Здымайце “…Маскі”, спадары!

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

Амаль тры тыдні ахоплівае Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТэАрт”, што распачаўся ў Мінску 2 кастрычніка. Але галоўная “статыстыка” гэтага фэсту не ў яго працягласці, а ў творчым начынні, якое складаюць чатырнаццаць спектакляў (тры з іх паказваюцца двойчы) з васьмі краін свету: Беларусі, Італіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Францыі, Эстоніі.

Праграма мае чатыры вектары. Адзін з іх — “Залатая маска” ў Беларусі: спектаклі, адзначаныя найпрэстыжнай Нацыянальнай прэміяй Расіі. Другі кірунак (самы, дарэчы, разгорнуты і аб’ёмны) — міжнародны, што яднае пастаноўкі з розных краін свету. Яшчэ адзін — нацыянальная прэм’ера: “Ладдзя Роспачы” паводле Уладзіміра Караткевіча, запланаваная як закрыццё фестывалю 20 кастрычніка. Нарэшце, маладзёжная off-праграма. Разнастайны і жанравы ахоп: ёсць і мюзікл, і пластычныя спектаклі, не кажучы ўжо пра драматычныя.

— Сёння ў рэспубліцы, — адзначыў пад час прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіл Казловіч, — восем буйных тэатральных праектаў. Але ўсе мы зацікаўлены, каб іх было больш, бо вельмі важна знаёміцца з міжнародным вопытам і пераймаць яго. Гэта і дапамагае рабіць “ТэАрт”, у тым ліку, не толькі ўласна на спектаклях, але і пад час майстар-класаў з вядучымі тэатральнымі дзеячамі свету…

Важнасць гэтага форуму, як заўважыў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных, яшчэ і ў фарміраванні пазітыўнага іміджа нашай краіны: “Тэатр — з’ява сінтэтычная, а форум — яднанне аднадумцаў. Бурлівае тэатральнае жыццё, уключанасць нацыянальнага мастацва ў сусветныя тэндэнцыі і захаванне сваёй самабытнасці спрыяюць устойлівай цікавасці да Беларусі”.

Арганізацыйныя цяжкасці, непазбежныя на любым фестывалі, ускладніліся яшчэ і тым, што тэрмінова давялося змяняць некаторыя сцэнічныя пляцоўкі. Нацыянальны акадэмічны музычны тэатр Беларусі, дзе былі запланаваны пяць спектакляў, па віне будаўнікоў не змог адкрыцца своечасова. Таму “Шэрбургскія парасончыкі” і “Мёртвыя душы” ішлі ў Цэнтральным Доме афіцэраў, сённяшні і заўтрашні пластычныя спектаклі з Польшчы перамясціліся ў Палац культуры МАЗа. Увогуле ж, у форуме задзейнічаны ўсе лепшыя тэатральныя сцэны сталіцы'

Н.Б.