Гран-пры атрымала аўтэнтыка

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

Рэспубліканскі кінафестываль беларускіх фільмаў, які завяршыўся ў Брэсце 2 кастрычніка, — своеасаблівыя кінематаграфічныя дажынкі, што адсочваюць дыніміку развіцця айчыннага кіно за апошнія два гады. Гэтым разам “ураджай” быў досыць прадстаўнічы: агулам у конкурснай праграме форуму ўзялі ўдзел больш за паўсотні айчынных стужак — ігравых, дакументальных, анімацыйных.

Даробак беларускага кіно за “справаздачны перыяд” куды больш аб’ектыўна выглядае збоку. Менавіта таму пачэсная роля старшыні журы была адведзена аўтарытэтнаму замежнаму госцю — віцэ-прэзідэнту Гільдыі кіназнаўцаў і кінакрытыкаў Расіі Леаніду Паўлючыку. Узяўшы слова на цырымоніі закрыцця форуму, ён рэзюмаваў вынікі сваёй работы:

— Фільмы фестывалю пераканалі мяне ў думцы, што беларускае кіно не проста існуе — яно абсалютна жывое, абсалютна крэатыўнае, дынамічна развіваецца. Гэта кіно, якое ўпэўнена заяўляе пра сябе не толькі ў беларускай прасторы. У вас ёсць жанравае, дзіцячае кіно, псіхалагічная драма, дынамічныя серыялы, экранізацыя класікі…

І тым не менш, пры гэткай разнастайнасці выбару галоўны прыз усё ж узялі дакументалісты — нібыта яшчэ раз пацвердзіўшы, што менавіта яны складаюць сапраўдны гонар беларускага кіно: Гран-пры фестывалю атрымаў фільм “Дрысвяты. Песня і лёс”, зняты рэжысёрам Міхаілам Жданоўскім на студыі “Летапіс” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”.

Фільм здымаўся ў невялічкім мястэчку на Браслаўшчыне, на самым ускрайку Беларусі. Далікатна пранікаючы ў ягоны мікракосмас, рэжысёр і аўтар сцэнарыя (абедве іпастасі спалучаны ў адной асобе) звяртае асаблівую ўвагу на аўтэнтычную народную культуру, што перадаецца з пакалення ў пакаленне, удала раскрывае характары каларытных персанажаў стужкі, выяўляючы багацце іх унутранага свету.

“Крыштальных буслоў”, гэтых своеасаблівых беларускіх “Оскараў”, атрымалі стужкі “Самотны востраў” Пеэтэра Сіма (лепшы ігравы фільм), “Усё, што нам трэба…” Івана Паўлава (лепшы тэлевізійны ігравы фільм), “Апошні ліст” Тараса Вашчанкі (лепшы неігравы фільм), “Чацвёрты апельсін. Пракоф’еў” Юліі Цітовай (лепшы анімацыйны фільм). Лепшым рэжысёрам у ігравым кіно быў прызнаны Аляксандр Яфрэмаў (тэлесерыял “Немец”), у неігравым — Віктар Аслюк (дакументальная стужка “Цяпло”). Журы адзначыла таксама і лепшых выканаўцаў мужчынскай ды жаночай роляў — Вераніку Пляшкевіч і Руслана Чарнецкага.

Спецыяльныя імянныя прызы, заснаваныя па ініцыятыве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, прызначаны падтрымаць маладое пакаленне кінематаграфістаў. Прыз “За лепшы дэбют у кінарэжысуры імя народнага артыста СССР, кінарэжысёра Віктара Турава” быў уручаны сёлетняй выпускніцы БДАМ Алене Чэкінай за стужку “Мільянер”. Рэжысёр Аляксей Макаранка атрымаў Прыз імя народнага артыста Беларусі Міхаіла Пташука “Момант ісціны” за лепшую студэнцкую работу.

Урэшце, яшчэ адна ўзнагарода папоўніла багаж “Самотнага вострава”: аператар фільма Вадзім Пацееў атрымаў імянны Прыз заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Юрыя Марухіна.