Сем азербайджанскіх цудаў

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

8 — 10 кастрычніка ў Мінску пройдуць Дні культуры Азербайджана ў Беларусі. Іх праграма складаецца з цырымоніі ўрачыстага адкрыцця, дзвюх выставак, паказу трох кінастужак і, галоўнае, класікі азербайджанскага балета — “Сямі прыгажунь” Кара Караева паводле аднайменнай паэмы Нізамі.

Старадаўнія гістарычныя помнікі і сучаснасць паўстануць на фотаздымках вядучых азербайджанскіх майстроў. Выстаўка аб’ектаў турызму, якая разам з фота змесціцца ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі, павялічыць, трэба спадзявацца, цікавасць патэнцыйных падарожнікаў. Фільмы “Дзе адвакат?”, “Заложнік”, “Сцяпняк” можна будзе паглядзець у кінатэатры “Перамога”.

А ў аўторак нас чакае новая рэдакцыя знакамітага балета. Пастаўлены ў 1952 годзе, у 2008-м ён набыў новае лібрэта, і замест звыклай казкі атрымалася прытча. З трагічным фіналам. І з па-ўсходняму тонкім філасофска-сімвалічным зместам, які данясуць артысты Азербайджанскага тэатра оперы і балета імя Мірзы Ахундава.

Н.Б.