Адкрыў яго міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка. Ён падкрэсліў, што развіццё музейнай справы ў нашай краіне з’яўляецца адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Сведчаннем таму — адкрыццё для наведвальнікаў Мірскага замка, Нясвіжскага палацава-паркавага ансамбля, Музея беларускай дзяржаўнасці. Згодна з планам, праведзены капітальныя рамонты ў Дзяржаўных літаратурных музеях Янкі Купалы і Максіма Багдановіча, Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, Гомельскім палацава-паркавым ансамблі ды многіх іншых установах.
Пад час пасяджэння абмяркоўваліся бягучыя пытанні падрыхтоўкі маштабнага і прадстаўнічага мерапрыемства, каб годна прадставіць усе здабыткі ды напрацоўкі ў айчыннай музейнай сферы як жыхарам Беларусі, так і шматлікім замежным гасцям, ды правесці Першы Нацыянальны музейны форум на самым высокім узроўні. У прыватнасці, узнімаліся тэмы спонсарскай падтрымкі, наладжвання актыўнай рэкламы Нацыянальнага музейнага форуму ў сродках масавай інфармацыі ды многія іншыя.
Як зазначыў начальнік упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Вярсоцкі, на ўдзел у форуме паступілі заяўкі больш чым ад 140 устаноў і арганізацый. Важным з’яўляецца і той факт, што ў мерапрыемстве плануецца задзейнічаць не толькі музейныя ўстановы сістэмы Міністэрства культуры Беларусі, а таксама — Міністэрства адукацыі, ды многія ведамасныя музеі.
Тое, што форум абяцае быць прадстаўнічым, пацвердзіла і намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры краіны Святлана Гаўрылава. Па яе словах, у Гродна прыедуць 25 міжнародных экспертаў у галіне музейнай справы з Нідэрландаў і Аўстрыі, Іспаніі і Германіі, дэлегацыі з краін СНД і Балтыі.
Праграма форуму — вельмі насычаная: за тры дні ўдзельнікі змогуць убачыць сотні прэзентацый лепшых музеяў краіны і замежжа, стаць сведкамі фіналу конкурсу “Музеі Беларусі — трэцяму тысячагоддзю”, наведаць навукова-практычныя семінары і “круглыя сталы” “Музейны маркетынг і фарміраванне нацыянальных брэндаў”, “Турыстычны патэнцыял музеяў”, “Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі” ды пабываць на многіх іншых мерапрыемствах. Акрамя таго, запланавана культурная праграма, якую прадставяць жыхарам і гасцям горада-музея творчыя калектывы Гродзенскай вобласці.
Таксама, гэтым жа днём, адбылося чарговае пасяджэнне журы конкурсу “Музеі Беларусі — трэцяму тысячагоддзю”. Як паведаміла “К” адразу пасля яго заканчэння Святлана Гаўрылава, члены журы разгледзелі конкурсныя работы і адабралі з іх лепшыя. Яны прымуць удзел у фінале.
Ю.Ч.