установа, без перабольшання, мабільная: за тыдзень робіць каля дзесяці выездаў у маланаселеныя і аддаленыя паселішчы.

Століншчына: галерэйна-мастацкі акцэнт

Гаворка зараз — пра сумесную ініцыятыву. Аддзел культуры Столінскага райвыканкама і мінскія фотамастакі вырашылі стварыць… перасоўную мастацкую галерэю. Як тлумачыць начальнік аддзела Васіль Заруба, сутнасць ініцыятывы — у папулярызацыі мясцовых традыцый, брэндаў, славутых людзей — не толькі работнікаў культуры, але і яе спонсараў.

Мяркуецца, што фотавыявы аб’ектаў і асоб будуць аформлены на 30 — 50 планшэтах. Першая прэзентацыя галерэі адбудзецца неўзабаве ў ГДК, а далей выстаўка распачне “вандроўку” па раёне. Фінансуецца праект за кошт мясцовага бюджэту.

Наступная ініцыятыва — як працяг ужо агучанай мастацкай тэмы. Заслужаны дзеяч мастацтваў краіны Уладзімір Уродніч, ураджэнец Століншчыны, перадае ў дар землякам шэраг уласных палотнаў, якія адлюстроўваюць прыгажосць краю і тамтэйшых людзей. Плануецца, што адкрыццё “дабрачыннай” экспазіцыі адбудзецца напрыканцы кастрычніка ў Гарадскім доме культуры.

Зэльвеншчына: фальклорнае гучанне аграсядзіб

І зноў — пра сумесную ініцыятыву. Гаспадар аграсядзібы “Верас” Міхаіл Макей з вёскі Ёлка і начальнік аддзела культуры Зэльвенскага райвыканкама Галіна Раманчук вырашылі правесці рэгіянальны фальклорны фестываль “Сустрэча ў “Верасе”. Фінансавую падтрымку мерапрыемства без ваганняў узяў на сябе гаспадар аграсядзібы. Пакуль у асобных раёнах краіны работнікі культуры і па сёння разважаюць над пытаннем “Дзе пабагацець на мецэнатаў?”, у Зэльвенскім робяць канкрэтную дзяржаўна-прыватную і сацыяльна арыентаваную справу.

У справу гэтую спакваля ўцягваюцца суседзі. Да прыкладу, у фальклорным аграсядзібным свяце прымалі ўдзел творчыя калектывы не толькі з Гродзеншчыны, але і з Брэстчыны…

Як распавядае начальнік мясцовага аддзела культуры, супрацоўніцтва з прыватнікамі прыносіць плён і фермерам, і работнікам культуры: адпачынак на сядзібах набывае фальклорную “афарбоўку”, а работнікі культуры — неблагія “прэміяльныя” ад прыватнікаў. Найбольш актыўныя гаспадары аграсядзіб сталі яшчэ і своеасаблівымі экскурсаводамі на “зялёным” турмаршруце, распрацаваным у раёне не без удзелу работнікаў культуры.

На здымку: пад час Абласнога экалагічнага свята ў Докшыцах.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"