Планавалі-планавалі і… не “прабілі”

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

Ні для каго не з’яўляецца адкрыццём той факт, што супрацоўніцтва раённых аддзелаў культуры з памежнымі рэгіёнамі краін-суседак не толькі дазваляе культработнікам завязваць сталыя сувязі з украінцамі, расіянамі, літоўцамі, латышамі ці палякамі, але і дае магчымасць прадставіць нацыянальныя традыцыі за межамі рэспублікі, а таксама папрацаваць на імідж Беларусі на міжнароднай арэне.

Аксіёма ці праблема?

Праўда, не ва ўсіх памежных раёнах рэспублікі гэтую аксіёму разумеюць. Зазвычай культурныя сувязі з замежнымі краінамі зводзяцца тут да рэдкіх выездаў некалькіх прадстаўнікоў раёна (у першую чаргу — навучэнцаў мясцовых ДШМ) на пэўнае свята ці фестываль.

Наладзіць жа больш сур’ёзныя стасункі праз рэалізацыю сумесных праектаў для многіх аддзелаў культуры — праца часцяком складаная ды праблематычная. Таму і давялося, рыхтуючы матэрыял, патэлефанаваць не ў адзін раён Беларусі, каб дазнацца пра найбольш значныя мерапрыемствы ў сферы міжнароднага культурнага супрацоўніцтва.

Многія начальнікі аддзелаў пры згадцы аб падобных кантактах казалі пра тое, што плануюць актывізаваць іх у самай бліжэйшай перспектыве. Хтосьці наракаў на нястачу грошай для выезду калектываў за мяжу, а яшчэ нехта — на адсутнасць транспарту… Вядома ж, цяжкасці пры наладжванні міжнародных стасункаў прысутнічаюць. Але ж ці так складана знайсці той жа транспарт або “прабіць” гастрольную паездку за мяжу? Тут, хутчэй за ўсё, спрацоўвае прынцып, паводле якога культработнікі абмяжоўваюцца толькі правядзеннем мерапрыемстваў на тэрыторыі свайго раёна, не надта хвалюючыся за міжнароднае супрацоўніцтва ды імідж… Зрэшты, праблему з тым жа транспартам можна даволі лёгка вырашыць пры дапамозе мясцовых спонсараў і мецэнатаў. Так, дарэчы, робяць у многіх рэгіёнах Беларусі, дзе давялося пабываць цягам камандзіровачных выездаў…

Па майскай расе…

Аднак знайсці міжнародны крэатыўны праект у Брэсцкай вобласці ўдалося амаль адразу. Па словах начальніка аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама Надзеі Жук, культработнікі шчыльна кантактуюць з суседнімі рэгіёнамі Польшчы. Так, зусім нядаўна кобрынцы сумесна з супрацоўнікамі музея “Малая Бацькаўшчына”, што ў Студзіводах Падляшскага ваяводства, зладзілі сумесны этнаграфічна-фальклорны праект “Там, па майскай расе…”.

Цягам некалькіх месяцаў лепшыя фальклорныя калектывы раёна дэманстравалі палякам традыцыйныя абрады беларусаў. І гэтыя выступленні нашых бабуль і дзядуль, па словах Надзеі Жук, заўсёды выклікалі вялікую цікавасць.

Міжнародны праект, вядома ж, адным гэтым кампанентам не абмяжоўваўся. Пад час мерапрыемстваў праходзілі канферэнцыі, ладзіліся выстаўкі этнаграфіі, а таксама распаўсюджвалася друкаваная прадукцыя, што рэкламавала турыстычныя адметнасці Кобрынскага раёна… Усяго за час правядзення праекта, як распавяла Надзея Жук, у Польшчы восем разоў пабывала шэсць аўтэнтычных калектываў раёна.

А ў верасні на Беларусь завітаў маладзёжны фальклорны калектыў “Жэмэрва” на чале з дырэктарам музея “Малая Бацькаўшчына” Дарафеем Фіёнікам. Кобрынцы цягам трох дзён прымалі гасцей у дзесяці вёсках раёна. Вынікі фальклорных экспедыцый як у Студзіводах, так і ў Кобрынскім раёне ў самым хуткім часе будуць апрацаваны ды выдадзены на дысках.

Такіх бы праектаў, падобных да Кобрынскага, — ды ў кожным памежным рэгіёне Беларусі! На жаль, адшукаць аналагічны крэатыўны досвед, які, да таго ж, прапагандуе традыцыі нацыянальнай культуры, не давялося. І гэта сапраўды праблема, бо адсутнасць працы на імідж раёна натуральным чынам вядзе да таго, што пра культурныя здабыткі беларусаў за мяжой ведае не так ужо і шмат людзей.

Крэатыў на памежжы

Яшчэ адным шляхам для наладжвання супрацоўніцтва паміж краінамі можа стаць правядзенне міжнародных фестываляў. Як, напрыклад, у Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці. Сёлета, як распавяла кіраўнік раённай сферы культуры Людміла Дударава, у фэсце “Дняпроўскія галасы” прынялі ўдзел прадстаўнікі сямі краін свету, у тым ліку — дэлегацыя з украінскага паселішча Сурск-Літоўскае, што каля Днепрапятроўска.

Сама назва паселішча, звязаная, відавочна, са старадаўнімі ліцвінамі, як некалі называлі жыхароў беларускіх земляў, і сведчыць пра тое, што ў ім здаўна жывуць беларусы. І гэта сапраўды так. Справа ў тым, што Сурск-Літоўскае ўзнікла яшчэ ў XVIII стагоддзі, калі па загадзе расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ дубровенскія майстры былі пераселены на Украіну. Таму цяпер, як адзначае Людміла Дударава, дубровенцы аднаўляюць сувязі з суайчыннікамі.

Дык чаму б не ладзіць падобныя фестывалі ў тых суседніх і памежных з замежнымі краінамі рэгіёнах, у якіх яшчэ толькі падступаюцца да завязвання кантактаў на міжнародным узроўні? Прычым тэматыка падобных мерапрыемстваў магла б быць рознай: ад правядзення фальклорных святаў да выступленняў калектываў, што працуюць у сучасных музычных кірунках…

І наракаць на нястачу грошай у такім выпадку наўрад ці правільна. Як сведчыць практыка, пад падобныя мерапрыемствы фінансы знаходзяцца як у бюджэце таго або іншага раёна, так і ў прадпрымальнікаў, зацікаўленых у наладжванні сувязі са сваімі замежнымі калегамі. Справа толькі за ініцыятывай мясцовых культработнікаў. Але часцяком крэатыўнасці ў гэтым кірунку якраз-такі ў рэгіёнах і бракуе...

“К” прадоўжыць знаёміць чытачоў з міжнароднымі праектамі іншых рэгіёнаў краіны ў бліжэйшых нумарах.

Ю.Ч.