Акордна і аркестрава

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

Як песня знайшла “нерв”

Рэспубліканскі конкурс эстрадных выканаўцаў “Белазаўскі акорд” уступіў у новую эпоху. Пачынаючы з сёлетняга, адзінаццатага па ліку, спаборніцтва, канкурсанты выступаюць з аркестрам. Ды не з якім-небудзь, а з Прэзідэнцкім пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна!

Першая спроба атрымалася вельмі ўдалай. Аркестр на чале з галоўным дырыжорам паказаў сябе як надзвычай чуйны акампаніятар. Для большасці спевакоў гэта была першая сустрэча з такім калектывам і, да ўсяго, “першы дубль” выканання з аркестравым суправаджэннем. Тым больш, што і аркестравых рэпетыцый было практычна дзве. А ўражанне — быццам усе канкурсанты іначай і не выступалі ў сваім жыцці, як з гэтым вялізным калектывам. Дадамо, што ў такім цалкам “жывым” варыянце гучалі менавіта беларускія песні. Некаторыя з іх, дзякуючы аранжыроўшчыку Льву Карпенку і ўважлівай працы музыкантаў-інструменталістаў, атрымалі новае жыццё. Невыпадкова спецыяльны прыз “За любоў да роднай песні” атрымаў не хтосьці са спевакоў, а сам аркестр.

/i/content/pi/cult/394/7919/1-1.jpeg

Ад такога тандэма конкурсу з Прэзідэнцкім аркестрам выйгралі ўсе. Салісты атрымалі рэдкую магчымасць (для кагосьці яна ўвогуле можа быць адзінай у жыцці) працаваць з цудоўным калектывам. Дырыжор “нагледзеў” сярод удзельнікаў спявачку, якую плануе запрашаць для далейшага супрацоўніцтва: ужо ў кастрычніку з аркестрам выступіць уладальніца Другой прэміі Наталля Кірэенка з Жодзіна (летась, дарэчы, яна атрымала спецыяльны прыз “За выканальніцкую самабытнасць” і, як бачыце, за год “дарасла” да лаўрэацтва, дзякуючы заняткам у Мінскім каледжы мастацтваў). Ну а працаўнікі БелАЗа (гэты конкурс, паводле традыцыі, прымеркаваны да Дня машынабудаўніка) і, шырэй, жодзінцы (бо адначасова тут святкуецца і Дзень горада) далучыліся да сапраўдных мастацкіх вяршыняў. У гала-канцэрце (а крыху раней — і на самім свяце) з аркестрам спявалі лаўрэат міжнародных конкурсаў, саліст оперы ў Амстэрдаме Анатоль Сіўко, дыпламант сёлетняга “Славянскага базару ў Віцебску” Луселіа Ролдан з Кубы, народны артыст Беларусі, Анатоль Ярмоленка, запрошаны як старшыня журы, ды іншыя зоркі. А што ж самі канкурсанты?

Праз “Белазаўскі акорд” за гады яго існавання прайшло больш за тысячу маладых спевакоў, але толькі 150 з іх сталі фіналістамі, атрымаўшы магчымасць скарыць белазаўскую сцэну. Так што заўсёдны добры конкурсны ўзровень — гэта яшчэ і заслуга арганізатараў на чале з дырэктарам Палаца культуры Генадзем Смольскім.

Выявіў конкурс і праблемныя зоны. Адна з іх — культура спеваў, наўпрост залежная ад падрыхтоўкі. Так, сёлета было значна менш крыку замест спеваў, затое больш асэнсавання. Лідарам адразу паўстаў Максім Трычук, за плячыма якога не толькі відавочная адоранасць і добрая спрактыкаванасць: шматлікія фестывальна-конкурсныя паездкі ў складзе Капэлы хлопчыкаў і юнакоў г. Брэста пад кіраўніцтвам Алы Ігумнавай, а пасля — яе ж гурта “Brest street boys”. Пад псеўданімам Макс Савін — паспяховы ўдзел і перамогі ў расійскім, украінскім, беларускім тэлепраектах, Гран-пры ў Сербіі ў 2010-м. Адчувалася і добрае музычнае выхаванне. Цяпер спявак займаецца па класе опернай салісткі Марыны Ліхашэрст.

/i/content/pi/cult/394/7919/1-5.jpeg

Наогул, сцэна выяўляе сапраўдны інтэлект і творчую індывідуальнасць. Можна, канешне, прычапіцца да таго, што абедзве конкурсныя песні былі аднапланавымі, вырашанымі ў жанры гэткага лірыка-драматычна-філасофскага раманса. Але ў кожнай кампазіцыі была такая глыбіня, што адно дзеля конкурснай разнастайнасці вымушаць маладога артыста танчыць “скакалачку” (а ён гэта, дарэчы, умее) не мела сэнсу. Менавіта дзякуючы яго выкананню лепшай на конкурсе прызнана песня Леаніда Захлеўнага на словы Леаніда Пранчака “Я магу купіць каханне”, якая знайшла свой сапраўдны нерв ледзь не праз 20-годдзе пасля стварэння.

Сярод іншых лаўрэатаў — выхаванка Тэатра эстраднай песні “Хвілінка” Марыя Салаўёва (Другая прэмія), якая ў адвольнай праграме замахнулася на рэпертуар Ніно Катамадзэ. Яе перамога — яшчэ адно пацвярджэнне плённасці ранняга далучэння да прафесіі.

Заўсёднай болевай кропкай эстрадных конкурсаў становіцца рэпертуар. “Белазаўскі акорд” робіць усё магчымае для пашырэння беларускамоўнага складніка. Нават выкладае на сайце спіс кампазіцый, якія гучалі раней, запісы лепшых з іх. Штогод ужо назаўтра пасля конкурсу, на заключным канцэрце, дырэкцыя выпускае CD з выступленнямі ўдзельнікаў. Дый самі ўмовы конкурсу скіраваны на беларускамоўны рэпертуар. Але ж сёлета журы вымушана назваць лепшай аўтарскай песняй… англамоўную кампазіцыю студэнткі Інстытута журналістыкі БДУ Паліны Цімохінай. Думаецца, калі да “Белазаўскага акорда” далучыўся Прэзідэнцкі аркестр, было б добра зладзіць на гэтай аснове і конкурс на лепшую беларускую песню. Пры падобных умовах у яго, пэўна, актыўна ўключыліся б прафесійныя кампазітары. А калі такое вылучэнне новых песень будзе адбывацца раней за вакальнае спаборніцтва, дык з аркестрам канкурсанты маглі б спяваць менавіта тыя прэм’еры — на свой выбар.

Сёння ў рэспубліцы папраўдзе не хапае добрых новых беларускамоўных песень, і дадзены конкурс мог бы зрушыць сітуацыю з мёртвай кропкі.

На здымках: моманты конкурсу; пераможца конкурсу Максім Трычук.

Фота Руслана АНАНЬЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"