"Трукі" цырка

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

Зоркі арэны: вышыня, пяць піруэтаў і... чачотка

Белдзяржцырк адкрыў новы сезон. Праграма “Цырк працягвае здзіўляць” працягласцю ў дзве з паловай гадзіны запрашае гледача на сустрэчу са шматлікімі сусветнымі зоркамі цырка.

Пачынаюць яркую дзею сваім дынамічным нумарам Наталля і Сяргей Волкавы — гімнасты Вялікага Маскоўскага цырка на праспекце Вярнандскага. Крыху пазней да іх далучаюцца “Белыя птушкі” — артысты, якія лунаюць пад купалам і выконваюць сур’ёзныя і небяспечныя трукі: пералёты і сальта. Акрабаты Маскоўскага цырка Юрыя Нікуліна на Цвятным бульвары працуюць пад кіраўніцтвам Алішэра Аліева і прадстаўляюць, безумоўна, феерычны нумар.

/i/content/pi/cult/394/7924/3-1.jpeg

Да слова, шматлікія ўдзельнікі ўзнімаюцца “на вышыню”. І жывёлы тут — не выключэнне. Бясстрашныя коткі Наталлі Беражковай робяць гэта на канаце. У Мурада Абдулаева дрэсіраваныя малпачкі дэманструюць гімнастычныя практыкаванні, а мядзведзя, што стаіць толькі на пярэдніх лапах, паднімаюць на спецыяльнай пласціне.

Здзіўляюць гледача і жанглёры. Сяргей Ігнатаў з ЗША, выконваючы сола-жангляж, умудраецца яшчэ і адбіваць чачотку. А ўпартасці іспанца Антоніа Альварэса можна толькі пазайздросціць: пакуль не прадэманстраваў свой галоўны элемент — пяць піруэтаў — не пакідае манеж.

Чароўныя па сваёй прыгажосці і складанасці трукі выконваюць маладыя ды энергічныя акрабаты на рускай палцы (пад кіраўніцтвам Сяргея Грэчушкіна).

/i/content/pi/cult/394/7924/3-2.jpeg

Але і гэта далёка не ўсё! “Рэйнскае кола” Паўла Сінельнікава, дрэсіраваныя коні Штэфана Плешаяну, рамантычны дуэт паветраных гімнастаў Зоі і Уладзіміра Гароджыя...

Як пракаменціраваў галоўны рэжысёр прадстаўлення Серж Бандарчук, проста пашанцавала сабраць такую колькасць артыстаў замежнага цырка ў адной праграме! Паколькі шмат хто працуе ў перадфестывальным рэжыме, зоркі манежа ў свой невялікі перапынак змаглі прыняць удзел у прадстаўленні Белдзяржцырка.

“Цвіком” праграмы стаў нумар клоўна Армэна Асіранца, які працяглы час не выступаў перад публікай. Ён узаемадзейнічае з аўдыторыяй і зараджае пазітывам, нагадваючы, што ў цырку на самой справе робіцца чараўніцтва…

Вольга КАПУСТА, студэнтка 2-га курса Інстытута журналістыкі БДУ

На здымках: моманты прадстаўлення.

Фота Юрыя ІВАНОВА